Пачаўся чарговы тур прыёму заявак на падтрыманне творчых праектаў і мабільнасці ArtPower Belarus, ён жа апошні для інстытуцыяў, а таксама індывідуальных праектаў, якія прэтэндуюць на фінансаванне ад 5000 да 60 000 еўраў.
Прыём заявак на міні-гранты і гранты мабільнасці працягнецца ва ўжо звыклым штоквартальным фармаце.
Заяўкі ўжо прымаюцца.
Дэдлайн падачы заявак — 13 лістапада 2023 года.
Старт рэалізацыі праектаў — не раней за 1 лютага 2024 года.
Максімальны магчымы тэрмін завяршэння праекту — 1 лістапада 2024 года.
Вынікі будуць вядомыя ў студзені 2024 года.
«Мы вельмі ўсцешаныя тым, што маем магчымасць падтрымаць найлепшыя культурніцкія праекты праз чарговы call for applications. Усведамляючы актуальнасць і відавочны рост попыту на падтрыманне беларускай культуры, мы бачым вялікую каштоўнасць як у прасоўванні аўтэнтычных нацыянальных праектаў, гэтак і ў спрыянні міжнародным творчым калабарацыям — найперш з культурніцкімі дзеячамі краінаў Балтыі і Паўночнай Еўропы. Мы спадзяёмся, што гэтая праграма будзе надалей спрыяць нараджэнню новых і ўдасканаленню ўжо існых праектаў. Мы заўсёды адкрытыя для супрацы на падмурку нашых агульных дэмакратычных каштоўнасцяў», — падкрэслівае рэгіянальная дырэктарка Дацкага інстытуту культуры ў краінах Балтыі і рэгіёне Балтыйскага мора Лізавета Дубінка-Гушча.
Беларускія творцы ў межах гэтага туру могуць прэтэндаваць на тры варыянты падтрымання:
— мідзі-гранты: ад 5000 да 60 000 еўраў;
— міні-гранты: ад 1000 да 5000 еўраў;
— гранты мабільнасці на паездкі, неабходныя для працы, навучання, даследаванняў, абмену досведам і прэзентацыі сваёй працы: сярэдняя сума — 2000 еўраў.
«Гэта конкурс не для тых, хто выехаў. І не конкурс для тых, хто застаўся. Нам падаюць заяўкі творцы як у Беларусі, гэтак і за мяжой, а таксама міксаваныя і мабільныя каманды беларусаў з розных краінаў. І кожная заяўка мае каштоўнасць. Спадзяёмся, што прыблізна такая прапорцыя захаваецца надалей, бо ўсе мы працуем у адной культурнай прасторы на карысць сваёй Айчыны», — адзначае кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.
Што адбываецца з заяўкамі, пададзенымі на конкурс?
На этапе прыёму з заяўкамі працуюць грант-менеджары Рэсурснага цэнтру Беларускай Рады культуры, якія сочаць найперш за правільнасцю запаўнення формаў.
Потым кожную заяўку ацэньваюць па два беларускія эксперты, якія выстаўляюць балы паводле пяці асноўных крытэраў : 1) адпаведнасць і актуальнасць, 2) якасць кантэнту і дзейнасці; 3) ахоп і распаўсюд, 4) якасць менеджменту і фінансавы патэнцыял выканання праекту, 5) ацэнка рызык.
Фінальнае рашэнне — падтрымаць праект ці не — прымае адборачны камітэт, які складаецца з трох прадстаўнікоў Дацкага інстытуту культуры, двух прадстаўнікоў Беларускай Рады культуры і запрошанага эксперта. Гэта Стэфан Эрыксан, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі.
Падрабязней пра ўмовы падачы заяўкі чытайце тут.
ArtPower Belarus — маштабная праграма падтрымання беларускай культуры. Яе рэалізуюць Беларуская Рада культуры і Дацкі інстытут культуры пры фінансавым спрыянні Еўразвязу. Распачалася ў кастрычніку 2022 года і будзе доўжыцца да лютага 2025 года. Галоўная мэта ArtPower Belarus — спрыяць свабоднаму самавыяўленню беларускіх дзеячаў мастацтва і культуры ў рэалізацыі іхных творчых праектаў.