Ганна Шакель у арт-праекце «Словы мацней»: «Я б хацела праходзіць скрозь людзей павевам ветру забіраючы іх чорныя плямы»»

У новым роліку арт-праекта «Словы мацней» свае вершы чытае паэтка і цымбалістка Ганна Шакель.


Арт-праект «Словы мацней» — гэта Беларусь галасамі сучасных беларускіх літаратараў.

 

Ідалка


1

я б хацела праходзіць скрозь
людзей
павевам ветру
забіраючы іх
чорныя плямы
з сабою

гэта метад дзеяння бога

а я зробленая сваімі рукамі
ідалка
перад якой стаяць
мае ж калені

2

у кожнага цэлы воз хэндмэйду

пернікавы дом дзяцінства
гербарый бабулінай смерці
спарыш былых стасункаў
вось мае каштоўнасці

бог як злодзей
прабіраецца ў жыцці
і крадзе што заманецца

ніхто не памятае злодзея ў твар
але паўсюль вісяць яго фотаробаты

увага, вышук
бог
узнагарода – бясконцасць

я не памятаю злодзея ў твар
я не памятаю што ён скраў

памяць

я не памятаю злодзея ў твар
я не памятаю што ён скраў
я не памятаю хто я

скрадзены фотаробат на пернікавым доміку

3

бясконцасць – кола
ганчарная кружэлка

потная гліна яго цела –
музыка для маіх рук

4

не за яго рэбраў краты
мяне пасадзілі
падумаць над сваімі паводзінамі

я верхняе рабро
трохкутнага кола

зусім не вядома
ці стане каню лягчэй
калі я злезу з воза


баба Маня
 
1

баба Маня нарадзілася
ў сям'і з палямі, сенакосам і лесам

бацька ведаў, як сабраць радыё,
і не жадаў ведаць ні кукарэку
ад чалавека
пад сталінавым партрэтам

радыё,
палі, сенакос і лес
забралі разам з бацькам

у сям'і нарадзілася ціша

пакой лішні
аддалі ў вайну партызанам

- Куды ідзеш, дзеўка?
- Мама па хлеб паслала, -
прыкрывала хусцінкай лекі.

агонь над хатай палаў,
як трох нямецкіх цукерак
абгорткі чырвоныя
некалі

пачтальёнкай
разносіла весткі
і благія, і добрыя:
жыццё як карова -
бела-чорнае

адбудоўваўся дом,
насаджваліся гароды,
малако калхозных кароў
вылівалася ва ўзнагароды


расхрыстаныя грудзі
квяцістага халата.
Беларусь -
тая самая хата


- Я сёння сніла бабу Маню.
- Да змен надвор'я, да туманаў.


2

я вуха,
я слімак мазгоў, схаваны ў ракавіне.
я ракавіна, што паглынае думак тваіх пясок.

я самкнутыя вусны,
твой пясок абрастае маёй перламутравай слінай.

я пярліна,
ты ў руках не трымаў нічога, цяжэйшага за мяне.
якія камяні,
якія жанчыны,
якое ўкаменаванне жанчын?

я сухое вока,
што бачыць, як слёзы іншых жанчын
плёскаюцца ля тваіх ног
і як ногі табе выціраюць іншых жанчын валасы.
я валасы, скручаныя ў спіраль,
я іх зыбкі вір.

я зыбкі пясок думак тваіх -
не пакінуць на ім ні следу.
я цень,
які слімаком за табой паўзе.

я прыпаўзла
намасціць цябе
сваёй сліззю,
а пясок праху твайго
узняўся бурай.


3

на руках
жанчыны
з дрэва
плод
са смакам
хлеба


Ганна Шакель — паэтка і перакладчыца. Нарадзілася 7 ліпеня 1998 года ў горадзе Маладзечна. Атрымала адукацыю ў МДЛУ. Навучалася ў Беларускім Калегіюме і Школе маладога літаратара «W/Rights». Публікавалася ў выданнях litaratura.org, «Маладосць» і «Дзеяслоў», брала ўдзел у праекце «ZRAMY». Ганна — пераможца конкурсу рукапісаў «Неба з сабой».

Паэзія Ганны — гэта прастора для лінгвістычных гульняў, спроба пераасэнсаваць свае карані з дапамогай фальклорных матываў, замоўнай мелодыкі вершаў.

Асобныя творы Ганны перакладзеныя на англійскую, нямецкую, украінскую, нарвежскую мовы.

У межах арт-праекта «Словы мацней» кожную сераду ў 20:00 на нашым ютуб-канале «Будзьма» выходзяць відэаролікі, у якіх сучасныя беларускія аўтары чытаюць свае творы.

Для каго гэты праект?

Для ўсіх, хто згубіўся ў сваім унутраным горадзе, каму не хапае энергіі, каму цяжка знайсці сілы і натхненне, каму баліць; для тых, хто не ведае, як выказаць свае пачуцці; для тых, хто верыць, і хто, ужо перастаў верыць; для тых, хто марыць, каб працягваць марыць; для тых, каму кожны дзень — змаганне, і для тых, хто перастаў ці ніколі не спрабаваў змагацца — усім-усім беларусам у Беларусі і за мяжой абавязкова для праслуховання.

Чаму?

Таму што гэтыя вершы — самы лепшы доказ таго, што словы мацней.

А яшчэ таму, што гэта сапраўднае відовішча — як аўтар чытае свой уласны твор — якое, між іншым, не так і лёгка ўбачыць ужывую ў сучасных умовах.

Глядзіце, натхняйцеся і дзяліцеся відэаролікамі!

Нагадаем, у першай частцы праекта «Словы мацней» сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ўціску за культурніцкія акцыі пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, чыталі творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы.

Для зручнасці мы сабралі ўсе ролікі праекта ў адзін плэйліст. Раім паслухаць. 

Глядзіце яшчэ:

Антон Рудак у арт-праекце «Словы мацней»: «Страшна было напачатку да першай бамбардзіроўкі»

Віталь Рыжкоў у арт-праекце «Словы мацней»: «Можа, і будзе тут іначай аднойчы, але пакуль занадта змрочна»


Барыс Пятровіч у арт-праекце «Словы мацней»: «Няма на гэтай зямлі нічога вечнага і нішто не нараджаецца зь нічога»