Вядомая беларуская паэтка Іна Снарская жыве ва Украіне некалькі дзясяткаў гадоў, з’яўляецца сябрам адразу двух саюзаў пісьменнікаў, украінскага і зліквідаванага беларускага. Нядаўна ў спадарыні Іны выйшла кніга прозы «Зачараваны скарб». Пагаварылі з ёй пра кнігу і прычыну пераходу з паэзіі на прозу, а таксама пра тое, як змянілася стаўленне ўкраінцаў да беларусаў і што варта рабіць беларусам для аднаўлення культурных сувязяў з украінцамі пасля сканчэння вайны.
— Нядаўна пабачыла свет кніга Вашай прозы «Зачараваны скарб», але Вас ведаюць найперш як паэтку. Ці не вайна сталася прычынай пераходу на прозу?
— Вайна толькі падштурхнула мяне заняцца кнігай прозы больш актыўна. У такі час усё непрадказальна, ёсць рызыка для жыцця. І ніхто не ведае, як усё складзецца, хаця, вядома ж, я была і застаюся аптымісткай.
Прозу пішу даўно, паралельна з вершамі, аднак лічу сябе найперш паэтам. Маё выяўленне ў прозе — гэта малыя формы, блізкія да паэзіі: абразкі, успаміны, замалёўкі, эсэ, кароткія аповеды. За гады назбіралася шмат недапісанага, маю нават пачатак рамана. Але вяртацца да старых накідаў не спяшаюся, хачу сказаць штосьці новае.
«Зачараваны скарб» пачаўся каля дзесяці гадоў таму, калі пайшоў з жыцця мой дзядзька Міхась Цімошчанка, апошні са старэйшых родных па маме. Вельмі яго любіла, трэба было запоўніць пустэчу ў душы, і я пачала пісаць белетрызаваныя ўспаміны — невялікія аповеды. Мне захацелася перанесціся думкай у вёску майго дзяцінства Сястронкі на Полаччыне, ажывіць тых, каго даўно няма, уявіць маіх суседзяў, сяброў. Ёсць у кнізе і цалкам мастацкія персанажы, але яны ўпісаліся ў кантэкст і зрабіліся рэальнымі. А галоўная гераіня — маленькая дзяўчынка, якой я сама была і нават цяпер застаюся, у душы. Гераіня існуе паралельна ў двух часовых вымярэннях, гэта надае гісторыям дадатковыя сэнс і глыбіню...
Мне падаецца, кожны, хто прачытае гэтыя тэксты, успомніць нешта сваё глыбака асабістае і атрымае стымул да ўласнай творчасці...
Яшчэ ў кнізе ёсць караценькая дакументальная аповесць, у аснове якой ляжыць гісторыя кахання маёй мамы, яе драматычны лёс...
Я шчаслівая, што кніга, нягледзячы на цяжкі час, выйшла па-беларуску і на маёй Радзіме.
Удзячная ўсім, хто дапамог ажыццявіць гэты творчы праект, а найперш Барысу Пятровічу. (Урыўкі з аповесці «Зачараваны скарб» яшчэ раней друкаваліся ў «Дзеяслове»). Дай, Божа, спадару Барысу здароўя і творчага плёну!
Хачу зрабіць і ўкраінамоўны варыянт кнігі, каб і тут яе прачыталі. Магчыма, украінамоўны варыянт будзе трохі адрознівацца ад беларускага, бо проста перакладаць мне не цікава.
На Ваша пытанне пра вершы адкажу так. Звычайна пішу, але патроху, не так актыўна, як на пачатку вайны. Тады вершы мяне ўратавалі, гэта была адзіная магчымасць не звар’яцець.
— У мінулай нашай размове Вы расказвалі, як яшчэ да лютага мелі прадчуванне блізкай бяды. Ці няма ў Вас зараз прадчування блізкай перамогі, калі ўсё часцей здараюцца буйныя поспехі ўкраінскага войска на фронце?
— Канечне, я веру, што Украіна пераможа! Цяпер ўсё больш падстаў для гэтай надзеі. Іншага не дадзена. Дабро і справядліваць павінны перамагчы! За нас увесь дэмакратычны цывілізаваны свет, гэта ж не проста прыгожыя словы. Вера ў тое, што ўсё ўрэшце будзе добра, мяне не пакідае. Спадзяюся на Бога і ЗСУ. Нашы думкі, малітвы і дзеі спрыяюць перамозе дабра, падтрымліваюць нашых абаронцаў штодзённа. Шмат людзей далучылася да валанцёрскага руху. Кожнае творчае мерапрыемства ў нашым горадзе (выставы, канцэрты, паказы фільмаў, спектаклі) суправаджаюцца зборам сродкаў для ЗСУ. Нават у садочку, куды ходзіць мой унук, дзеці малююць, робяць вырабы, нешта пякуць, а потым перадаюць праз валанцёраў усё гэтае дабро байцам на перадавую...
— Увесну Вы гаварылі, што першыя тыдні вайны вельмі хутка змянілі побытавыя звычкі мірных жыхароў. Цікава, як адаптаваўся побыт да ваеннага часу за паўгады? Ці вярнулася да людзей ахвота будаваць вялікія планы?
— Цаніць пабытовыя зручнасці пачынаеш толькі тады, калі яны абмежаваныя ці могуць наогул знікнуць. У сувязі з адключэннем святла з-за ракетных атак на інфраструктуру Украіны прывыкаем жыць па графіку. На ўсялякі выпадак запасаемся дровамі, дастаем з гарышчаў цёплыя коўдры і старыя пухавікі. Цяпло і святло — гэта вялікая раскоша.
Вучымся быць мужнымі, вучымся не стагнаць, не жаліцца на жыццё, бо ёсць тыя, каму значна горш, чым нам.
Мікалаеў, напрыклад, за 260 дзён вайны толькі 44 дні не абстрэльвалі. А Харкаў? Як там людзі спяць па начах? Радасна, што Херсон дзякуючы ЗСУ зноў стаў украінскім, але там няма святла і цяпла. А нашы мужныя воіны на перадавой? Штодзённая рызыка, штодзённы подзвіг...
Адносна планаў... Падчас вайны мы з мужам вучымся цаніць кожны пражыты дзень, садзім дрэвы, кусты, нешта аблаштоўваем на летніку, сустракаемся з дзецьмі й унучком, гаворым адно аднаму добрыя словы. Сумесная вячэра, нават з ліхтарыкамі або свечкамі, — нагода для радасці. Калі ёсць святло, намагаюся не губляць часу, працую як літаратар і журналіст: пішу, рэдагую, перакладаю, рыхтую да друку кнігі й публікацыі.
Шчасце, калі родныя жывыя, а ўсё іншае — не такая ўжо бяда, можна перажыць.
Але мне сёлета пашанцавала нейкі час пажыць за межамі Украіны і трошкі адпачыць ад ваенных цяжкасцяў. Калі пачалася вайна, мяне дужа падтрымлівала паэтка і перакладчыца Наталля Русецкая, запрашала ў госці, і на пачатку жніўня я вырашыла да яе паехаць, каб сустрэцца і адпачыць, перш за ўсё псіхалагічна.
З Наталляй мы пазнаёміліся больш за дваццаць гадоў таму на з’ездзе Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і з таго часу сябруем. Як яна жыла ў Беларусі, а я штогод прыязджала на Радзіму, то мы бачыліся часцей. А з той пары, як яна пераехала ў Польшчу, мы ўсяго толькі адзін раз сустрэліся ў Мінску... Амаль месяц я гасцявала ў Любліне, бліжэй пазнаёмілася з роднымі Наталлі, а з васьмігадовай яе дачкой Зосяй мы сталі лепшымі сяброўкамі. Яны ўзялі мяне з сабой у вандроўку: мы адпачылі ў Славаччыне, адведалі Вену, я бліжэй пазнаёмілася і з Польшчай, якую вельмі люблю.
Яшчэ адной вялікай для мяне радасцю было тое, што амаль цэлы месяц я размаўляла па-беларуску! Запомніліся словы Наталлі Русецкай: «Беларусь там, дзе я!». З гэтай думкай мне лягчэй ісці па жыцці, пісаць і верыць у перамогу.
— А ці моцна адрозніваецца сённяшняе, эмацыйна больш узважанае стаўленне ўкраінцаў да беларусаў ад імпульсіўнай рэакцыі першых тыдняў вайны?
— Сутнасна яно не змянілася. Шчыра кажучы, украінцам няма калі пра гэта думаць. Тут удзячныя кожнаму, хто змагаецца на баку Украіны, хто яе падтрымлівае хаця б маральна. Гэта факт. Так было і так ёсць. Я не раз выказвалася, што стаўленне часткі ўкраінцаў па прынцыпе «няма харошых беларусаў» — несправядлівае і памылковае. Вядома ж, мне як свядомай беларусцы гэта баліць. Але, спадзяюся, сітуацыя зменіцца, калі Украіна пераможа. Адновяцца культурныя сувязі, добрасуседскія адносіны.
Што могуць зрабіць беларусы сёння, каб паўплываць на такі стан рэчаў? Быць і заставацца БЕЛАРУСАМІ. Зберагчы сябе, сваю ідэнтычнасць, мову. І, вядома ж, не быць уцягнутымі ў адкрыты збройны канфлікт.
У сёлетнім падарожжы па Еўропе я не раз сустракала свядомых беларусаў, і мяне скарыла шчырасць гэтых людзей, іхная адданасць роднай мове, патрыятызм. А яшчэ я пазнаёмілася з маладзенькай дзяўчынай з Мінска, якая на плошчы Варшавы збірала сродкі на ЗСУ. Яна нібы вобраз адноўленай Беларусі, якой з Украінай па дарозе.
С. К., budzma.org