13 лістапада пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшло ток-шоў “Тэатр у Магілёве”. На яго прыйшлі тыя, хто рухае развіццё тэатральнага мастацтва: рэжысёры, акторы, адміністрацыя магілёўскіх тэатраў, крытыкі, — а таксама гледачы, якія “спажываюць” вынікі працы гэтых “рухавікоў”.
Калі вядоўца ток-шоў, тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў, запытаўся, ці ёсць сярод прысутных хоць адзін чалавек, які не наведвае тэатр, у зале павісла мёртвая цішыня. І так мы даведаліся, што на дыскусію прыйшлі самыя адданыя фанаты магілёўскіх тэатраў: яны ведаюць увесь рэпертуар, могуць назваць свае ўлюбёныя спектаклі, а таксама абмяркоўваюць тэатр за яго сценамі.
У дыскусіі бралі ўдзел і прыхільнікі лёгкіх камедый, і заўзятары артхаўсных пастановак, людзі, якія прагнуць эксперыментаў, і асобы, якім патрэбная класіка. Не хапала толькі аднаго — моладзі, якая б захаплялася тэатральным мастацтвам і змагла прывіць гэтую любоў да тэатра новаму пакаленню.
Адсутнасць у моладзі тэатральнага выхавання — адна з тэмаў, нават адна з праблемаў, якая вельмі горача абмяркоўвалася на ток-шоў “Тэатр у Магілёве”. З аднаго боку, Магілёўскі драматычны тэатр штомесяц праводзіць гэтак званыя “урокі эстэтыкі”, калі на спектаклі запрашаюцца школьнікі ці студэнты. З іншага боку, паход на спектакль разам з аднакурснікамі для многіх студэнтаў робіцца першым знаёмствам з тэатрам, адкрыццём. І гэта вельмі прыкра, што за 18 гадоў ніхто з сям’і не завёў дзіця ў тэатр.
“На ўроках эстэтыкі ў публікі нічога эстэтычнага няма, — прагучала прэтэнзія з залы. — Туды прыходзяць студэнты, якім тэатр не цікавы. Яны сядзяць у сваіх гаджэтах і нават не ўздымаюць галавы. І ім яшчэ даецца зніжка на квіткі. А чаму пенсіянерам зніжка не прадугледжаная? Астатнім гледачам на такі спектакль не трапіць, хаця нам гэта, у адрозненне ад падлеткаў, цікава”, — выказала сваё меркаванне глядачка.
Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць: “Як выкладчыца я вадзіла ў тэатр групы студэнтаў. Па гучнай сувязі іх тры разы папярэджвалі, што карыстацца тэлефонамі і планшэтамі забаронена, але яны не выпускалі гаджэты з рук. У такім выпадку я сама звярталася да дзяцей, і яны мяне разумелі. Я праводзіла анкетаванне сваіх студэнтаў — каля 80% былі ў тэатры ўпершыню. Адсюль і такія паводзіны: яны проста не ведаюць правілаў, бо ніколі раней не былі ў тэатры. Пасля спектакля мы ўсёй групай засталіся на абмеркаванне разам з акторамі і рэжысёрам. Гэта быў новы досвед у жыцці дзяцей. І я ведаю, што яны ўважліва глядзелі спектакль, бо пасля прагляду ўсе напісалі пра яго эсэ. Адной працы ў навучальных установах мала, трэба, каб дзяцей у тэатр вадзілі бацькі з самага дзяцінства”, — выказалася жанчына, якая прадставілася выкладчыцай у БРУ.
Рэжысёр і актор Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Уладзімір Пятровіч лічыць, што цяпер магілёўскім тэатрам трэба рабіць упор менавіта на маладую аўдыторыю. Цяпер, па яго назіраннях, у глядацкай зале сядзяць у асноўным мужчыны і жанчыны за 50. Калі б не ўрокі эстэтыкі, моладзь увогуле не ўбачылі б у тэатры. На думку рэжысёра, першаснай задачай на сёння ёсць выгадаваць маладое пакаленне, якое любіць тэатр.
Галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Саўлюс Варнас адказвае: “Кіраваць тымі, хто сёння сядзіць за камп’ютарам, усё роўна будуць тыя, хто чытае кніжкі і ходзіць у тэатр. Мастацтва і адукацыя — дзве розныя рэчы. Спектакль — не ўрок, а абмен энергіяй. Каб зразумець і палюбіць тэатр, трэба адчуваць унутраную смагу, патрэбу адкрыць для сябе нешта новае, даведацца пра самога сябе. Тэатр нельга ўспрымаць розумам, яго неабходна ўспрымаць на падсвядомым узроўні. Мне не важная колькасць гледачоў і хто яны, а важнае толькі тое, ці ёсць паміж акторамі і гледачамі абмен энергіяй”.
Другой адметнай тэмай абмеркавання стала беларуская мова ў тэатры. Алег Дзьячкоў згадаў беларускамоўны спектакль “Трышчан і Іжота”. Спектакль вельмі доўга прабыў у рэпертуары магілёўскага драмтэатра, пакуль не сышлі акторы, якім не знайшлося замены.
“Сёння ў драмтэатры ідуць два беларускамоўныя спектаклі, але чаму б не аднавіць калісьці вельмі запатрабаваны спектакль “Трышчан і Іжота”? Ён ішоў на беларускай мове і кожны раз збіраў поўныя залы”, — запытаў Алег.
Прысутныя на дыскусіі магілёўцы адразу ж выказалі меркаванні пра тое, што тэатр — гэта мастацтва па-за нацыянальнай культурай, у ім мова не грае ніякай ролі.
Тэатральны крытык Алена Мальчэўская лічыць: “Магілёў — не ўнікальны ў сваіх праблемах горад. З такімі ж пытаннямі сутыкаюцца ўсе беларускія тэатры. Але ў кожнага тэатра свая традыцыя: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў сталіцы грае сусветную класіку выключна на беларускай мове. Праблемаў зрабіць якасны пераклад няма. І гэтыя пастаноўкі карыстаюцца вялікім поспехам. Але ў Магілёве іншая аўдыторыя, і тэатральная трупа іншая. У Магілёве таксама маглі б перакладаць спектаклі на мову, але тут не склалася такая традыцыя”.
Цяпер у рэпертуары магілёўскіх тэатраў ёсць беларускамоўныя спектаклі. У 2018 годзе ў магілёўскім драмтэатры на галоўнай сцэне паставілі спектакль “Таямніца старой ратушы”, а на малой сцэне — спектакль “Жоўты пясочак” паводле апавядання Васіля Быкава. А ў рэпертуары магілёўскага тэатра лялек на дадзены момант шэсць спектакляў на беларускай мове: “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”, “Драма неверагодная”, “Сіняя-сіняя”, “Прыгоды Кабасі і Бакасі”, “Хохлік-гном”.
Саўлюс Варнас сказаў, што разумее жаданне магілёўцаў бачыць пастаноўкі на роднай мове, але, на яго думку, мова ў спектаклях неістотная:
“Іван Трус у кастрычніку ездзіў граць у Грузінскі тэатр імя Шоты Руставелі. Усе акторы ў спектаклі размаўлялі на грузінскай мове, і толькі адзін Іван граў па-руску ў грузінскім тэатры для грузінскага гледача. І ўсё нармальна, яго зразумелі. Публіка была шчодрая на апладысменты, а адміністрацыя тэатра запрасіла Івана застацца і працаваць у іх. І гэта яшчэ адзін доказ таго, што мова ў тэатры можа быць якая заўгодна. Галоўнае — гэта абмен энергіяй паміж акторамі і гледачамі, а ён не залежыць ад мовы”.
Але, як кажуць, глядач галасуе рублём. Таму госці ток-шоў “Тэатр у Магілёве” пацікавіліся, ці праўда тое, што на беларускамоўныя спектаклі квіткі раскупляюцца вельмі дрэнна. Абвергла чуткі і падзялілася рэальнай статыстыкай намесніца дырэктара драмтэатра па працы з гледачом Ірына Рабцава:
“Самая частая фраза, якую чуюць нашыя касіры ад гледачоў, — гэта “ой, нам бы што-небудзь адпачыць”. Людзі ідуць на лёгкія жанры. Сёння самымі запатрабаванымі спектаклямі ў драмтэатры з’яўляюцца камедыі. “Псіхааналіз — гэта мастацтва” — самы касавы наш спектакль. Але ён ідзе на малой сцэне, якая змяшчае максімум 80 гледачоў. Вялікая ж зала разлічаная на 300 месцаў, таму параўнанні неістотныя”.
Такім чынам дыскусія падышла да самай гарачай тэмы — канфлікту паміж камедый і артхаўсам.
“Мы адчувалі ўздым у 2005 годзе, — працягвае Ірына Рабцава. — За гэты год мы абслужылі рэкордную колькасць гледачоў — 85 тысяч. Заняпад мы адчулі ў 2016-м, калі за год да нас прыйшло ўсяго 70 тысяч гледачоў. Пры тым, што сярэдні паказчык — 75 тысяч”.
Рэжысёр і актор Уладзімір Пятровіч лічыць, што ў Магілёве часта бывае перакос: то зашмат камедый, то эксперыментаў, а мусіць быць усяго ў меру.
“Калі ўвесь рэпертуар узяць за 100%, — кажа Уладзімір Пятровіч, — то ідэальны тэатр складаецца з 25% класічных, 25% эксперыментальных, 25% сучасных і 25% замежных спектакляў. У 90-я гады ўсё, што мы рабілі ў тэатры, сышло ў нікуды. У нулявыя нешта пачало адбывацца, мы змаглі заявіць пра сябе на фестывалях. Пра нас даведаліся. Мы пачалі рабіць першыя спробы эксперыментальных пастановак, але глядач на іх не пайшоў. І так нарадзіўся міжнародны моладзевы форум “Март-кантакт”. Мы хацелі паказаць магілёўскаму гледачу, што тэатр можа быць розным. І дзякуючы “Март-кантакту” ў Магілёве змяніліся мы самі і змяніліся нашыя гледачы, цяпер нашыя эксперыменты прымаюць”.
За тыя 13 гадоў, што ладзіцца міжнародны тэатральны форум “Март-кантакт”, значна павысіўся ўзровень пэўнай групы тэатральных аматараў, якія могуць дазволіць сабе штогод наведваць па некалькі спектакляў форуму. Астатняя ж публіка засталася на вельмі нізкім узроўні ўспрымання тэатральнага мастацтва. “Акрамя станоўчых вынікаў ёсць і адмоўныя: дзякуючы “Март-кантакту” з’явіліся вельмі патрабавальныя гледачы”, — такая думка была агучана ў зале.
І ўсё ж такі магілёўскія тэатры маюць значныя поспехі. Па словах крытыка Алены Мальчэўскай, Магілёў сёння — адзін з самых выбітных рэгіёнаў у тэатральным мастацтве:
“Даказаць гэта вельмі проста, паглядзіце на праграму міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва “ТеART”, які праходзіць у сталіцы. Многія беларускія тэатры ніколі на ім не былі прадстаўленыя, а магілёўскія тэатры бяруць удзел у форуме тры гады запар. У 2018 годзе на “ТеART” быў прадстаўлены спектакль “Ліпень” магілёўскага драмтэатра, у 2017 годзе — спектакль “Сіняя-Сіняя” тэатра лялек, а ў 2016 годзе Магілёў прадстаўлялі адразу тры спектаклі: “Час сэканд-хэнд”, “Крэйцарава саната” і “На дне”.
“Магілёў — адзін з самых уплывовых рэгіёнаў у тэатральным мастацтве. Так адбываецца ў тым ліку дзякуючы такім асобам, як Саўлюс Варнас, Ігар Казакоў, Уладзімір Пятровіч. Магілёў заўсёды ў фокусе ўвагі тэатральных крытыкаў”, — зрабіла выснову Алена Мальчэўская.
Дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра лялек Уладзімір Андрэенка пагаджаецца з думкай, што асоба ў тэатры грае галоўную ролю.
“Я прыйшоў у тэатр лялек у 2008 годзе. Калі ў ім не было нічога: ні вокнаў, ні дзвярэй. Дзякуючы Ігару Казакову мы пачалі шмат ездзіць на гастролі. Так пра Магілёўскі тэатр даведаліся па ўсёй Беларусі і за яе межамі. Іншае нашае дасягненне — мы пачалі рабіць спектаклі для дарослых. Першым быў спектакль “Дзікае паляванне караля Стаха”. Цяпер наш узровень павысіўся настолькі, што мы маем у сваім рэпертуары спектакль “Сіняя-Сіняя” паводлн апавядання Уладзіміра Караткевіча. Гэта наш вялікі гонар. Спектакль вельмі высокага ўзроўню. Таму я лічу, што асоба і творчая група — гэта і ёсць сакрэт поспеху ў тэатральным мастацтве”.
Уладзімір Пятровіч дазваляе сабе не пагаджацца:
“Колькі ні кажы мы пра высокае мастацтва, усё ўпіраецца проста ў эканоміку. Мы жывём у краіне, якой тэатр не патрэбны. Мы жывём у часы планавай эканомікі: акторы і рэжысёры павінныя выконваць паказнікі па спектаклях, паказнікі па гледачах, паказнікі па ўсім. Пра якую энергію мы можам казаць у такіх умовах, калі акторы працуюць проста на знос. Я столькі разоў прасіў: не прымушайце вы нас рабіць гэтыя выезды ў вобласць. Мы не можам граць у тых умовах. Прыязджаеш у халоднае памяшканне, дзе няма неабходнага абсталявання і трэба ўжывацца ў ролю… Такіх выездаў можа быць вельмі шмат, яны сапсуюць графік акторам. Чаму нельга публіку з вобласці прывезці да нас у тэатр? І ім будзе лепей, і нам. А так — ідзе спустошванне актораў. Калі ў краіне не думаюць пра тэатр, то пра якое мастацтва размова”.
На думку Уладзіміра Пятровіча, ідэальны расклад выглядае так: зранку ў актора павінная быць рэпетыцыя, а ўвечары — спектакль. Але абавязак выязджаць у вобласць і працаваць там у непрыдатных умовах сапсуе гэты графік. Да таго ж прыкладаюцца мізэрныя заробкі актораў і рэжысёраў. Праблем шмат, акторы сыходзяць. Апошні прыклад — у лістападзе з драмтэатра сышлі Ганна і Руслан Кушнеры. Акторы звольніліся і паехалі працаваць у тэатр у Расію.
Цяжка размаўляць пра мастацтва, калі людзей — і супрацоўнікаў тэатраў, і гледачоў — турбуюць бытавыя праблемы. “Але калі тэатр захаваўся да нашых часоў — значыць, гэта патрэбна людзям, — кажа Алена Мальчэўская. — Нашая задача сёння — расказаць беларусам пра тэатр. Каб яны даведаліся, што ў жыцці яшчэ можна атрымаць і такі фан, як перажыванне эмоцыі тут і цяпер. У гэтым і хаваецца сэнс тэатра”.
Саўлюс Варнас таксама лічыць, што тэатр — гэта не рэальнае жыццё, а метафізічнае. “Тэатр — гэта сустрэча з самім сабой, гэта шок, гэта нешта не вядомае раней. Тэатр дапамагае чалавеку адрадзіцца. Тэатр дазваляе зразумець свой унутраны стан, але адказаў на пытанні, як жыць, ён не дае. Глядач павінен самастойна адшукаць усе адказы”, — кажа Саўлюс Варнас.
Ток-шоў “Тэатр у Магілёве” задумвалася як пляцоўка для абмеркавання вострых пытанняў, звязаных з тэатрам. Арганізатары сустрэчы — кампанія “Будзьма” — хацелі, каб удзельнікі ток-шоў змаглі прыйсці да нейкіх высноваў. Дыялог сапраўды адбыўся, кожны прысутны мог выказаць сваю думку і быць пачутым. Цяпер засталося зрабіць высновы.
Аліна Скрабунова, фота – Алесь Сідарэўскі