122 гады таму нарадзіўся паэт і празаік, якому наканавана было пражыць кароткае жыццё і стаць ахвярай крывавых сталінскіх рэпрэсій. Ева Арлова ў «Новым Часе» прапануе згадаць сёння добрым словам Анатоля Вольнага.
Анатоль Вольны. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
Паэт, празаік і драматург Анатоль Вольны ўсё жыццё быў шчыра адданы камуністычнай уладзе — уладзе, якая зжэрла яго жыццё і не падавілася. Але дзіўным чынам з-пад пяра Вольнага выходзілі і вельмі беларускія рэчы, адну з якіх мы прапануем вам прачытаць.
Ніколі добра не жылі, але не губляем надзеі пачаць — і бывае так, што за гэтую надзею плацім галавой. Такі лёс беларусаў, вечна заціснутых паміж больш моцнымі суседзямі, як паміж молатам і кавадлам.
Царская Расія не была да нас ласкавай — і таму яе зрыналі з асалодай і імпэтам, яшчэ не ведаючы, што гвалт нараджае гвалт, што на чужым няшчасці свайго не пабудуеш.
Ідэі «светлай камуністычнай будучыні» кружылі галовы маладым, якія з непадробнай радасцю кінуліся будаваць новую краіну, пакуль паралельна дабівалася, выразалася старая. Магу зразумець апантанасць, наіўнасць, шчырую веру і жаданне лепшага для сваіх людзей, але не магу зразумець вось чаго: як людское гора раскулачаных, сасланых, збяднелых, галодных, рэпрэсаваных і знішчаных апраўдвалася ў галовах і сэрцах палымяных пралетарыяў, якімі мэтамі і ідэаламі?
Я думаю пра гэта, калі спрабую паставіць сябе на месца беларускіх паэтаў, якіх пусцілі пад нож (а дакладней, расстралялі) іх жа калегі па «светлай мары». Іх жыцці абарваліся ў самы пік сталінскіх рэпрэсій, то-бок яны бачылі і перажывалі ўвесь жах сістэмы, якая канчаткова сфарміравалася як таталітарная — а значыць, на той момант ужо не мелі ілюзій. Наколькі балючым было для ўсё яшчэ маладых, але не такіх ужо гарачых і легкадумных празаікаў і паэтаў сутыкненне з гэтым бокам рэальнасці, развітанне з іх ідэаламі?
Анатоль Вольны быў якраз адным з такіх. «Краіна саветаў» была яго домам, у якім ён шчыра спрабаваў уладкаваць сваё месца — беларускае і па-беларуску. Гэтаму спрыяла нацыянальнае адраджэнне 1920-х, падчас якога Вольны выдаў тры зборнікі паэзіі (адзін — у суаўтарстве са сваім колішнім суседам па пакоі Андрэем Александровічам), адзін раман, некалькі аповесцей і нават кнігу фельетонаў (яго ўвогуле называлі «майстрам контррэвалюцыйных анекдотаў»).
Калі нацыянальная палітыка савецкай улады перамянілася не ў лепшы бок і пачаліся чысткі «нацдэмаў», паэт не разгубіўся — працягнуў працаваць на ніве культуры, але агульнасавецкага плана: апяваў рэвалюцыю і «будаўнікоў сацыялізму», выкрываў буржуяў і бюракратаў, стаў вядомым кінадраматургам, па сцэнарыях якога знялі знакавыя фільмы («Хвоі гамоняць», «Гатэль «Савой», «Шасцідзясятая паралель») — і нават заслужаным дзеячам мастацтваў БССР.
Што пайшло не так і чаму я цяпер пра яго пішу?
Вольнаму крылы падрэзалі якраз на гэтай вяршыні: у 1935-м ён атрымаў «заслужанага дзеяча», а ўжо ў 1936-м па яго прыйшлі — з абвінавачаннем у «контррэвалюцыйнай дзейнасці». Кнігі яго было загадана канфіскаваць з бібліятэк і крам і спаліць. Таталітарная савецкая сістэма не толькі выдатна ўмела знішчаць людзей так, каб ад іх не заставалася і следу, але і з прыемнасцю жэрла сама сябе.
Некаторыя творы Вольнага цудам захаваліся і дайшлі да нашага часу, і я хачу паказаць вам паэму, якая пабачыла свет у 1926 годзе ў зборніку «Чарнакудрая радасць» і якая праз 10 гадоў, у 1936-м, цалкам сабе магла пацягнуць на «контррэвалюцыйную дзейнасць». Нечакана — але, з іншага боку, і прадказальна — Анатоль Вольны напісаў пра Кастуся Каліноўскага, які сёння, праз больш чым восем дзясяткаў гадоў, таксама з’яўляецца ворагам улады і за якога могуць рэпрэсаваць.
Я назвала выбар героя «прадказальным» — але не таму, што гэта самы папулярны гістарычны персанаж ці ў нас іншых няма, а таму што Каліноўскі ўвесь быў пра волю, ён аддаў за яе жыццё. Аўтар паэмы пра яго ў сваім псеўданіме дэклараваў такое ж жыццёвае крэда — і заплаціў такую ж страшную цану за тое, што ўвесь час шукаюць беларусы і ніяк не знойдуць.
Анатоль Вольны (Анатоль Іўсцінавіч Ажгірэй) быў расстраляны 87 гадоў таму. Раніцай 30 кастрычніка 1937 года яго ўжо не было ў жывых — як і 131 іншага прадстаўніка беларускай інтэлігенцыі. Месца пахавання паэта — невядомае.
Кастусь Каліноўскі
(паэма)
І
Я ведаю Беларусь, што паўстанцкай куляю
Свішча:
«Вольнай
Хачу
Быць!»
І другую Беларусь — бабулю, —
Беларусь — край лучын і журбы...
Эх, старая,
Старая бабуля!
Дай мінуўшчыну ўспомнім сталёвую:
Колькі ў сэрца асаджана куляў
Ў грудзі нашых чароўных палёў?
Цяжка, цяжка было пад няволяю
Аўсом нашым паклоны біць...
...............
...............
Гэй, ды што-ж?
Усё здолеем, ж
Будзем песняй мінуўшчыну біць.
Я ведаю Беларусь ды буйную,
Што ў паўстанні хмялее ўсё болей,
І другую Беларусь — бабулю,
Пакуль рукі не ўзьніме для боек.
II
Была ночка
Галодная,
Зімняя,
Ваўкоў бегла болей і болей...
Ваўку што ў гэтым краі сінім,
Калі ён ўвесь напоены боллю?
Ой, баяліся й сівыя воўкі,
Іскрамётна лучынілі вокам
І кружыліся шэрыя бойка,
Каб і іх хто ня з’еў ненарокам...
І вось ў гэтыя дзікія ночы
Чуткі дзіўныя нехта прывёз,
Чуткі сэрца вясковае точаць:
Імі хмеляцца хмурыя вёскі...
Чуткі,
Чуткі:
— Прышоў вызваліцель.
Ён — мужык, значыць, будзе удача,
Упарты,
Як бронзавы злітак.
Ён спасе Беларусь —
Не іначай!
III
КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ
Бедната!
Смялей шаг!
Ярчэй выгляд!
Зернем буйным галовы раскінуць!
Беларусь — паном не быдла, —
Альбо жыць, альбо ўсім загінуць...
Адзін раз на свет радзіцца,
Адзін раз захмялець мятульгой,
Дык пойдзем-жа, пойдзем-жа біцца,
Хто з сякерай, хто з голай рукой.
Няхай ведаюць ўсе: беларусы
«Ў ката й мышку» не любяць гуляць
І свае галовы русыя
Не задарам будуць кідаць.
Бедната!
Смялей шаг!
Ярчэй выгляд!
Зернем буйным галовы раскінуць!
Беларусь — паном не быдла, —
Альбо жыць, альбо ўсім загінуць...
IV
СЕРАКОЎСКІ
— Стой!
Твае словы паўстаннем палаюць,
Хто яшчэ ў гэту ноч так гаворыць?
Што за словы, што думкі ўздымаюць
І калышуць праменнямі зор?
Мужыч‘ё!
Вы не верце прахвостам, —
Мы таксама аб волі вам дбаем,
Толькі гэта не так ужо проста,
Толькі й шляхту усё-ж паважаем...
Мы вам кажам ад імя жонду,
Жонду белага — моц мае ён...
Ну, дык хто-ж там законы піша
І пужае на плоце варон?..
V
КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ
— Ні слова!
Сказаў і досыць
Канарэйкамі песні пець.
Сэрца торбаю помсту носіць,
І не хочам мы болей цярпець.
Нам не разам у гэтым змаганні, —
Будзем разам мы хіба ў надгроб’і.
Дапаможа шляхта паўстанню
Так, як кашаль ліхой хваробе.
Бедната!
Смялей шаг!
Ярчэй выгляд!
Зернем буйным галовы раскінуць,
Беларусь — паном не быдла, —
Альбо жыць, альбо ўсім загінуць!
VI
Ад Дняпра і да самай Віслы
Вецер,
Вецер
Гуляе
Са свістам,
Вецер
Са свістам,
Гуляе.
Вецер хмурыць
Свае скроні.
Вецер круціцца
Па гонях...
Вецер! Родны мой вецер!
Паглядзі, што робіцца ў свеце,
Родны мой вецер!
Паглядзі:
Ўсе бары ў завірусе.
— Рэволюцыю заварыць!..
І такія лапцюжныя, русыя
Пра
«Слабоду»
Хочуць гаварыць.
Слабода!..
Слабода!..
Што трэба нам болей?
Ой, гэта слабода,
Як вецер у полі...
Ад Дняпра
І да самай Віслы
Вецер,
Вецер
Гуляе
Са свістам,
Вецер
Са свістам
Гуляе!
Беларусь маўчыць і церпіць, —
Песняй плёскае ціха журбу,
А паўстане — да самай смерці
Беларусь не сагнуць у дугу...
VII
Ой, ці вольна жыць
Ці загінуць нам, —
Ой, працоўны люд.
Свістані з пляча!
Будзем песняй біць
І нажом садзіць:
Альбо згінуць усім,
Альбо — ўсё здабыць!
Галавою стой,
Беларусь мая!
Гэй, ды з песняй у бой
Ой, сярмяжная!
А маскоўскі цар
Сцеле мякка нам.
Беларусь мая, —
Ёй я ўсё аддам.
Беларусь за «ўсё»
Вельмі дзякуе...
Ці —
Слабодная!
Ці —
Ніякая!
VIII
МУРАЎЁЎ
Хто пасмеў Расіі не верыць?
Хто паўстаў супроць Русі?
Ой, каго звар‘яцеўшае сэрца
Так чырвона ў грудзёх брусніць?
Выдаць!
Выдаць мяцежных прахвостаў,
Што паўсталі на царскіх дварах.
Іх галовы пасыпяцца просам.
Звар‘яцеўшая, шэрая рвань!
Я павешу мяцежную банду,
Банду дзікіх галодных сабак.
Я зраблю ім крывавую ванну,
Што пасмелі Расію скубаць.
Загарэліся вы валежнікам;
Хай-жа вас цяпер пацкуюць...
Злавіць трыццаць любых начлежнікаў
І павесіць на першым суку!
IX
Восень пырскае срэбнымі ніткамі;
Ў вочах
Восені
Вокрыкі
Водгулля.
Пад шэрымі сьвіткамі
Трыццаць дрэў —
Згорблена!..
Вёскі,
Вёскі!
Лапцюжныя прэрыі!
Зацвілі вы ў зімовую плынь,
Пад пятлёю Расійскай імпэрыі
Расцвітае толькі палын,
Абарвалася песня амаль што,
Напаіўшы ўсе словы крывёй!
Ой, закінуў намылены «гальштук»
Па-над вёскамі — Мураўёў.
X
КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ
Можа хто баіцца кулі
Ды ад жару хаваецца ў цень?
А мы спіны даволі гнулі
І ўсё чулі «двадзесце пеньць!»
Хто пачуў толькі гэтыя словы,
Той шануе мужычую волю.
Нам не шкода свае галовы
Параскідаць, як зерні, па полі.
Многа было, ды мала засталося:
Не разбіць нам сягоння паноў.
Столькі зерняў як маюць калоссі,
Колькі выбіта нашых галоў.
Мы не ведаём заўтра — устаць ці нам,
Не знасіць нам буяных галоў:
— Хай-жа ўспомніць на прызбе нас спадчына
Жменькай
Простых
Вясковых слоў.
Будуць помніць, хто голавы звесіў,
Іх успомняць сардэчнаю ласкаю.
Мы — апошнія з першых буравеснікаў,
Мы — апошнія з першых ластавак.
XI
Эх, Кастусь,
Наш таварыш буяны!
Ў гэты сіні асенні вечар
Паглядзі;
Зарасло ўсё бур‘янам
Па шляху да нашага веча.
Паглядзі:
Вунь дзве зоркі скаціліся,
Воран карканнем сціхнуць радзіць,
Нават коні табунамі збіліся...
Ой, ды нехта паўстанню здрадзіць.
Мы з табою, вядома, да смерці.
З нас не просіць ніхто:
Пажыць бы...
Снапоў меней па торпах, павер ты,
Чым на хвоях галоў мужычых.
XII
Плакалі белыя топалі
Жоўтым! лісцямі;
Будзе зданне...
Коньмі маланкі топалі
Ў чорна-бурным убранні.
Абрываюцца песні і словы —
Петлі,
Петлі
Рэжуць галовы;
Яны падаюць, —
Дзе іх падзеці?
Гэта Беларусі лепшыя дзеці...
Бедныя!
Бедныя
Вёскі!..
XIII
КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ
Селяніну вісець лепей з намі,
Чым да пана з паклонам хадзіць.
Вісець лепей разам з снапамі,
Чым на пана снапы вазіць,
Катаваць мужыкоў — вось адказ іх.
Паляць сэрцы прагорклыя словы.
Толькі гэты панскі указ
Для беларуса — не новы!
XIV
Я над песнямі сваімі летуценіў,
Летуценіў, зажурыўся не да рэчы.
Ой, чаго-ж так страшна ляглі цені:
Атруцілі сэрца нечым.
Павялі з сумнай Беларусі,
Павялі з Лукішак ў час світання.
Мы і сягоння помнім словы
Што апошнімі сказаў Кастусь:
«Браткі мае, Беларусы,
Ад шыбельніцы маскоўскай
Шлю вам сваё —
Прывітанне!»
І скрозь шэрань нашых вёсак
Нібы чую плач вайсковых труб,
Вочы шэрыя, упартую чупрыну
І пад лапамі збялеўшай ад бяды асіны —
Сіні
Труп
Нібы бачу я; глядзіць ён шэрым вокам
На другую частку паднявольнай Беларусі,
Мужыкоў склікае ён навокал
І, як некалі, гаворыць ім Кастусь;
— Бедната!
Смялей шаг!
Ярчэй выгляд!
Зернем буйным галовы раскінуць!
Беларусь, паном не быдла, —
Альбо жыць, альбо ўсім загінуць!