“Жылі мы з дня на дзень, вечныя чужынцы, птушкі без гнёздаў, у якіх надзея была толькі на Бога”, — піша ва ўспамінах Ларыса Геніюш пра сваю сям’ю, якую воляй лёсу кідала па свеце. Успаміны — гэта, па сутнасці, гісторыя пакалення беларусаў, якія былі “вечнымі чужынцамі” — у II Рэчы Паспалітай, у Чэхіі і ўрэшце ў Сібіры.
Аддаючы даніну памяці выдатнай дачцэ беларускай зямлі Ларысе Геніюш, Беларускае гістарычнае таварыства ў Польшчы і Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org, выдала яе ўспаміны “Птушкі без гнёздаў” аўдыёкнігай. Успаміны Ларысы Геніюш агучыла народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
Прэзентацыі выдання адбудуцца:
у Горадні — 5 лістапада 2012, 18:30 — вул. Будзённага, 48а, зала №38
у Мінску — 6 лістапада 2012, 18:00 — галерэя “Ў”, пр-т Незалежнасцi, 37а
Уваход на імпрэзы вольны
У сустрэчах возьмуць удзел: народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, бард і аўтар песняў на словы Л. Геніюш Алесь Камоцкі, даследчык яе творчасці Міхась Скобла.
Кожны прысутны атрымае ў падарунак аўдыёкнігу “Птушкі без гнёздаў”.
Прэзентацыя аўдыёкнігі Ларысы Геніюш у Горадні адбудзецца пры падтрымцы кніжнай серыі “Гарадзенская Бібліятэка”, у Мінску — пры падтрымцы Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Аўдыёкніга “Птушкі без гнёздаў” пабачыла свет у межах праекту “Памяць па-над часам і межамі”. Таксама неўзабаве ўспаміны Ларысы Геніюш выйдуць у перакладзе на польскую мову. Над тэкстам працаваў адзін з найлепшых перакладчыкаў Чэслаў Сэнюх. Польскі варыянт кнігі будзе ўзбагачаны архіўнымі фотаздымкамі, з якіх частка дагэтуль нідзе не публікавалася, а таксама грунтоўнымі каментарамі гісторыкаў.
* * *
Ларыса Геніюш нарадзілася 27 ліпеня (9 жніўня паводле старога стылю) 1910 года ў маёнтку Жлобаўцы каля вёскі Воўпа Гарадзенскага павета Гарадзенскай губерні. Скончыла Ваўкавыскую гімназію (1928). У 1937—1948 жыла ў Празе. У сакавіку 1943 стала генеральным сакратаром урада і займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР. 5 сакавіка 1948 арыштаваная з мужам у Вiмпэрку (Чэхiя) і 12 жніўня перададзеная савецкім уладам. Утрымліваліся ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 — у турме ў Мінску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў міністр Дзяржбяспекі БССР Л. Цанава, які беспаспяхова патрабаваў ад яе перадаць ім архівы БНР. У лютым 1949 Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволення ў лагерах. Пакаранне адбывала ў лагерах Iнта і Абезь (Комi АССР) і ў Мардоўскай АССР. У 1956 разам з мужам часткова рэабілітаваная, тэрмін пакарання зменшаны да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду. Пасля вызвалення пасяліліся на радзiме мужа ў Зэльве. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства. Памерла 7 красавіка 1983 у Зэльве, дзе і знаходзіцца яе магіла.