Прэзідэнцкую ўзнагароду ўручаюць у ЗША тым, хто аддаў валанцёрскай службе заўважную частку свайго жыцця. Залаты медаль за 2023 год атрымаў гомелец Вячаслаў Бортнік. «Штодзень» паразмаўляў з ім пра ўзнагароду і валанцёрства.
Вячаслаў Бортнік. Фота: з архіва героя публікацыі
«На працягу ўсёй гісторыі нашай краіны амерыканская гісторыя ўмацоўвалася тымі, хто спалучае ў сабе аптымізм у дачыненні да таго, што можа быць, і стойкасць, каб увасобіць гэтае бачанне ў рэальнасць», — было сказана ў суправаджальным лісце з Белага дому.
Ад імя амерыканскага народа Вячаславу выказалі шчырую ўдзячнасць за яго «добраахвотную лідарскую ролю» і заклікалі «працягваць адказваць на заклік служыць», бо «краіна разлічвае на вас».
— Вячаслаў, што гэта за ўзнагарода і каму яна ўручаецца?
— Прэзідэнцкая ўзнагарода за валанцёрскую службу была заснавана ў 2003 годзе Прэзідэнцкім саветам па службе і грамадзянскаму ўдзелу, каб прызнаць важную ролю валанцёраў у жыцці і нацыянальнай ідэнтычнасці ЗША. Гэта ўзнагарода ўшаноўвае людзей, чыя служба станоўча ўплывае на супольнасці ва ўсіх кутках краіны і натхняе навакольных на дзейнасць.
Яна ўручаецца пры любой адміністрацыі, ушаноўваючы добраахвотнікаў, якія выкарыстоўваюць свой час і таленты для вырашэння некаторых з самых складаных задач, якія стаяць перад краінай.
— Ці ўпершыню ты атрымаў такую адзнаку?
— Гэта мая пятая Прэзідэнцкая ўзнагарода за валанцёрскую службу. Першую (срэбраную) атрымаў у 2000-м, яшчэ пры Трампаўскай адміністрацыі. У гэтым годзе ўпершыню атрымаў золата.
Залатая ўзнагарода ўручаецца за больш чым 500 валанцёрскіх гадзін, што прыблізна 10 гадзін на тыдзень.
Усё маё жыццё — гэта збольшага валанцёрства, з самага дзяцінства. Былі гады ў маёй біяграфіі, калі валанцёрства было значна болей, чым працы за грошы. Напрыклад, я 25 гадоў валанцёрыў у Amnesty International.
— А дзе праходзіла твая валанцёрская дзейнасць у мінулым годзе?
— У мінулым годзе валанцёрыў у розных беларускіх і ўкраінскіх арганізацыях, нашай прафесійнай асацыяцыі (вырабляў штомесячны часопіс і вёў сацсеткі), прадстаўляў экспертную падтрымку праваабарончым арганізацыям, займаўся ментарствам, падтрымліваў мясцовыя арганізацыі, якія дапамагаюць апынуўшымся ў нядолі, а таксама бяздомным жывёлам, валанцёрыў у любімым тэатры.