З Пакроўскага кафедральнага сабора ў Гродне зніклі абразы новапакутнікаў. На іх — святыя, якія пацярпелі ў ХХ стагоддзі ад бальшавіцкага рэжыму, а таксама іх каты — чырвонаармейцы і чэкісты, піша «Наша ніва» з спасылкай на тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».
Восем такіх абразоў размясцілі ў 2006 годзе ў цэнтральным нефе.
Гродзенскія абразы раздражнялі мясцовую ўладу і актывістаў, самай гучнай з якіх стала «інфаказачка» Вольга Бондарава. Ад арцыбіскупа Арцемія (Кішчанкі) патрабавалі іконы зняць — ён гэтыя патрабаванні ігнараваў. Адстаяць іконы для яго значыла адстаяць незалежнасць Царквы, піша тэлеграм-канал.
Цяпер з Гродна даходзяць звесткі, што два з васьмі абразоў зніклі. Гэта выявы свяшчэннамучанікаў Уладзіміра, мітрапаліта Кіеўскага (закатаваны ў 1918-м) і Веніяміна, мітрапаліта Петраградскага (расстраляны ў 1922-м).
Афіцыйна ў Гродзенскай епархіі знікненне абразоў не каментавалі.