«Мы глядзім на Беларусь і не перастанем пытацца: дзе гэтыя людзі?», — гаворыцца ў лісце сусветна вядомых творцаў.
freepik.com
Прыводзім адкрыты ліст цалкам:
«Марыю Калеснікаву асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у кампаніі супраць дзейнага на той момант прэзідэнта Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ў Беларусі. Гэта злачынства? Ці ў Крымінальным кодэксе для гэтага ёсць нейкія артыкулы? Дыктатар не патрабуе ніякіх законаў для арышту. Выбары — гэта толькі магчымасць паказаць, што галасаваць няма за што. Хто гэтага не прымае, той знікае ў калоніях — адны ў ізалятарах, іншыя ў карцарах.
У такіх умовах Марыя Калеснікава захварэла і ў лістападзе 2022 года атрымала разрыў страўніка. Тэрміновая аперацыя выратавала ёй жыццё. Яна павінна была заставацца на лячэнні. Нягледзячы на гэта, у пачатку гэтага года яе зноў адправілі на прымусовыя работы ў папраўчай калоніі № 4 у Гомелі. Яна была ўжо вельмі слабая і ўвесь час губляла прытомнасць. З лютага гэтага года яна знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. Не атрымлівала ні лістоў, ні званкоў, ні візітаў. Нікому не дазволена ведаць, дзе яна і як у яе справы. Яна знікла з твару Зямлі.
Але знікла не толькі Марыя Калеснікава.
Таксама знік яе паплечнік, адвакат Максім Знак — асуджаны на 10 гадоў за ўдзел у працы Каардынацыйнай рады.
Таксама і Віктар Бабарыка — асуджаны на 14 гадоў зняволення за тое, што ў 2020 годзе наважыўся балатавацца супраць Лукашэнкі. У лагеры яго збілі і шпіталізавалі ў лякарню з пашкоджаннем лёгкага.
Знік асуджаны на 18 гадоў Сяргей Ціханоўскі. Да яго жонкі Святланы Ціханоўскай, лідаркі беларускай апазіцыі, з якой Марыя вяла кампанію, дайшлі чуткі, што Сяргей памёр у лагеры. Ніхто не ведае, што з ім здарылася.
Таксама знік без вестак асуджаны на 15 гадоў блогер і журналіст Ігар Лосік.
Зніклі дзясяткі іншых палітвязняў.
Лукашэнка, Вы забяспечваеце сваю ўладу толькі гвалтам. Поўная ізаляцыя зняволеных — гэта катаванні. Але зняволеныя не ваша ўласнасць. Слова «чалавечнасць» страціла для вас усялякі сэнс?
Мы глядзім на Беларусь і не перастанем пытацца: Дзе гэтыя людзі?»
Ліст падпісалі:
Герта Мюлер, пісьменніца, Берлін, Нобелеўская прэмія па літаратуры 2009
Маргарэт Этвуд, пісьменніца, Таронта, Прэмія міру нямецкага кнігагандлю 2017
Даніель Барэнбойм, дырыжор і піяніст, Берлін, ордэн Pour le Mérite, 2015
Вольф Бірман, бард, Берлін, Прэмія Авідзія 2022 (перададзена Марыі Калеснікавай)
Дурс Грунбайн, пісьменнік, Прэмія Георга Бюхнера 1995
Гідон Кремер, скрыпач, Рыга, ордэн Pour le Mérite 2016
Эльфрыда Елінек, пісьменніца, Вена, Нобелеўская прэмія па літаратуры 2004
Ігар Левіт, піяніст, Берлін, Opus Klassik 2022
Петэр Надаш, Бедапешт, Лейпцыгская кніжная прэмія за еўрапейскае паразуменне 1995
Салман Рушдзі, пісьменнік, Нью-Йорк, Прэмія міру Саюза нямецкага кнігагандлю 2023
Андраш Шыфф, піяніст, ордэн Pour le Mérite 2011
Вольга Такарчук, пісьменніца, Уроцлаў, Нобелеўская прэмія па літаратуры 2018
Томас Венцлова, пісьменнік, Вільня, член-заснавальнік Літоўскай Хельсінскай групы