25 кастрычніка ў Беларускім музэі ў Нью Ёрку адкрылася выстава Ягора Батальёнка “Абярэг”. У грамадзкай залі Сабора Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне ў прысутнасьці каля пяцідзесяці чалавек было прадстаўлена 26 твораў з беларускімі краявідамі, якія мастак прывез з Радзімы.
Некаторыя наведвальнікі выставы прызнаваліся ў адкрытую і не хавалі таго, што ў іх на вачах наварочваліся сьлёзы, калі яны глядзелі на творы мастака. І вядома чаму: кожны твор вее той нашай Беларусяй – такой далёкай і адначасова блізкай.
Прырода і выявы беларускага жыцьця – галоўныя тэмы творчасьці Ягора Батальёнка. Сонейка, луг, лясы, заблукаўшая дарога, вясновая адліга – усё нясе да нас Бацькаўшчыну і нагадвае пра яе.
Выступ музыкаў Зьміцера Сідаровіча і Тацяны Матафонавай, якія прыехалі з Менску ў ЗША для ўдзелу ў шэрагу мерапрыемстваў беларускай дыяспары, толькі дадаў эмацыйнасьці выставе. “Пагоня” Максіма Багдановіча, сьпетая акапэльна Тацянай, і гукі нашай дуды закранулі глыбіні беларускай душы.
Фрагмэнты выступу беларускіх музыкаў:
https://www.youtube.com/watch?v=hPAVkS2v3Iw
https://www.youtube.com/watch?v=dHebItT5ZnE
Працавітая жанчына, снапы жыта, залатая восень, раніца, гульня сьвета, жбанкі з бацькаўскага дому, цеплыня лета, лес, маленечкая вёсачка-мара, вясковы падворак… Пэнзаль мастака нас вядзе па тых любімых прасторах і нагадвае тыя выявы ды асоб, якія засталіся недзе за тысячы кіламэтраў і за дзесяцігодзьдзі, але якія заўсёды разам з намі і будуць дарагімі для нас.
Родныя лініі і рысы твораў ускалыхваюць у нас эмоцыі, і ўспаміны пераносяць нас у наш любімы край – туды, дзе сваёй цеплынёй, працавітасьцю і ўласным прыкладам узгадвае нас матуля, дзе беларускі дух нашай шматвяковай пакутнай і ганарлівай гісторыі робіць нас беларусамі.
Абярэг – гэта тое, што бароніць нас. І што мы павінны берагчы ў сабе, чым абавязаны даражыць.
Абярэг – гэта і наша Вера, і наша Любоў. Любоў да Бога, да Бацькаўшчыны сваёй, да яе духоўнай спадчыны.
Абярэг – гэта сьвятло як сымбаль жыцьця. Сьвятло, якое праяўляе, фармуе, ажыўляе рэальнасьць. Рэальнасьць твора мастака, выяўляючая яго ўнутраны сэнс.
Баронячы нашу спадчыну, мы абаронім сябе. Выхаваўшы сябе, разумеючым духоўную спадчыну свайго краю, мы захаваем нашу Беларусь.
===
Для Беларускага Музэя ў Нью Ёрку выстава Ягора Батальёнка “Абярэг” стала ўжо 18-й, зладжанай за два з паловай гады дзейнасьці ўстановы.
Вельмі прыемна, што ўсё больш і больш моладзі выказваюць зацікаўленасьць да дзейнасьці музэю і прымаюць удзел у мерапрыемствах, якія ладзяцца ў нашай адзінай такога роду ўстанове ў Злучаных Штатах.
Запрашаем усіх, каму неабыякава будучыня Беларусі, сачыць за мерапрыемствамі, што ладзяцца Беларускім Музэем у Нью Ёрку і Беларускім Моладзевым Рухам Амэрыкі, ды прымаць удзел у дзейнасьці дадзеных устаноў на карысьць нашай роднай Беларусі.
www.belmuseum.org