Калі беларускую мову выкарыстоўваюць рэкламшчыкі, гэта каму-небудзь трэба. Пытанне – каму? Адказы мы знайшлі на сесіі адукацыйнай праграмы Фестывалю AD.NAK! У якасці бонуса парады ад японскіх сяброў, ці як ператварыць ваш любімы сайт у займальную гульню з шарыкам, які скача па лабірынце.
“Падыміце рукі, хто ведае беларускую мову”, – распачаў свой майстар-клас партнёр кампаніі 495Design, сябра журы Фестывалю AD.NAK! Васіль Андрэеў.
Рукі падняла большая палова залы.
“Тады буду адчуваць сябе ў адзіноце, таму што не размаўляю па-беларуску. Але я ведаю шведскую мову. Як вы думаеце, чаму я ведаю шведскую і не ведаю беларускай?”
Версій было некалькі. Нацыянальны нігіліст. Агульная праблема грамадства – цяжка гаварыць па-беларуску у рускамоўным асяродку. Але, сапраўды, чаму шведская?
“Усё проста: у Швецыі плацяць больш грошай”, – адказаў Андрэеў.
“А зараз няхай падымуць рукі тыя з вас, хто штодня выкарыстоўвае беларускую мову, – працягваў лектар. – Так, чатыры адсоткі. Вы размаўляеце па-беларуску, і вам адказваюць на мове? Ці як у Швецыі: пытаюся па-шведску, а мне адказваюць па-дацку – і ўсё нармальна, мы разумеем адзін аднаго…. Канфлікт у тым, што ў Беларусі працэнт беларускамоўных упаковак тых ці іншых прадуктаў прапарцыянальны колькасці людзей, якія размаўляюць па-беларуску. І гэтая колькасць, на маю думку, будзе скарачацца. Але вы можаце сказаць “не” і паўплываць на сітуацыю. Хаця, напрыклад, тыя ж шведы не клапоцяцца пра наяўнасць сваёй мовы ў рэкламе. Яны ўвогуле пазбаўленыя фантазіі. Назвы іх марак дублююць альбо назвы гарадоў, дзе вырабляецца прадукт, альбо прозвішчы заснавальнікаў кампаній. Напрыклад, шведская аўтамабілебудаўнічая кампанія SAAB расшыфроўваецца як Svenska Aeroplan Aktiebolaget, або шведскае акцыянернае таварыства па вытворчасці самалётаў (раней кампанія вырабляла ваенныя самалёты). Ці Hasselblad – шведская кампанія, якая займаецца вытворчасцю фатаграфічнага абсталявання, названая па прозвішчы заснавальніка Віктара Хассельблада. Усё досыць банальна.
Але тым не менш шведы робяць прадукт, які прадаецца. Толькі калі мы будзем прадаваць у вялікіх колькасцях якасны прадукт, у свеце нарэшце заўважаць і даведаюцца, што існуе беларуская мова.
Дэкан майго інстытута аднойчы сказаў крыўдную рэч: “У Беларусі няма ні дызайнераў, ні маркетолагаў. Вось калі ў замежнай краме будзе прадавацца талерка з надпісам “Made in Belarus”, гэта будзе азначаць, што ў вас ёсць дызайнеры і маркетолагі”. Так ён казаў у 2001 годзе. А зараз ужо 2013-ты і, на жаль, нічога не змянілася”.
“Беларуская мова – магутны інструмент для таго, каб прасоўваць свае прадукты і паслугі, – распачаў свой майстар-клас Андрэй Халецкі, крэатыўны дырэктар рэкламнага агенцтва Forte Grey (Беларусь), сябра журы Фестывалю AD.NAK! – Беларуская мова выклікае ў людзей пэўныя асацыяцыі і вобразы – і ніякая іншая мова на гэтае не здольная”.
Сваю прэзентацыю спадар Халецкі прадставіў у форме “Лістоў з-пад шыбеніцы”. Кожны ліст – пэўны інструмент камунікацыі: трэнды, давер ды інш. Напрыклад, ліст чацвёрты называецца “мантры”.
“Беларуская мова – гэта ўнікальны набор галосных, “дзеканняў”, “цеканняў” – усё гэта ператварае яе ў мантру. Вы лёталі “Белавіяй”? Чулі, як размаўляе сцюардэса? Па-беларуску! Яна казала паўтары хвіліны, а адчуванне такое, што мяне празванілі складанымі прыборамі. Гэта вельмі сэксуальна”.
Закрываў адукацыйную праграму фестывалю госць з Японіі – Qanta Shimizu, творчы дырэктар агенцтва PARTY.
“Доўгі час Японія заставалася ізаляванай краінай, дабрацца да якой можна было толькі на караблі, – рапачаў спадар Shimizu. – Але мы зрабілі і працягваем рабіць усё магчымае, каб пра нас даведаліся ва ўсім свеце. Самае цікавае, што мы не прыдумалі нічога новага. Мы проста ўдасканальваем тое, што ўжо было прыдумана раней. Самы просты прыклад: іерогліфы мы запазычылі ў кітайцаў, дапрацавалі іх і карыстаемся. Аўтамабіль прыдумалі ў Еўропе шмат гадоў таму – мы сталі выпускаць аўтамабілі высокай якасці. Наша канцэпцыя: спачатку паўтарыць, каб потым зрабіць лепш”.
Адзін з самых вядомых праектаў кампаніі PARTY – фотастудыя Omote 3D, якая спецыялізуецца на 3D-друку, а дакладней на стварэнні 3D-фігурак кліентаў. Вы, напэўна, ужо чулі: чалавек, які жадае атрымаць сваю міні-копію, прыходзіць у студыю, дзе яго скануюць з дапамогай 3D-сканэра. Працэс займае каля 15 хвілінаў, і ўвесь гэты час трэба стаяць нерухома. Атрыманую мадэль апрацоўваюць на камп’ютары і раздрукоўваюць на адмысловай 3D-друкарцы. Атрымліваецца не фатаграфія, а кампазіцыя з аб’ёмнымі фігуркамі. Гэтую распрацоўку потым скапіявалі шматлікія кампаніі, але Creative Lab PARTY былі першымі.
Таксама кампанія PARTY з’яўляецца аўтарам эксперыментальнага сэрвісу Chrome World Wide Maze, які ператварае любую інтэрнэт-старонку ў 3D-поле з паласой перашкод. Для дэманстрацыі сэрвісу японец абраў сайт adnak.by: на віртуальным полі з’явіўся шарык, які трэба загнаць у лунку. Кіраваць шарыкам можна пры дапамозе любога смартфона з усталяваным на ім браўзэрам Chrome для мабільных платформаў.
А яшчэ Qanta Shimizu частаваў удзельнікаў адукацыйнай праграмы японскімі цукеркамі і распавядаў пра свае персанальныя праекты. Напрыклад, пра робата з бізуном. Ці пра бяздротавую сетку, падлучыўшыся да якой можна даведацца расклад гарадскога аўтобуса. “Гэта мае асабістыя прыдумкі, я рабіў іх без якой-небудзь пэўнай мэты”, – пракаментаваў японскі госць.
Незапланаваным, але прыемным бонусам адукацыйнай праграмы стала прэзентацыя Кацярыны Калацкай і Вольгі Паўлавай (Coca-Cola Hellenic Belarus), якія сёлета атрымалі срэбра ў конкурсе Young Lions Міжнароднага канскага фестывалю крэатыўнасці Cannes Lions ў катэгорыі “Дызайн”. За 24 гадзіны дзяўчыны распрацавалі лагатып для “Канскіх ініцыятываў” (“Канскія хімеры”) – праекта Біла і Мэлінды Гейтс.
Кася Кірпацік, фота – Зарына Кандрацьева