Раніцай 25 чэрвеня адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!
Па добрай завядзёнцы AD.NAK! праходзіць у міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў. З раніцы тут сабралася творчая каманда, эксперты і госці фестывалю. Старт пятаму, юбілейнаму, AD.NAK! быў дадзены без пафасу: з самага ранку пачалася рэгістрацыя ўдзельнікаў, якія працягвалі падаваць заявы нават уначы. Па звестках аргкамітэта, 240 чалавек выказалі жаданне паўдзельнічаць у адукацыйнай праграме. Гэта ўдвая болей, чым летась. “Якасць адукацыі расце, і сёлета рэзананс ад магчымасці навучання падчас фэсту яшчэ большы. Сацыяльныя сеткі напярэдадні фестывалю шумелі пра AD.NAK!, і з кожным днём кола цікаўных пашыралася. Безумоўна гэты факт нас вельмі радуе і натхняе на працяг”, — кажа Сяргей Скараход.
Сёлетні слоган фэсту — “Трэба так! Дбай пра сваё – не прагадаеш!” Гэтым самым арганізатары імкнуцца падкрэсліць свой пасыл — думаць глабальна, а дзейнічаць лакальна. “Сёння гэты трэнд па спалучэнні глабальнага і лакальнага — Glocal — вельмі папулярны ва ўсім свеце. Мы лічым, што для беларускага бізнесу вельмі важна для развіваць справу глабальна, надаючы пры гэтым значную ўвагу мясцовым умовам”, — зазначыла каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская. Па сутнасці, усе гэтыя пяць гадоў фестываль якраз і займаўся тым, што паказваў прываблівасць такога спосабу мыслення. Сёлета трэнд “дбання пра сваё з увагаю на агульнае” толькі ўзмацніўся.
Як дбаць і пры гэтым зарабляць, прапаноўваючы варты ўвагі прадукт, раскажуць эксперты з Беларусі і замежжа. Праграма юбілейнага фестывалю насычаная як ніколі. Адразу ж пасля афіцыйнага адкрыцця распачаўся семінар з інтрыгоўнай назвай “Навошта аддаваць уладу спажыўцам?”, які праводзяць кіраўнік студыі брэндынгу On Foot Дар’я Лобань і арт-дырэктар дызайн-студыі 365 degrees Аляксей Шклянко. Цягам усяго працоўнага дня ўдзельнікаў фестывалю чакае яшчэ шэсць займальных сустрэчаў на тэмы “Беларуская мова ў бізнесе”, “Беларускія канцэпцыі ў брэндынгу”, “Інфаграфіка ў беларускім бізнесе” ды іншыя. На фэст завітаюць таксама маладыя беларускія “Канскія львы”, пра свой досвед раскажа замежны госць — партнёр брэндынгавага агенцтва Ad Astra Riga (Латвія) Гінтс Лаганоўскіс. Сярод яго апошніх працаў — прывабная ўпакоўка з аўтэнтычным ухілам новай лінейкі хлебных прадуктаў і новы брэнд для фастфуду з акцэнтам на хатняе прыгатаванне.
Пры канцы працоўнага дня эксперты, сябры журы і партнёры AD.NAK! дадуць прэс-канферэнцыю, а ўвечары распачнецца цырымонія ўзнагароджання, на якой пад выключнае музычнае суправаджэнне будуць названыя пераможцы ва ўсіх намінацыях.
Мікалай Дубавіцкі, фота – Аляксандр Ждановіч