Акадэміі мастацтваў у Амстэрдаме і Дзюсельдорфе, адно глабальнае поле і інтэрнацыянальныя праблемы творчых людзей — Аляксей Лунёў пра мастачак і мастакоў, якія ў пэўны момант з’ехалі за мяжу, але не спяшаюцца пазбаўляцца беларускага пашпарта.
“Ў бюро” — аддзел Галерэі “Ў”, дзе можна набыць жывапіс, графіку, скульптуры сучасных беларускіх мастакоў. Бюро з’яўляецца працягам крамы аўтарскіх сувеніраў, што складае поліптых культурніцкай прасторы “Ў” — разам з кнігарняй “логвінаЎ”, рэстарацыяй і Галерэяй сучаснага мастацтва. Раней усё памяшканне займала крама, у якой прадаваліся беларускія сувеніры, але дзесьці паўтара года таму прыйшла ідэя развесці прастору на дзве часткі: у адной размясціць творы беларускіх рамеснікаў, у другой — сучаснае мастацтва. Працэс, звязаны з калекцыянаваннем сучаснага мастацтва ў Беларусі, яшчэ вельмі павольны, але паступова продажы павялічыліся, склалася кола пастаянных пакупнікоў.
За дастаткова вялікім для невялікага памеру “Ў бюро” сталом размаўляем з Аляксеем Лунёвым — мастаком, куратарам, калекцыянерам, адказным за продаж сучаснага беларускага мастацтва ў Галерэі “Ў”.
— Аляксей, скажыце, ці шмат сярод аўтараў твораў, прадстаўленых у “Ў бюро”, мастакоў, якія ў пэўны момант з’ехалі з Беларусі?
— На дадзены момант у бюро прадстаўленыя творы каля 50 мастакоў, з іх каля 10 не першы год стала жывуць за мяжой. Так склалася, што шмат каго з гэтых людзей я ведаю вельмі добра, мы сябруем, была зробленая вялікая колькасць сумесных выстаў. Таму калі кажаш: “Давайце вашыя работы да нас”, — адразу пагаджаюцца. Такое жаданне прысутнічаць у беларускім полі, яно ёсць шмат у якіх мастакоў за мяжой.
— Распавядзіце, калі ласка, падрабязней, пра гэтых мастакоў і іх работы.
— Тыя людзі, якія у нас прысутнічаюць, — прыблізна адно пакаленне. Мастак Ігар Цішын ва ўсіх быў выкладчыкам. Гэта адна тусоўка найбольш актыўных мастакоў канца 90-х гг. Усе разам вучыліся, разам знялі дырэктара мастацкай вучэльні імя Глебава, быў рэвалюцыйны час. Яны пачалі рабіць выставы яшчэ студэнтамі. Тут спайка не толькі калегаў і людзей, якія вельмі любяць мастацтва, але і сяброў, якія з юнацтва разам працуюць, добра ведаюць, хто, што і як робіць.
У нашым “Ў бюро” ёсць работы Максіма Тымінько. Ён медыямастак, працуе з відэа, жыве ў Амстэрдаме. Вось у мяне за спінай Ігар Цішын, жыве у Бельгіі. У яго выставы ў Беларусі праходзяць з пастаянным інтэрвалам. Побач Максім Вакульчык, жыве ў Дзюсельдорфе, камерцыйна паспяховы мастак. У яго ёсць тры галерэі, з якімі ён супрацоўнічае ў Германіі, але тым не менш ён хацеў бы і на тэрыторыі РБ зрабіць сваю выставу. Зразумела, гэты працэс складаны, у тым ліку і фінансавання — трэба знайсці грошы на дастаўку работ і інш, але цалкам імаверна, што выстава адбудзецца. Скульптар Жанна Грак, таксама жыве ў Дзюсельдорфе.
Віка Мітрычэнка жыве ў Амстэрдаме і працуе з парцалянай. Вось можна набыць яе сервізы, адзін з іх прысвечаны Вычынаму тату — трэнеру па плаванні. Віка лічыць, што тата нашмат больш заслужыў, чым атрымаў, таму яна зрабіла працу “Трафейныя кубкі” — своеасаблівыя кубкі для таты. Такі самы кубак знаходзіцца ў пастаяннай калекцыі Stedelijk Museum Amsterdam Amsterdam. Адзін з такіх сервізаў мінулым летам набыло Міністэрства культуры Нідэрландаў.
— А які кошт такога сервізу?
— Калі хлопцы і дзяўчаты прывозяць свае працы, яны разумеюць, што ў Беларусі стан рынку мастацтва пакуль ледзь-ледзь адхіляецца ад нуля. Таму яны могуць сказаць — стаўце якія заўгодна цэны. Мы ставім значна ніжэйшыя. Гэты сервіз каштуе 2000 беларускіх рублёў. У Амстэрдаме для чалавека, які набывае мастацтва, гэта звычайныя грошы. Мастацтва — яно само па сабе не можа каштаваць танна. Гэта ж людзі доўгія гады выдаткоўваюць на адукацыю, а яшчэ талент — штука рэдкая і ўнікальная. Такіх людзей адзінкі.
А ўвогуле зразумела, што з эканомікай у нас усё дрэнна. Я не ўяўляю, як беларускі мастак вось цяпер што-небудзь зробіць з парцаляны. Гэта трэба столькі грошай! Сам матэрыял, печка, электрычнасць, арэнда майстэрні. У мастацтва вельмі дарагі сабекошт, трэба яшчэ гэта памятаць.
— Якім чынам яшчэ Галерэя “Ў” супрацоўнічае з мастакамі з Беларусі, якія стала жывуць за мяжой? Ці цікавыя гэтыя мастакі для былых суайчыннікаў?
— Для пакупнікоў не мае значэнне, адкуль мастак — мае значэнне, ці падыходзіць колер работы да канапы ці да шторы. Для калекцыянера ж важны сам мастак, яго ідэя, выставы, мастацтва агулам.
Для Галерэі самае галоўнае — сумесныя выстаўкі. Калі мы можам паклікаць каго-небудзь з тых, хто жыве за мяжой, яны з задавальненнем прыязджаюць дадому, бяруць дастаткова актыўны ўдзел у нашай беларускай тусоўцы. Прыкладам, цяпер у Галерэі “Ў” праходзіць групавая выстава III II I (тры два адзін) Тамары Сакаловай, Ганны Сакаловай і Алега Юшко. Ганна і Алег ужо не першы год жывуць у Дзюсельдорфе.
У мінулым годзе Галерэя рабіла праект “10 майстэрняў”, калі кожны мастак, блізкі да Галерэі, чытаў аўтарскую гісторыю мастацтваў. Гэта былі публічныя лекцыі, любы ахвочы мог запісацца. Галерэя запрасіла і мастакоў-беларусаў, якія жывуць за мяжой, — Максіма Тымінько, Віку Мітрычэнка, Ганну Сакалову, Алега Юшко. Яны прыязджалі сюды, патрацілі свой час і свае веды, каб пазаймацца з беларусамі, якія тут жывуць. Гэта вельмі крута, бо кантакты зноў жа складваюцца: людзі пра нешта адно ў аднаго пытаюцца, цікавяцца, прыдумляюць сумесныя праекты.
У Беларусі дагэтуль няма Музея сучаснага мастацтва, таму была створаная даследчая інтэрнэт-платформа “Калектар”. Аўтары ідэі — Сяргей Кірушчанка і Сяргей Шабохін. Далей сабралася група экспертаў, у лік якіх увайшлі мастакі і людзі, што непасрэдна займаюцца сучасным мастацтвам, сярод іх — тыя, хто жыве за мяжой. Шляхам адбору пачаў стварацца архіў. Так быў зроблены адмысловы рэсурс ZBOR. Ён быў заўважаны: выставу запрасілі спачатку ў Беласток ў галерэю “Арсенал” (2015 г.), пасля выстава пад назвай “ZBOR. Рух беларускага мастацтва” прайшла ў Кіеве ў галерэі “Ізаляцыя” (2016 г.).
— Як вы лічыце, чаму гэтыя мастакі з’ехалі з Беларусі?
— Людзі хацелі шукаць сябе. Плюс, калі ты мастак, мастацтва табе неабходнае. Хочацца хадзіць у музеі, глядзець выставы, экспанаты, якія знаходзяцца ў пастаяннай калекцыі. Мець магчымасці з’ездзіць на Венецыянскую біенале. Агулам, вучыцца ў найлепшых.
Нашая ж Акадэмія мастацтваў вельмі кансерватыўная. Там такога разумення, як сучаснае мастацтва, не існуе. Ёсць жывапіс, графіка, нешта яшчэ, ніякіх адхіленняў не павінна быць. Але, канечне, сучаснае мастацтва значна шырэйшае за ўменне маляваць. Таму шматлікія мастакі з вышэйназванай тусоўкі і з’язджалі ў Дзюсельдорф — менавіта тут Акадэмія мастацтваў у рэйтынгах ледзь не першая ў свеце. Там выкладалі і выкладаюць зоркі сучаснага мастацтва, чые творы ў самых галоўных музеях у самых галоўных калекцыях. Ты мог непасрэдна займацца з гэтымі прафесарамі. Да таго ж адукацыя бясплатная. Першымі, хто туды з’ехаў, калі я не памыляюся, былі Максім Вакульчык і Аляксей Кашкараў.
З Аляксеем Кашкаравым увогуле здарылася дзіўная гісторыя. Яго выгналі з нашай Акадэміі мастацтваў за профнепрыдатнасць. Але Лёша не засмуціўся, адразу з’ехаў у Дзюсельдорф і там паступіў у Акадэмію, дзе быў ацэнены дастаткова хутка. Тым часам наша прафесура прыехала ў Дзюсельдорф, бо была нейкая канекцыя паміж акадэміямі. Літаральна некалькі месяцаў прайшло, як Аляксея выгналі, і вось яны ідуць па горадзе да Акадэміі і бачаць велічэзны плакат з тварам Кашкарава і паведамленне, што яго выстава адкрываецца ў Дзюсельдорфе.
— Як яны ўвогуле сябе пазіцыянуюць: як беларускія мастакі ці як мастакі з Беларусі?
— Я не думаю, што так важна прычэпліваць на сябе якісьці ярлык: я — беларускі мастак, я — французскі. Калі мастак памятае, з якой ён краіны, бярэ нейкі актыўны ці пасільны ўдзел у яе культурніцкім жыцці, гэта ўжо вельмі добра.
Можна без канца спрачацца, чые мастакі Шагал, Малевіч. Але важна, што іх творы — частка нашай культуры, і гэта ніяк ужо нельга выкінуць. Нядаўна ў амерыканскай галерэі “МоМа”, дзе экспануюцца работы Шагала, памянялі шыльдачкі. Напісалі, што мастак — беларускага паходжання. Прыемна, так. Але працы ад гэтага не сталі ні лепшымі, ні горшымі. І біяграфія не памяняецца, хоць напішы, што ён амерыканскі мастак. Усё роўна Віцебск для яго — важнае месца, і менавіта Віцебск ён усё жыццё маляваў. Разумееце, у XXI ст. ужо няважна, дзе ты жывеш — у Мінску ці Лондане. Важна, што ты заўсёды ў кантакце знаходзішся. Поле ж адно, глабальнае.
Я бачыў розных людзей. Неяк у Дзюсельдорфе сустрэў адну маладую даму з Віцебска, прапанаваў: “Ты ж з Віцебска, давай разам што-небудзь рабіць”. Але яна катэгарычна адмовілася, сказала, што ёй гэта нецікава, яна хоча быць нямецкім мастаком. У кожнага свой выбар.
У Нью-Ёрку жыве Аліна Блюміс. Год таму яна прыязджала сюды мяняць свой беларускі пашпарт. Як правіла, нашыя беларусы ўсе пакідаюць беларускія пашпарты за непатрэбнасцю. Яна жыве ў Нью-Ёрку, на Манхэтане, у яе цудоўны загарадны дом, яна ўдзельнічае у Маскоўскай біенале, у Нью-Ёрку шмат выставаў, з Гройсам сябруе. І маці яе даўно ў ЗША жыве. Падаецца, навошта ёй гэты беларускі пашпарт? Беларусь ёй агулам непатрэбная — толькі забыць і не вяртацца. Але не, яна хоча, каб у яе заставалася магчымасць прыязджаць сюды хаця б зрэдку. Выставу ў нас зрабіць. Наўрад ці яна паўсюль будзе пісаць, што яна беларуская мастачка. Але яна паўсюль напіша, што яна з Беларусі, нарадзілася ў Мінску і вучылася тут у Акадэміі мастацтваў.
— Як вы думаеце, што наша краіна магла б зрабіць для гэтых цікавых творчых людзей, якія цяпер за мяжой?
— Нічога не рабіць. Я вельмі скептычна стаўлюся да дзяржаўных ініцыятыў. Прынамсі, пакуль. Бо калі яны пачынаюць рабіць — атрымліваецца жах нейкі. Прыкладам, наш удзел у Венецыянскай біенале. Гэта ж таксама была ініцыятыва знізу. Руслан Вашкевіч быў адзін з арганізатараў выставы ў, на жаль, ужо разбуранай “сцякляшцы” — Венецыянскі павільён 53. Выстава праходзіла тады ж, калі ў Венецыі праходзіла біенале. Спецыяльна выбралі такі час, каб звярнуць увагу, што краіна не ездзіць. У выніку краіна пачала ездзіць праз пару гадоў, але гэта ўсё адбываецца вельмі фармальна. Лепей тады ўвогуле не ўдзельнічаць.
— Ці падтрымліваюць мастакі замежжа сувязі з беларускай дыяспарай?
— Пра дыяспару нічога не магу сказаць, але думаю, што хутчэй за ўсё не. У нас і так свая дыяспара, мы зносімся паміж сабой і сябруем.
Хаця вось цяпер успамінаю, што мастакі, якія жывуць у Дзюсельдорфе, хадзілі там на мітынгі. Марына Напрушкіна ў Берліне ніколі не забывае пра Беларусь, вялікую колькасць праектаў на тэму Беларусі зрабіла.
А яшчэ ў нас ёсць адзін калекцыянер, які вельмі ўважліва за намі сочыць, літовец з беларускімі каранямі. Ён не раз набываў у нас работы. У яго вельмі цікавая калекцыя менавіта сучаснага мастацтва. Такі добры прыклад, як беларусы памятаюць свае карані ў іншай краіне, і калі ёсць магчымасць, стараюцца рабіць для яе хаця б нешта.
— А як увогуле мастакам за мяжой — лепей ці горш?
— Жыццё мастака — яно вельмі інтэрнацыянальнае і паўсюль аднолькавае: мастацтвам зарабляць грошы на жыццё вельмі складана, нават немагчыма. Кожны выжывае як можа. Хтосьці ідзе на нейкія ахвяры — разумее, што ніколі ўжо не будзе жыць у вялікім прыгожым доме і грошай у яго асабліва не будзе. Затое будзе ўвесь вольны час прысвячаць мастацтву, а на жыццё падзарабляць. Нехта знаходзіць дадатковую працу, нехта прадае свае творы і жыве з гэтага. Прыкладам, Максім Вакульчык камерцыйна паспяховы, яго работы прадаюцца ўвесь час і, ў прынцыпе, дастаткова ён грошай зарабляе, каб утрымліваць майстэрню і асістэнта. Па-рознаму ўсё.
Але ў любым мастацкім асяродку ёсць пачуццё локця, бо становішча мастака вельмі хісткае: сёння ў мяне купілі працу — ёсць грошы, не — наадварот.
Увогуле, набываць мастацтва — гэта ўкладаць грошы. Тое, што вы набылі, заўтра можа каштаваць даражэй. А мастак, прадаўшы твор, заўсёды патраціць грошы на матэрыялы для новай працы, а не на рэстарацыі ці паездкі. Увогуле, калі хаця б адзін мецэнат знайшоўся, было б вельмі добра.
— Скажыце, а чаму вы застаяцеся тут? Чаму не з’ехалі?
— Я не ведаю. Напэўна, нейкі момант быў упушчаны, калі гэта было лёгка зрабіць, а потым адпала неабходнасць. Я магу паехаць за мяжу ў любы момант і правесці са сваімі сябрамі час, яны могуць прыехаць сюды. Я не ведаю, чаму я павінны мяняць краіну. Мне якраз спатрэбілася шмат часу, каб зразумець, што я менавіта беларускі мастак і мне падабаецца так гучаць.
Я нарадзіўся ў Рызе, вельмі яе люблю, усю міфалогію гэтага месца. Але найлепшы час правёў з бабуляй і дзядулем у Дзісне, самым маленькім горадзе Беларусі. Памятую, прачынаюся раніцай, тут кусты бэзу, шыпшына, Дзвіна з Дзісной зліваюцца, высокі бераг, дубы. Мая бабуля была камунікабельная, з усімі сябравала. Кармілі мяне ўсялякім — сёння рускія піражкі з дражджавога цеста, заўтра — беларускія дранікі, пасля — заліўная рыба, таму што габрэйскія суседзі. Стол быў іншы, усё іншае, мультыкультура. Цяпер я там рэдка бываю, але для мяне гэта важнае месца. Я жыў сабе і жыў, не замарочваўся, але ў пэўны момант адчуў, што гэта для мяне мае значэнне, вялікае, я б сказаў формаўтваральнае.
А гадоў у дваццаць з невялікім я ехаў у Фінляндыю аўтобусам праз Пецярбург. І як толькі перасеклі мяжу з Расіяй, я вельмі добра зразумеў, што знаходжуся не ў сваёй краіне. Гэта нешта зусім іншае, напэўна, штосьці вельмі цікавае, але гэта не мой дом. Я магу прыехаць сюды турыстам, пагуляць, паглядзець. Але ў Расіі усё неяк насцярожана, незразумела, чамусьці ўсе гучна размаўляюць, крычаць. А вось калі прыязджаеш у якую еўрапейскую краіну — не адчуваеш сябе асабліва за мяжой: ну, Германія і Германія, іншая краіна, пэўна, але неяк усё зразумела.
Аляксандра Дварэцкая,
фота – Аляксандр Кісялёў
Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.