Ролю беларускай дыяспары ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны абмеркавалі ў рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі на спецыяльным круглым стале.
3,5 мільёны беларусаў па ўсім свеце
Дыяспара — гэта перадусім партнёр і амбасадар, што не патрабуе дыпламатычнай акрэдытацыі. Пра гэта добра ведаюць у Згуртаванні беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Тут ад 1990 года трымаюць сталы кантакт з беларусамі нават у самых далёкіх краінах.
У свеце пражывае каля 3,5 мільёнаў нашых суайчыннікаў, а арганізаваныя суполкі беларусаў існуюць у 26 краінах. Увогуле, падлічыць беларусаў— нялёгкая справа, лічыць кіраўнік “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская: “Найперш, канечне, улічваюцца дадзеныя перапісаў насельніцтва, але яшчэ ёсць “схаваная” і “плывучая” эміграцыя. Далёка не ўсе беларусы дэкларуюць свой пераезд альбо ўспрымаюць яго як міграцыю. Сучасныя камунікацыйныя тэхналогіі дазваляюць нашым суайчыннікам практычна не перарываць сувязяў са звыклым для іх колам. Да ўсяго, яшчэ ёсць тэндэнцыя пры наяўнасці пашпарту іншай краіны захоўваць беларускае грамадзянства, бо гэта дае перавагу ў наведванні радзімы. Так, паводле ацэнак розных экспертаў, штогод каля 200 000 беларусаў выязджаюць на працу ў Расію і яшчэ 20 000 — у іншыя краіны, пры гэтым захоўваючы свой беларускі пашпарт.
Напрыклад, паводле афіцыйных звестак, у Канаду цягам 2000—2010 гг. выехала 1046 чалавек, а канадская статыстыка сведчыць пра 5601 беларуса.
Увогуле, беларуская дыяспара вельмі разнастайная, і каб з ёй эфектыўна супрацоўнічаць, трэба разумець гэтую рознасць, абумоўленую і гісторыяй фармавання эміграцыі, і сацыяльным становішчам, і ўзростам, і поглядамі. Эксперт “Бацькаўшчыны”, гісторык Наталля Гардзіенка, так падзяляе беларускія суполкі ў замежжы:
“Старыя” арганізацыі ў асноўным былі створаныя паваеннай эміграцыяй у краінах Заходняй Еўропы, Аўстраліі і Паўночнай Амерыкі. Гэтая плынь беларускай дыяспары адыграла вельмі важную ролю для Беларусі, бо ў часы існавання СССР была рэпрэзентантам беларускага народа ў свеце, захоўвала беларускія традыцыі, культуру і мову. Незаменная роля паваеннай эміграцыі ў аднаўленні дзейнасці Рады БНР як падмурку існавання незалежнай Беларусі, што дало пераемнасць палітычных традыцый пры набыцці Беларуссю незалежнасці ў 90-я.
“Сталыя” — тыя, што маюць ўжо каля двух дзесяцігоддзяў гісторыі. Гэта суполкі, што ўтварыліся ў часе распаду СССР і на постсавецкай прасторы. Пераважна гэтыя арганізацыі аб’ядноўваюць людзей, што маюць супольнае савецкае мінулае, і захаванне беларускасці для іх — як своеасаблівае вяртанне да каранёў.
“Маладыя” суполкі — больш імпульсіўныя і менш стабільныя. Яны часцей з’яўляюцца вынікам палітычнай эміграцыі з незалежнай Беларусі.
Найвялікшая праблема дыяспары, паводле вызначэння Алены Макоўскай, — асіміляцыя з прычыны слабай нацыянальнай ідэнтычнасці. Да прыкладу, у Расіі за 20 гадоў колькасць беларусаў скарацілася з 1,2 млн да 500 тысяч. У Польшчы ў пачатку 90-х нашых суайчыннікаў было каля 300 тысяч, цяпер — меней за 50. Паводле даследаванняў, што рабіліся “Бацькаўшчынай” у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у беларусаў пераважае грамадзянская і тэрытарыяльная ідэнтычнасць, а нацыяльна-культурная прысутнічае ў меншай ступені.
“Калі беларус мяняе тэрыторыю ці пашпарт, разам з гэтымі рэаліямі трансфармуецца і ягоная ідэнтычнасць, — не без суму кажа Алена Макоўская і тут жа рэзюмуе: — Вырашаць праблемы трэба пачынаць, канечне, з Беларусі”.
Дзякуючы пастаяннаму ўзаемадзеянню з беларускай дыяспарай, з’ездам беларусаў свету стала магчымым распрацаваць і прапанаваць закон “Аб беларусах замежжа”. Закон быў прыняты ў 2014 годзе, пасля няпростага, больш чым 10-гадовага, шляху. На жаль, у ім не прадугледжваецца ўвядзенне пасведчання беларуса. Але сённяшнія рэаліі дэманструюць, што для таго, каб даваць нейкія перавагі беларусам замежжа, патрэбная сістэма іх ідэнтыфікацыі.
“Складана пераканаць дзяржаву ў эканамічных ды іншых перавагах увядзення пасведчання беларуса, бо дзяржаўныя рэсурсы трэба ўкладаць сёння, а вынік будзе толькі праз пэўны час. Але не паклаўшы, не возьмеш! — кажа Алена Макоўская і ўсё ж захоўвае аптымізм. — Магчыма дэманстрацыя поспеху іншых краінаў, якія змаглі эфектыўна наладзіць супрацоўніцтва з сваімі дыяспарамі, будзе дастатковым аргументам, інакш (мы мусім гэта ўсведамляць) наша краіна вырачаная на адставанне ў розных сферах і стагнацыю. Безумоўна, працэсы ўзаемадзеяння нашай краіны і беларусаў замежжа маглі б ісці нашмат хутчэй і больш эфектыўна, калі б афіцыйная Беларусь і дыяспара мелі агульныя погляды на нацыянальнае будаўніцтва краіны. Але гэта доўгі працэс. На сёння важным аб’яднальным фактарам можа стаць умацаванне незалежнасці Беларусі”.
Ці рабіла што-небудзь пасольства, каб іх ангажаваць?
Кансультант па сувязях з грамадскасцю Аляксандр Чайчыц прыехаў з Масквы, у якой і нарадзіўся. Яго выступ быў прысвечаны нявыкарыстанаму патэнцыялу “беларускай япі-дыяспары”: прафесіяналам ва ўзросце ад 30 да 50 гадоў. Ягоная прэзентацыя проста стракацела імёнамі выхадцаў з Беларусі, вядомых дзе заўгодна, толькі не тут.
Беларусы ў Англіі выйгралі грант у вядомага прадпрымальніка Рычарда Брэнсана. Уплывовы журналіст у тэме інтэрнэту, высокіх тэхналогій Яўген Марозаў, што піша для “The Guardian”, родам з Салігорска. Гары Вайнярчук з Бабруйска — гуру маркетынгу ў ЗША. Руслан Коган — паспяховы інтэрнэт-прадпрымальнік у Аўстраліі.
“Ці рабіла што-небудзь беларускае пасольства, каб іх ангажаваць?” — задаў рытарычнае пытанне маскоўскі беларус.
Па ягоным меркаванні, самае каштоўнае — гэта вопыт такіх паспяховых людзей. Яны навучыліся жыць у глабальным свеце — гэта яны могуць прынесці ў Беларусь.
Аляксандр Чайчыц спаслаўся на звесткі СМІ, паводле якіх палова беларускіх школьнікаў хацела б з’ехаць за мяжу. Больш за 23 тысячы студэнтаў з Беларусі ўжо вучыцца ў ВНУ Расіі, а 15% моладзі не вярнулася па заканчэнні праграмы Work&Travel USA.
“Дыяспара Беларусі патрэбная больш, чым Беларусь дыяспары”, — гаворыць Аляксандр Чайчыц і прапануе варыянты, як зацікавіць беларускімі справамі беларускіх япі.
Нацыянальная культура ў сучаснай якаснай інтэрпрэтацыі, нэтворкінг, магчымасць усталявання кантактаў, тусоўка, мерапрыемствы для дзяцей, валанцёрства і дабрачыннасць.
“Гэта тое, чым магло б займацца беларускае пасольства. Дыяспары не варта баяцца, а Беларусь яе баялася заўжды”, — падсумаваў выступоўца.
Адна з такіх япі, пра якіх казаў Аляксандр, удзельнічала ў круглым стале. Маша — адна з аўтарак культавага выдання коміксаў “Гэта Беларусь, дзетка!”.
У дзяцінстве яна з бацькамі пераехала ў Нідэрланды.
“На прыкладзе майго шляху мы ўсе зможам павучыцца, — кажа Марыя.— Да 22 гадоў я вельмі хацела як найхутчэй інтэгравацца ў тое грамадства. I want to be Dutch, Mom! — так было ў нас у сям’і”.
Ва ўніверсітэце дзяўчына задумалася: “Раптам ёсць тое, што мяне вылучае і робіць унікальнай сярод нідэрландцаў?” — і па заканчэнні яна прыняла валявое рашэнне ехаць у рускамоўную краіну. На той момант розніцы паміж Беларуссю і Расіяй яна не адчувала.
Марыя пачала працаваць у праграме па развіцці сацыяльнага прадпрымальніцтва ў Беларусі SocStarter. Яна заўважыла, што ў Мінску багата маладых людзей з добрымі ідэямі — цудоўная глеба, каб развіваць тэму сацыяльна адказнага малога і сярэдняга бізнесу. Для заняткаў з такімі ініцыятыўнымі людзьмі яна здолела прыцягнуць ажно 24 спецыялістаў з боку беларускай дыяспары, людзей, якія ў бальшыні атрымалі адукацыю за межамі Беларусі і маюць вопыт вядзення ўласнай справы. Усе яны будуць працаваць з ініцыятарамі сацыяльных прадпрыемстваў у Беларусі.
Эміграцыя — узмацненне ці страта нацыянальнай ідэнтычнасці?
Сапернік ці партнёр па супрацоўніцтве? Аднабаковая ці кругавая міграцыя? Уцечка мазгоў ці ўзмацненне інтэлектуальнага патэнцыялу? Аб’ект для стымуляцыі ці крыніца інвестыцый? Узмацненне ці страта нацыянальнай ідэнтычнасці?
Гэтыя пытанні “падвесіў” старшыня рады The Network University Герд Юнэ. Пераезд на сталае месца жыхарства за мяжу ў глабальным свеце ўжо даўно перасталі ўспрымаць як катастрофу для нацыянальнай палітыкі канкрэтнай краіны. Сусветны досвед пераконвае: калі міграцыю не спыніць, варта яе ачоліць.
Усе ведаюць, што, у адрозненне ад беларускіх, кітайскія студэнты пасля навучання за мяжой не застаюцца там жыць. Напрыклад, у 2014 годзе з амаль 460 000 студэнтаў на Радзіму вярнулася 360 000. А ўсё дзякуючы Нацыянальнай праграме развіцця талентаў, якая заахвочвае такое патрыятычнае рашэнне маладых спецыялістаў.
Індыя выйшла ў лідары ў праграмным забеспячэнні дзякуючы тысячам мігрантаў, што вярнуліся. Гэта стала магчымым дзякуючы спрыяльнай палітыцы эканамічнага грамадзянства са спецыяльным пашпартам.
Спецыяльная “жоўтая картка” для тых, хто з’ехаў, ёсць нават у Эфіопіі. Яе ўладальнік мае такія ж правы, што і грамадзянін.
У Ірландыі існуе сетка, якая складаецца з трох сотняў уплывовых ірландцаў і людзей, звязаных з Ірландыяй. Яны здзяйсняюць каштоўную міжнародную экспертызу ў 40 краінах свету ў шчыльным кантакце з урадам і дзяржаўнымі органамі. Гэта ідзе на карысць ірландскай эканоміцы, турыстычнаму бізнесу, культурнай прывабнасці краіны.
Кіраўнік школы сацыяльных навацый з Берліна Сяргей Мядзведзеў лічыць, што ва ўсходніх краінаў беларусам сапраўды ёсць чаму павучыцца.
“Чаго не хапае ўсходнееўрапейскім дыяспарам? Новых шляхоў камунікацыі! Я гляджу па беларускай дыяспары ў Берліне: штомесяц збіраюцца адны і тыя ж людзі, Лявон Вольскі прыязджае. Нічога інавацыйнага не адбываецца”, — кажа прадпрымальнік.
Ён прывёў у прыклад стартап, з якім пазнаёміўся ў школе сацыяльных інавацый у Берліне. Праект падтрымліваецца фондам Боша і Гуглам. З аднаго боку прафесіяналы з усяго свету ў галіне крэатыўнай эканомікі, а з іншага — грамадзянскія ініцыятывы, якія не маюць сродкаў, але ім трэба прафесійная дапамога.
Такі ж праект мог бы аб’яднаць беларусаў на базе дыяспараў, што ўжо існуюць. Падчас круглага стала быў агучаны і скепсіс: ці патрэбная дзяржаве моцная дыяспара?
Як зазначыў аналітык Ліберальнага клуба Вадзім Мажэйка, у дыяспар няма іншага МЗС, у МЗС няма іншых дыяспар: выйсце адно — супрацоўнічаць.
Старшы праграмны менеджар “ОДБ Брусель” Алена Ліс падсумавала, што сёння ў дзяржавы ёсць інтарэс да дыяспар у кантэксце сацыяльнага прадпрымальніцтва. Пакуль арганізатары круглага стала збіраюць прапановы, каб сфармаваць іх у агульнае рэзюмэ і даслаць у МЗС.
Хрысціна Марчук, фота – Яўген Ерчак