Marketing.by вывучыў шорт-ліст кніг Прэміі Гедройца 2015 года. Бо пра літаратуру мы яшчэ не пачалі пісаць (выдыхніце), было вырашана вывучыць змест вокладак кніг шорт-ліста і даць іх на адзнаку не толькі чытачам, але і прафесіяналам, якія ў штодзённай працы сутыкаюцца «са свежым дызайнерскім рашэннем». Нагадаем, а можа, камусьці і раскажам, што Прэмія Гедройца штогод прысуджаецца за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка».
Александр Цеплякоў – дырэктар кампаніі UMAG, маркетынгавыя камунікацыі.
Усім зразумела, што вокладка кнігі – гэта яе сутнасць, выяўленая ў адным вобразе. І выяўленая для таго, каб прыцягнуць, захапіць, прадаць, зрабіць настрой. Здаецца, што кнігі адна за адну сумнейшыя. Я гэтых кніг не чытаў, з аўтарамі не знаёмы, але вокладкі ня выклікалі жадання ні прачытаць, ні нават пагугліць прозвішчы аўтараў. Гэтыя вокладкі альбо для тых, каму няма справы да вокладкі (тады навошта яны такія наогул?), альбо для тых, хто ўжо ў курсе справы. Атрымалася вельмі вузкае кола знаўцаў-спажыўцоў. А паколькі я ў яго не ўваходжу, дадаць больш няма чаго.
Аляксей Коваль – дызайнер шрыфтоў і лагатыпаў, заснавальнік школы «тыпаграфікі».
Сустракаюць па адзежцы
У ідэальным свеце, вокладка кнігі – гэта каленкор з цісненнем імя аўтара і назвай кнігі. Магчыма, пара дэкаратыўных лінеек, або назва кнігі, выкананая як лагатып (гэта значыць, сабрана ў адзіную кампазіцыю). Але не больш. Месца ілюстрацый – унутры кнігі. А калі трэба «прадаць» кнігу, тады ў справу ідзе кідкая супервокладка.
Часы змяніліся: за 90-я гады мінулага стагоддзя ў нас укараніўся іншы стэрэатып таннай вытворчасці кніг: ілюстраваная вокладка (часам з цэлым наборам key visual) і манатонная, «аўтаматычная» тыпаграфіка ўнутры. Папяровыя кнігі ўступілі ў бой адна з адной за ўвагу чытача ў кнігарні і не заўважылі, як электронныя кнігі забралі без бою сегмент танных кніг. Бой прайграны трэцяму баку. Рабіць візуальна танныя «папяровыя» кнігі больш няма рэзону.
Для чаго такая прадмова? Я паспрабаваў судзіць пра кнігі па вокладцы. Гэта няправільна, але дызайнеры гэтых кніг самі ўвязаліся ў такую гульню. І каб ня быць чарговым крытыканам, я паспрабую для кожнай з вокладак даць варыянт выхаду на іншы ўзровень.
Удалая ілюстрацыя, але зусім нечаканая праца з тэкстам. Выбар геаметрычнага гратэску ў пару да такой ілюстрацыі для мяне застаецца загадкай. Такія формы літар нясуць зусім іншае ўражанне, моцна адрознае ад ілюстрацыі. Яшчэ больш у мяне пытанняў да разрадкі ў літарах: і чытаць цяжэй, і з’яўляецца ўражанне, што імя і назва кнігі хтосьці па літарах спрабуе «ўдзяўбці» чытачу ў галаву. Размяшчэнне тэксту на вокладцы, хутчэй за ўсё, выпадковае. Менавіта тыпаграфіка псуе гэтую кнігу. З-за працы з літарамі губляецца ўсё ўражанне ад ілюстрацыі.
Для мяне загадкай засталася разрадка ў імені аўтара: і чытаецца горш, і выглядае неахайна. Спроба сабраць загаловак у кампазіцыю – гэта ўхвальна, але пакуль выглядае хутчэй чарнавіком або накідам. Кропка над «i» вельмі дзіўна прыбудаваная, і ў цэлым такая кампазіцыя яшчэ не дае якога-небудзь выйгрышу. Выбар шрыфта, хутчэй за ўсё, выпадковасць.
У цэлым, мне хутчэй падабаецца гэтая вокладка. І настрой, і нават выбар шрыфта. Але ёсць моманты, якія хочацца палепшыць. Загалоўкі, як і любы буйны кегль, агаляюць недахопы шрыфта. Акурат у гэтым загалоўку хочацца выправіць адлегласць паміж «м» і «у».
А яшчэ хочацца даць імя аўтара не ў 3 радкі, не заціскаць яго ілюстрацыяй.
За выключэннем набору загалоўка усімі вялікімі, я б сказаў, што вокладка атрымалася сімпатычная. Ды і не стаў бы накладваць тэкст на ілюстрацыю. Асобна хачу адзначыць разбіўку загалоўка на радкі: атрымліваецца выдатнае хоку.
Для мяне застаецца загадкай, чаму дызайнерам кніг так хочацца дадаць разрадку ў імя аўтара? Калі трэба вылучыць, можна проста павялічыць памер шрыфта, ўзяць іншы шрыфт. Але ў цэлым справу псуе «невыразнае» ўражанне ад вокладкі.
Распрацаваць ўдалую серыю вокладак – гэта велізарная праца. Бо тое, што пасуе аднаму твору, зусім не падыдзе іншаму. Пагатоў, калі «ўніверсальнае» рашэнне само па сабе не асабліва сімпатычнае. Але ў гэтай вокладцы ёсць «сцэнар»: спачатку вы звяртаеце ўвагу на ілюстрацыю, пасля спускаецеся ўніз і чытаеце імя аўтара і назву кнігі.
У якасці падсумавання
На сваіх курсах па тыпаграфікі я люблю паўтараць, што ў кожнай няўдалай працы ёсць толькі адна памылка. І, на мой погляд, адзіная памылка дызайнераў кнігі ў спробе ператварыць вокладку ў рэкламны плакат. Пры гэтым, трэба заўважыць, не прымаючы шматгадовыя традыцыі тыпаграфікі (праца з тэкстам, правілы вёрсткі, каліграфія і летэрынг на вокладцы) і ігнаруючы напрацоўкі друкаванай рэкламы (слабенькія key visual і няўважлівасць да парадку «счытвання» элементаў з вокладкі).
Асабліва хочацца адзначыць нежаданне (або няўменне) дызайнераў вокладак працаваць з «кастомнай» тыпаграфікай. Згадайце, як толькі адзін загаловак-лагатып кнігі ў бібліятэцы бацькоў ці бабуль прымушаў зняць кнігу з паліцы і адправіцца ў займальны свет.
Прыведзеная ілюстрацыя – усяго толькі накід таго, як можна б палепшыць успрыманне кнігі ў цэлым, уважліва папрацаваўшы з тыпаграфікай (другі прыклад), дадаўшы унікальную тыпаграфіку (прыклад трэці) ці максімальна «ачысціўшы» фармат ад «шуму» (прыклад чатыры). Вядома, гэта ўсяго толькі накіды за 10 хвілін, але гэта той кірунак, зона росту, якую я бачу для гэтых кніг.