Што агульнага паміж дрыжыкамі кіраўніка “Арт Сядзібы” і ідэнтыфікацыяй Алеся-Францішка Мышкевіча, чытайце ў святочным рэпартажы “Будзьма беларусамі!” з Дня роднай мовы.
Кавярня “Грай” увечары 21 лютага зрабілася месцам сустрэчы беларусаў усіх узростаў. За ўсім, што адбывалася цягам пяці гадзін, з шыі бацькоў зацікаўлена назіралі дзеці. Спускацца “з вышыні” яны пачалі толькі тады, калі іх увагі і ўдзелу запатрабавала батлейка. Яна ладзілася на другім паверсе, дзе ў межах свята адначасова праходзіла “Жывая бібліятэка”. Аддзяляла дзіцячую аўдыторыю ад дарослай толькі невялічкая арка, таму арганізатарам даводзілася даволі гучна тлумачыць наведнікам пра свой праект.
– Мы клічам людзей, у адносінах з якімі выяўляюцца тыя ці іншыя стэрэатыпы. Мерапрыемства скіраванае на тое, каб іх руйнаваць, – расказвае арганізатар Віктар Грэм. – Вы запісваецеся да пэўнага чалавека, ад якога хочаце пачуць гісторыю, і пачынаеце камунікаваць з ім у нефармальнай форме.
Пакуль тут на фоне дзіцячага гоману распавядалі пра сур’ёзныя рэчы кшталту дыскрымінацыі, на галоўнай сцэне перакладчыца Ганна Комар прэзентавала зборнік вершаў Чарлза Букоўскі. Некаторыя вершы былі зачытаныя. І ўсё гэта – па-беларуску.
Пад вечар працы ў барменаў стала больш, і павесялелая публіка ўжо была гатовая сустракаць музыкаў – Rahis, MIKITA, “Бяз Назвы” і The Superbullz. Чакаць гурты збіраліся нядоўга, таму а 19-й гадзіне натоўп падцягнуўся да сцэны. Але знайшліся і тыя, хто аддаў перавагу беларускамоўным настолкам. Такія людзі спускаліся ўніз, каб перамовіцца з барменам, замовіць чарговы келіх чаго-небудзь моцнага і зноў знікнуць наверсе. Так, жыццё ў “Грай” падзялілася на дзве паловы: нехта адзначаў свята маўкліва за гульнямі, а нехта падтрымліваў The Superbullz традыцыйным “Жыве Беларусь”. Дарэчы, менавіта выступ гэтага гурта адзначыў кіраўнік сядзібы Алесь Снег, калі распавядаў пра мэту свята:
– Галоўнае – гэта людзі і атмасфера. Чым больш людзей ходзіць, тым больш робіцца зразумела, што ім гэта важна. Калі яны падпяваюць, калі яны танчаць нават пад акустыку і з’яўляюцца такія неверагодныя эмоцыі… Мэта – данесці, што беларуская мова – не тое, што ёсць у падручніках. Гэта модна і патрэбна, і гэтай беларускай каштоўнасцю многія карыстаюцца.
Адной з асаблівасцяў імпрэзы стала магчымасць падпісаць Першую Устаўную грамату, а яшчэ ўзяць яе копію на памяць. Алесь распавёў, што Міжнародны дзень мовы супаў з абвяшчэннем дакумента, а гэта было роўна 100 гадоў таму. Што цікава, і адбывалася яно за пяцьсот метраў ад месца правядзення свята. “Можа, у гэтыя самыя секунды, калі я даю вам інтэрв’ю, абвяшчалася тая грамата. У мяне нават дрыжыкі ідуць. Гэта неверагодна”, –дадае Алесь.
Пасля выступу Алесь-Францішак Мышкевіч таксама расказвае пра сваё бачанне свята: “Ну, як вам сказаць, што такое для мяне Дзень мовы? Гэта значнасць таго, чым я штодзённа карыстаюся. Гэта водгук маіх продкаў і маёй зямлі. Гэта тое, што мяне ідэнтыфікуе, – Радзіма, мова, маці. Як у кожнага нармальнага чалавека. Мне падаецца, гэта ўвогуле адно з галоўных святаў у любой еўрапейскай краіне”.
Замест эпілогу
Завяршэнне вечара прыпала на размовы ў чарзе па вопратку. Два ўжо вясёлыя мужчыны, што прыехалі ў Мінск на экскурсію і вырашылі завітаць у “Грай”, некага горача абмяркоўваюць:
– Слухай, ну які ён беларус? Ён мовы не ведае! Ты хто без мовы?
– Не ведае – хай не ведае, галоўнае – прызнае, што беларус.
– Дурань ты, табе вечар казалі, што без мовы ты ніхто.
– Ну, я ніхто, а ён, можа, і хто.
Чарга пасунулася, мужчыны адышлі. Працягу размовы было не чуваць. Госці знікалі за дзвярыма. Толькі не знікала думка аб тым, як доўга гэтаму даўно знаёмаму пытанню яшчэ заставацца адкрытым.
Таццяна Ашуркевіч
Фота – Аляксандр Кісялёў