Калі вы плануеце вандраваць па Беларусі, то пазнавальны турызм можна сумясціць з фестывальным. Распавядаем, куды наведацца ў 2022 годзе ў Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
У краіне марудна пачынае аднаўляцца фестывальны рух. На гэты год, у адрозненне ад двух папярэдніх, запланавана шмат фестываляў і святаў, разнастайных па маштабе. Не ўсе з іх патрапілі ў спіс Міністэрства спорту і турызму, бо з дазволамі на правядзенне ў посткаронавірусны час па-ранейшаму цяжка, таму інфармацыя пра некаторыя можа з’явіцца значна пазней. Выбралі для вас найбольш адметныя з ужо афіцыйна дазволеных.
Чэрвень
3–5 чэрвеня ў Гродне пройдзе Фестываль нацыянальных культур. Першапачатковая ідэя фестывалю надзвычай цікавая і радыкальна іншая, што да звыклага стылю «Дажынак» ці «Дня перамогі», рэалізацыя якіх ужо мала адрозніваецца адно ад аднога. На фестывалі Нацыянальных культур гараджанаў і гасцей горада чакаюць разнастайныя музычныя пляцоўкі, нацыянальныя падворкі з традыцыйнымі танцамі і мясцовай кухняй, выставамі народных майстроў.
Чытайце па тэме: «Руская дыяспара гатова сустрэць украінцаў з караваем». Падрабязнасці: Фестываль нацыянальных культур у Гродне
4 чэрвеня ў Браславе пройдзе фестываль сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава». Гледачоў чакаюць спаборніцтвы клубаў гістарычнай рэканструкцыі, майстар-класы па рамесніцтве, выступы фолк і рок-гуртоў, атракцыёны, гандлёвыя шэрагі. А што паглядзець у Браслаўскім раёне, можна пачытаць тут і тут.
Фота: planetabelarus.by
10–12 чэрвеня можна наведацца ў Паставы, дзе запланаваны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», які будзе складацца з выставы народных рамёстваў «Горад майстроў», выступаў аматарскіх і прафесійных творчых калектываў і іншых музычных, забаўляльных ды культурна-масавых мерапрыемстваў. Праграма фестывалю тут. А што паглядзець у саміх паставах і на Пастаўшчыне, раім пачытаць у нашых артыкулах:
Фота: planetabelarus.by
Ліпень
На ліпень запланаваны штогадовы фестываль «Лунінецкія клубніцы» ў беларускай сталіцы клубніцаў аграгарадку Дварэц, дзе абяцаюць наведвальнікам вялікі кірмаш з разнастайнымі гатункамі галоўнай мясцовай ягады, дэгустацыямі клубніцаў з вялікай колькасці падворкаў, выставы рамеснікаў. Па музычным фестывалі «Клубнічны фэст», які ў дакаронавірусны час таксама адбываўся ў ліпені ў Дварцы, яшчэ інфармацыі няма, будзем сачыць за абвесткамі. А што паглядзець у Лунінецкім раёне, апроч клубніцаў, можна пачытаць тут:
Традыцыйнае міжнароднае свята «Вішнёвы фестываль» адбудзецца ў другой палове ліпеня на Глыбоччыне. Арганізатары абяцаюць пяцідзённую праграму з шэсцем «вішнёвай каралевы», днём спорту, днём моладзі, забегамі «вішнёвых смаўжоў», стральбой вішнёвымі косткамі, кулінарнай выставай, музычную праграму і шмат іншых тэматычных мерапрыемстваў. А што паглядзець на Глыбоччыне, можна пачытаць тут:
Фота: wildlife.by
23–24 ліпеня на возеры Літоўка Наваградскага раёна мае адбыцца фестываль бардаўскай песні памяці Уладзіміра Высоцкага «Музыка сэрцаў». Арганізатары абяцаюць, што мерапрыемства адбудзецца ў лепшых бардаўскіх традыцыях, са шчырымі размовамі і песнямі ля вогнішча. А што паглядзець у Наваградку і ваколіцах чытайце тут.
Фота: novgazeta.by
29–30 ліпеня адбудзецца знакаміты міжнародны музычны фэст Viva Braslav. З лайн-апам сёлетняга фестывалю і разнастайнымі актыўнасцямі можна азнаёміцца тут.
31 ліпеня зноў варта наведацца ў Гродна, тут плануе адбыцца Х «Біг-міні фестываль вулічнага мастацтва». Калі ўсё складзецца, як плануюць арганізатары, то ў праграме будуць выступы артыстаў, што працуюць у жанры пантамімы, «жывыя скульптуры», цікавая музычная праграма, аніматары, фаер-шоу, вулічныя эксперыментальныя тэатры і інш.
Фота: newgrodno.by
Жнівень
13 жніўня нас чакае свята «Іўеўскі памідор», якое адбудзецца ва ўмоўнай сталіцы беларускага памідора Іўі. У праграме фэста тэатралізаванае шэсце, выстава-продаж і дэгустацыя памідораў, музычная праграма і шмат іншага. А што паглядзець у Іўі, можна пачытаць тут.
Фота: kultura.grodno.by
7 жніўня ў Слоніме абяцаюць правесці свята лёну «Блакіт нябёсаў». Госці свята будуць мець магчымасць наведаць унікальную выставу, пакаштаваць незвычайныя кулінарныя вырабы, прыгатаваныя на аснове льнянога насення, паўдзельнічаць у сюжэтна-гульнявых праграмах, майстар-класах па вырабе цацак і абярэгаў з лёну.
Чытайце па тэме: Найстаражытнейшы горад Панямоння. Вандруем у Слонім!
21 жніўня ў Белавежскай пушчы запланавана святочнае мерапрыемства «Пазнанне мінулага». Тут наведвальнікам абяцаюць тэматычныя экскурсіі па музеі, дзень жывой археалогіі ў Белавежскай пушчы, рамесніцкія майстар-класы, пушчанскія пачастункі.
21–22 жніўня на цэнтральнай сядзібе Бярэзінскага біясфернага запаведніка, у вёсцы Дамжэрыцы пройдзе трэці міжнародны фестываль славянскай міфалогіі «Шлях цмока». Тут апроч таго, як насалодзіцца прыродай Бярэзінскага біясфернага запаведніка, можна разлічваць на разнастайную фестывальную праграму: пазнаёміцца бліжэй з таямнічым светам беларускіх міфаў у Музеі міфалогіі і праз інтэрактыўны начны шпацыр, паслухаць выступы музыкаў, паглядзець фаер-шоу і шмат іншых цікавостак.
ПЖ, budzma. org