Саламяныя павукі запаўзлі ў маё жыццё толькі сёлета, але літаральна захапілі ў палон. Зараз павук ёсць у кожным пакоі майго жытла і ўжо мала засталося сяброў, хто б не атрымаў павука ў падарунак. Гэтыя абярэгі сталі першай з’явай, што абудзіла мой інтарэс да жыцця падчас цяжкага дэпрэсіўнага перыяду. Ухапіўшыся за саламяную павучыную лапку і павуцінку спрадвечнай традыцыі я крок за крокам вяртаюся да жыцця. Не магу трымаць такі скарб у таямніцы — праз канал «Тётя Ира разрешила» дзялюся з усімі. Як у нас дома казалі: «Можа не паможа, але і не зашкодзіць».
Ірына Новік з рамбічным павуком
Што за штука — саламяны павук?
Гэта канструкцыя з саламінак, нанізаных на нітку. Яна збіраецца ў аб’ёмныя фігуры. Аснова любога павука — актаэдр, ці васьміграннік. Па-простаму яго часта называюць ромбам. Таму самыя простыя павукі — рамбічныя. З ромбаў і паўромбаў можна скласці піраміду. Праз тое другі від павукоў — пірамідальны.
Вось і ўся тэорыя. Далей да сэнсу.
Навошта рабілі павукоў?
Павук — гэта абярэг. Яго задача — злавіць ўсё злое, што нейкім чынам патрапіла ў ваша асяродзе. Злыя думкі, крыўды, плёткі, цяжкія развагі ці страшныя сны — ўсё гэта павінна заблытаццца ў саламяным павуцінні. Тобок, саламяны павук — наш аналаг лаўца сноў, толькі з шырэйшым профілем абясшкоджвання.
Павук і яго адлюстраванне ў аконным шкле
Зрабілі павука — і што далей?
Мабыць, нашы продкі ведалі, што доўга трымаць накоплены негатыў няварта. Ні ў сабе, ні ў саламяным павуку. Таму перыядычна павукоў спальвалі. Такім чынам знішчалі ўсё злое. І далей жылі ў чыстай прасторы ды рабілі новага павука.
Калі іх рабілі?
Часцей за ўсё — ўзімку, да Калядаў. Але вядама, што і да Пасхі таксама рабілі павукоў. А яшчэ павукі маглі быць вясельнымі ці прымеркаванымі да народзінаў дзіцяці. Гэта я пра што? Калі хацелі — тады і рабілі павукоў. Абмежаванні былі хіба ў часе. Бо калі прыходзіла пара працаваць у полі, было не да забаваў. Не тое, што доўгімі зімовымі вечарамі.
Павук-зорка, таксама збіраецца з актаэдраў, але яны нераўнабаковыя
Хто рабіў павукоў?
Мая старэйшая калежанка, што вырасла ў вёсцы, расказала — часцей за ўсё рабілі павукоў ... дзеці. Бо дарослыя займаліся больш сур’ёзнымі справамі — пралі, ткалі, рабілі нешта па гаспадарцы. А вось для малых павукі былі такім сабе беларускім лега. Памагалі дзецям бабулі ці дзядулі.
Педагогі пацвердзяць, што праца з саломкаю, голкай і ніткаю развівае дробную маторыку, а працэс зборкі лінейных аб’ектаў у аб’ёмныя фігуры фармуе прасторавае мысленне. То, калі думаеце пра пра цацкі-развівашкі для падгадаваных дзяцей — не ігнорце беларускіх саламяных павукоў.
Як любая творчая праца, выраб павукоў — гэта палёт фантазіі, засяроджанасць на працэсе і радасць ад атрыманага выніку. А яшчэ — той самы беларускі дзэн, які ў наш час так так цяжка злавіць.
Што падрыхтаваць да вырабу павука?
Салому трэба замачыць у гарачай вадзе найменьш на паўгадзіны. Тады яна не будзе расколвацца па тарцах.
Апроч саломы спатрэбяцца ніткі, цяжкая голка (Іх раней называлі шаршаткамі) і нажніцы. Ніткі лепш браць не самыя тонкія, каб не рэзалі тарцы саламінак.
Ніткі і голкі для вырабу павука
Дэкорам для павука могуць стаць кутасы ці пампоны з нітак, пацеркі з фасолі, сухія галоўкі маку, сухацветы ці птушыныя пёркі. Таксама ўпрыгожвалі павукоў саламянымі фігуркамі — але гэта патрабуе больш высокага майстэрства.
Нарэшце — практыка
Саломку рэжам на роўныя кавалкі, прыкладна па 4 −5 сантыметраў. На адзін актаэдр патрэбна 12 саламінак. Уцягваем у голку доўгую нітку, каля метра. Вузел не завязваем. Нанізваем на нітку 4 саламінкі, дацягваем іх да канца ніткі, пакінуўшы край ў 4-5 сантыметраў. Злучаем саламінкі на нітцы ў квадрат і фіксуем гэту фігуру вузельчыкам. Нітку не адрэзваем.
Квадрат з саламінак — пачатак павука
Нанізваем на яе астатнія 8 саламінак і раскладваем іх па 2 трохкутнікамі пры кожным баку квадрата. Край ніткі завязваем за той самы ражок, дзе фіксавалі квадрат.
Астатнія 8 саламінак на нітцы выкладзеныя да кожнага боку квадрата
Далей трэба замацаваць кожны трохкутнік. Трэба пракруціць праз квадрат адзін з іх, а потым тое самае зрабіць з супрацьлеглым. Наступны крок — злучыць супрацьлеглыя трохкутнікі вяршынямі і звязаць кароткімі кавалкамі ніткі. Вось і атрымаўся актаэдр — самы маленькі беларускі павучок.
Модулі-актаэдры, падрыхтаваныя да зборкі павука-зоркі
Далей робім такія ж ці іншыя памерам актаэдры і злучаем разам, як падказвае фантазія.
Гэтага павука зрабілі дзеці аднаго з беларускіх палітзняволеных
Лепш раз пабачыць, чым сто разоў прачытаць
Калі вы з тых, каму больш зразумела вучыцца «з рук», то прыходзьце ў госці да Цёці Іры на ютуб. Там ёсць плэйліст з майстар-класамі па беларускіх павуках. Глядзіце відэа, захоўвайце спакой і рабіце павукоў.