20 жніўня ў Мінску адбылася незвычайная імпрэза — беларускія вершы, сучасныя і класічныя, загучалі на італьянскай мове. Дзякуючы намаганням дацэнта кафедры рускай мовы і лінгвістыкі Балонскага ўніверсітэта Ларысы Пуцылевай ствараецца адмысловая анталогія беларускай паэзіі ў перакладах на беларускую мову.
На імпрэзу, арганізаваную МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" і ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", завіталі Міхась Скобла, Анатоль Вярцінскі, Адам Глобус, Аксана Данільчык, Віктар Жыбуль і іншыя.
Мы паразмаўлялі са спадарыняй Пуцылевай пра беларускую культуру ў Італіі і праблемы перакладу.
Пра еўрапейскую славістыку і беларускую мову
Славістычныя арганізацыі ёсць ва ўсіх краінах Старой Еўропы. У Італіі шмат вывучаюць рускую мову, культуру і літаратуру, але ёсць і кафедры іншых славянскіх краін, якія займаюцца літаратурамі Польшчы, Славеніі, Балгарыі. У апошнія гады зʼявілася кафедра ўкраінскай мовы і літаратуры, адразу ў некалькіх універсітэтах. На жаль, беларуская мова так шырока не вывучаецца — адмысловых кафедраў няма.
На італьянскую мову перакладзеныя раманы і апавяданні Быкава, пасля Нобелеўскай прэміі выдадзеныя ўсе раманы Святланы Алексіевіч. Калі я пачала займацца даследаваннямі беларускай літаратуры, то знайшла адзіную італьянскамоўную манаграфію, якая называлася "Беларуская літаратура". Яе выдаў Джузэпэ Месіна ў 1950 годзе. У яе ўвайшла літаратура ад часоў Купалы, Коласа, Цёткі і да 40-х гадоў.
Гэтая манаграфія — шмат у чым проста перадрук падручнікаў савецкага кірунку, але ёсць там і іншыя матэрыялы, замежныя даследаванні, напрыклад, згадваецца Наталля Арсеньева. Што цікава, спадар Месіна пераклаў фрагменты "Новай Зямлі", некалькі вершаў Багдановіча і Купалы, у прыватнасці "А хто там ідзе?", перакладзеныя цалкам, чаго ў манаграфіях практычна не бывае. Пасля гэтай кнігі даследаванняў беларускай літаратуры не выходзіла.
Пра ўласныя даследаванні
Я мінчанка, нарадзілася і вырасла ў Беларусі, таму заўжды хацела прасоўваць беларускую культуру. Упершыню з дакладам пра беларускую літаратуру выступіла на Зʼездзе славістаў у Македоніі ў 2008 годзе, там пазнаёмілася з людзьмі з беларускай Акадэміі навук. Насамрэч у Беларусі ідзе вялікая праца па даследаванні культуры, і шкада, што на іншыя мовы гэта не перакладаецца.
Мая спецыялізацыя па працы — руская мова і лінгвістыка, а даследаванні мусяць быць звязаныя з прадметам, таму для стварэння анталогіі беларускай паэзіі давялося шукаць іншыя шляхі выдання.
Як стварыць беларускую анталогію для італьянцаў
Я даўно марыла стварыць кнігу, прысвечаную беларускай паэзіі. Пяць гадоў таму атрымала прапанову зрабіць дадатак да італьянскай энцыклапедыі "Трэкані", куды дадатковыя звесткі ўносяць кожныя пяць гадоў. Дадатак тычыўся менавіта беларускай літаратуры. Тады я тры месяцы прапрацавала ў Мінску, мне вельмі дапамог літаратуразнаўца, член-карэспандэнт НАН Сцяпан Лаўшук. Вельмі дапамагла анталогія Міхася Скоблы "Краса і сіла". Паэтка Аксана Данільчык дапамагла зарыентавацца ў сучаснай паэзіі.
Першай, да каго я звярнулася з ідэяй анталогіі, была італьянская амбасада ў Мінску, адзін з намеснікаў амбасадара, спадар Паола Таніні, адказаў, што дапамагчы яны не могуць, бо іх задача — прасоўваць італьянскую культуру ў Беларусі. Беларуская ж амбасада ў Італіі ўвогуле прагінаравала зварот, чым вельмі мяне здзівіла. Тады спадар Таніні падказаў звярнуцца да кіраўнііцтва вобласці, у якой я жыву, бо сувязяў з Беларуссю вобласць мае багата: пачынаючы ад дапамогі дзецям Чарнобыля да медыцынскай і сацыяльнай працы на Гомельшчыне. І менавіта яны змаглі дапамагчы і стварыць кнігу беларускай паэзіі на італьянскай мове.
Як адабраць 25 беларускіх паэтаў
Беларускую літаратуру часцяком называюць маладой, але гэтае слова варта браць у двукоссе, таму што адлік можна весці з лацінамоўнай, польскамоўнай літаратуры, кніг на старабеларускай мове і гэтак далей. Для анталогіі мы адабралі 25 паэтаў, і гэта было складана: на кожнага аўтара толькі два вершы, апроч Купалы, Коласа і Багдановіча, гэта постаці надта важныя, таму яны прадстаўленыя трыма-чатырма творамі. Гэта класічныя вершы: "А хто там ідзе?", "Спадчына" і гэтак далей.
На ўсю працу мы мелі ўсяго паўтара месяца. Наша каманда гэта Сяргей Логiш, дацэнт кафедры італьянскай мовы БДУ, перакладчыкі Паола Гальвані, Святлана Каралёва з Балоньі і Майя Галаванава з Мілана.
Абраць паэтаў надзвычай складана. З "савецкага" перыяду мы ўключылі Максіма Танка, Петруся Броўку. Але сканцэнтравацца хацелі на постсавецкім перыядзе.
Шмат у чым наш выбар неідэальны, але патрэбнага матэрыялу бракавала — актыўна выкарыстоўвалі "Красу і сілу" і акадэмічную "Анталогію беларускай паэзіі", вершы маладых аўтараў бралі з сеціва. Але ў выніку атрымалася вельмі цікавая і разнастайная падборка: як кажуць некаторыя чытачы, вершы з нашай анталогіі не менш цікавыя за сучасную італьянскую паэзію.
У беларускай літаратуры ў Італіі будучыня ёсць — аматарам паэзіі такая кніга будзе даспадобы. Але тут варта ўлічыць, што паэзія на літаратурным рынку ўвогуле "ідзе" горш.
Цяжкасці перакладу
З перакладамі было вельмі складана. Напрыклад, калі спадар Месіна перакладае Янку Купалу, які пісаў народным, простым стылем, "высокай" італьянскай лексікай з доўгай страфой, то атрымліваецца зусім іншы твор. Калі Майя Галаванава перакладала "Пахне чабор", атрымалася захаваць рыфму, бо ў перакладах праблема рытму і рыфмы вельмі вострая. У італьянскай мове радок даўжэйшы, а галосных літараў удвая меней.
Другая цяжкасць — змест. Калі перакладаеш "Пагоню" Багдановіча, трэба зрабіць зноску, дзе ўвогуле патлумачыць, што такое "Пагоня" і што гэты сімвал у сабе нясе. Але перакладчыца Святлана Каралёва здолела адным радком перадаць сутнасць сімвала проста ў тэксце.
Ці "клёкат бусла" — шмат словаў, якія адказваюць за гук, а вось аналага "клёкату" няма. І ў італьянскай версіі даводзіцца ставіць тры словы замест аднаго.
Але з улікам таго, як мала часу ў нас было на падрыхтоўку, мы зрабілі сапраўдны цуд.
Мікалай Левертаў. Фота — Алесь Любянчук