У большасці турыстаў, якія наведвалі Барселону альбо іншыя мясцовасці ў іспанскай Каталоніі, асабліва тых, што цікавяцца этнічна-моўнымі асаблівасцямі рэгіёна, можа скласціся ўражанне панавання ў грамадскай прасторы каталонскай мовы.
Гэта раманская мова, адна з некалькіх у Іспаніі, якія вытрымалі 40-гадовую забарону з часоў дыктатуры Франка, і стагоддзі ціску з боку кастыльскай (мовы цэнтральных іспанскіх правінцый, якая і мае статус «літаратурнай»).
Што праўда, сітуацыя з каталонскай адрозніваецца ад становішча з галісійскай і нават баскскай — іншых рэгіянальных моваў Іспаніі. Каталонцы нашмат больш карыстаюцца ўласнай мовай, чым жыхары гэтых правінцый. Але, нягледзячы на знешні аптымізм, некаторыя спецыялісты адзначаюць, што каталонская ўсё ж знаходзіцца пад пагрозай. І моўнае становішча ў Каталоніі можа хіснуцца ў бок блізкай Акітаніі — французскай правінцыі на поўнач ад арэала распаўсюду каталонскай, дзе мясцовая мова амаль дэградавала да ўзроўню фальклорна-музейнай цікавосткі, не вытрымаўшы дыктату Парыжа.
Чытайце яшчэ: Баскі. Да волі праз адраджэнне мовы
Нягледзячы на двухмоўнасць дэ-юрэ, у Каталоніі шмат мясцовых бізнесаў пакуль маюць шыльды толькі на каталонскай. Крыніца: www.guia33.com
Нельга не адзначыць, што на моўную сітуацыю ў адукацыі, у інфармацыйнай прасторы і на паўсядзённае ўжыванне ўплываюць і будуць у далейшым уплываць падзеі, звязаныя са спробамі каталонскіх элітаў, пры падтрымцы вялікай часткі грамадства, пашырыць аўтаномію рэгіёна з перспектывай адасаблення ад Іспаніі. Гэтыя падзеі Мадрыд у 2017 годзе абвясціў неканстытуцыйнымі, а асобныя каталонскія палітыкі за гэтыя дзеянні былі асуджаныя (завочна) на рэальныя турэмныя тэрміны. І да сёння пераслед працягваецца, час ад часу адбываюцца арышты палітыкаў і актывістаў, звязаных з арганізацыяй рэферэндума наконт незалежнасці Каталоніі, за ўдзел у пратэсных акцыях.
Мітынг у Барселоне супраць прыпынення мадрыдскімі ўладамі аўтаномнага кіравання Каталоніяй у 2017 годзе. Крыніца: media.wnyc.org
Каталонская — мова марскіх першаадкрыццяў
Пакуль цяжка рабіць дакладныя высновы наконт таго, ці сталіся рэферэндум у 2017 годзе, пратэсты і жорсткая рэакцыя Мадрыда лёсавызначальнымі для памкненняў вялікай колькасці каталонцаў да незалежнасці. Але цалкам верагодна, што за пяць мінулых гадоў раскол у грамадстве рэгіёна толькі павялічыўся. А апаненты прыхільнікаў адасаблення ад Іспаніі ўсё часцей апелююць да неабходнасці спынення «павольнай каталанізацыі».
Мітынг праціўнікаў незалежнасці Каталоніі ў Барселоне. Крыніца: i.guim.co.uk
Па розных апытаннях на працягу апошніх 10 гадоў колькасць жыхароў Каталоніі, што падтрымліваюць ідэю незалежнасці, вагалася ад 35 да 50 адсоткаў. Прыблізна столькі ж выступала за захаванне аўтаномнага статусу ў складзе Іспаніі.
Што цікава, гэтыя лічбы амаль цалкам адпавядаюць колькасці каталонамоўных і іспанамоўных у рэгіёнах гістарычнага распаўсюду каталонскай мовы — уласна аўтаномная супольнасць Каталонія, правінцыя Валенсія і Балеарскія выспы ў Міжземным моры.
Пры гэтым, як адзначаецца ў адным з апошніх даследаванняў, распаўсюд каталонскай застаецца неаднародным: «Асноўнай мовай каталонскую называюць амаль 50% на захадзе правінцыі, а, напрыклад, у Барселоне такая ж колькасць ніколі ў жыцці ёй не карысталася».
Выява часоў Франка — «Калі ты іспанец, размаўляй толькі на іспанскай». Крыніца: www.elpuntavui.cat
Гісторыкі лічаць, што вельмі істотным ударам для каталонскай і іншых регіянальных моваў была забарона за часамі кіравання Іспаніяй Франка (1937–1975). Але трэба адзначыць, што і на пачатку XX стагоддзя іспанская (кастыльская) за кошт фактычнага больш высокага статусу сур’ёзна пасунула каталонскую ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця.
Нягледзячы на тое, што некалі каталонская мела ўсе шанцы заняць месца сённяшняй кастыльскай. І мець статус «літаратурнай іспанскай» ва ўсім свеце. Бо менавіта Барселона была партовай сталіцай, адкуль першаадкрывальнікі ў Сярэднявеччы накіроўваліся ў свае акіянскія падарожжы. А ў XIV ст. каталонская была нават адной з афіцыйных моваў Каралеўства Арагона, што кантралявала Міжземнамор’е ад Сардыніі да Валенсіі.
Каралеўства Арагона з усімі калоніямі. Крыніца: www.researchgate.net
Пазней вялікім шанцам для каталонцаў была так званая «вясна народаў», якая ахапіла еўрапейскі кантынент прыблізна ў сярэдзіне XIX ст. Разам з некалькім паўстаннямі за аднаўленне аўтаноміі ад Мадрыда ў Каталоніі ў тыя часы імкліва развіваўся культурніцкі рух. Кшталту нямецкага рамантызму.
Што істотна для мовы, у тыя часы была канчаткова праведзена стандартызацыя каталонскай згодна з актуальнымі на той момант сусветнымі тэндэнцыямі.
Але вір рэвалюцыі, грамадзянская вайна у 1930-х і наступная забарона нанеслі моцны ўдар як па самасвядомасці народа, так і па мове Каталоніі.
Чытайце яшчэ: Як у Фландрыі змагаліся з дамінаваннем французскай мовы
Сорак год не далі плёну
З тых часоў колькасць носьбітаў і тых, хто карыстаецца мовай штодзённа, скарачаецца. Нават змяненне сістэмы адукацыі і статусу на афіцыйны ў Каталоніі і Валенсійскім рэгіёне з 1983 г. відавочна недастаткова запавольваюць працэс «іспанізацыі».
Па асобных даных, з 2005 года колькасць тых, хто лічыць каталонскую сваёй асноўнай мовай, знізілася на 500 тыс. да 4,5 млн.
Гэтыя лічбы могуць быць чарговым доказам таго, што двухмоўная сістэма, у выпадку, калі паміж сабой «канкуруюць» дамінуючая ў рэгіёне (у выпадку з іспанскай — у свеце) і лакальная мовы, без наяўнасці ў краіне ці правінцыі строга аднамоўнай ва ўсіх сферах гістарычнай вобласці, прыводзіць да паступовага заняпаду менш папулярнай мовы.
І хаця ў Каталоніі дзейнічае двухмоўная адукацыйная сістэма, з ухілам у бок каталонскай, даследаванні Plataforma per la Lleguna Catalana сведчаць, што сярод 40-45-гадовых пісаць на ёй здольныя толькі 30%.
Дэ-факта больш за 75% жыхароў Каталоніі падтрымліваюць практыку адукацыі на каталонскай з магчымасцю ўжывання вучнямі і настаўнікамі іспанскай. Але, як сведчыць статыстыка, у рэальнасці гэта прывяло да такога становішча, што толькі 47% настаўнікаў у каталонамоўных школах «заўжды альбо пераважна» звяртаюцца да вучняў старэйшых класаў на каталонскай. А яшчэ 15 год таму гэтая лічба была ў раёне 60%.
Каталонцы не паспелі?
З аднаго боку, міжнародныя даследчыкі шмат хваляць такую сістэму за яе дэмакратычнасць. Кэтрын Вулард, антраполаг з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Дыега, якая вывучае моўнае пытанне і трансфармацыю ідэнтычнасцяў у Каталоніі з 1980-х гадоў, адзначыла: «У Каталоніі сфарміраваны новы тып двухмоўнай ідэнтычнасці. Калі каталонцы не адмаўляюцца ад ніводнай з моваў».
З іншага боку, настаўнікі, моўныя актывісты і інтэлектуалы ўсё часцей прыходзяць да высновы, выказанай супрацоўніцай дэпартамента адукацыі Каталоніі Ірэн Рыго: «Нам патрэбная паўнавартасная незалежнасць краіны ад Іспаніі зараз, каб абараніць мову».
Шмат інтэлігенцыі падзяляе меркаванне, што толькі такім чынам з часам і дзякуючы жорсткай моўнай палітыцы можна дасягнуць панавання каталонскай у публічнай прасторы і на афіцыйным узроўні. Што можа даць шанц спыніць змяншэнне ўжывання каталонскай у прыватным жыцці, выратаваць мову.
Бо, на іх думку, у Каталоніі 40 год двухмоўя, існавання адной з самых дэмакратычных сістэмаў адукацыі з ухілам на «каталанізацыю» не толькі не паўплывалі станоўча на моўнае становішча, але наадварот — пагоршылі яго.
Сведчаннем таго, што знешне прывабная карціна зусім не адлюстроўвае глыбінных, рэальных працэсаў у грамадстве, можна лічыць дзейнасць адразу некалькіх грамадскіх рухаў бацькоў школьнікаў, якія дзякуючы актыўнасці, фактычна пад лозунгамі «іспанская — агульназразумелая ў свеце, у адрозненне ад каталонскай», у Вярхоўным Судзе Іспаніі дамагліся таго, каб 25% класаў у Каталоніі перавялі выключна на іспанскую мову навучання.
Такім чынам, гульні ў «самую дэмакратычную сістэму адукацыі» ў Каталоніі паволі сканчаюцца.
І калі ў каталонцаў не хапіла палітычнай волі парушыць правы асобных грамадзянаў і актыўна прасоўваць выключна каталонскую адукацыю, дык такой волі, як высветлілася, дастаткова ў Мадрыда.
І чыноўнікі цэнтральнай улады яскрава прадэманстравалі, што гатовыя да скарачэння аўтанамізму як найменш у сферы выкарыстання рэгіянальных моваў. І за рашэннем аб 25% іспанскіх класаў у Каталоніі могуць быць прынятыя падобныя судовыя пастановы датычна Краіны Баскаў і Галісіі.
Што цікава, актывізацыя бацькоўскіх рухаў і інфармацыйныя кампаніі, датычныя парушэнняў правоў навучання на іспанскай, у медыя адбыліся менавіта пасля няўдалай спробы каталонцаў атрымаць незалежнасць ад Мадрыда.
Маніфестацыя ў Барселоне з патрабаваннямі павялічыць колькасць іспанскіх класаў да 50%. Крыніца: imagenes.eldebate.com
Цалкам магчыма, што іспанскія ўлады зразумелі небяспечнасць працягу аўтаномнай палітыкі Барселоны па спрыянні развіццю каталонскай культуры, пашырэнню ўжывання мовы. І таму спрабуюць купіраваць гэтыя працэсы судовымі пастановамі і іншымі дзяржаўнымі актамі, падтрымкай грамадскіх ініцыятываў, накіраваных на пашырэнне адукацыі выключна на іспанскай.
Гэты вялікі выклік для каталонцаў адна з настаўніц каталонскай школы, якая 30 год таму брала ўдзел у рэформе адукацыйнай сістэмы, пракаментавала так : «Мы ганарымся, што маем такі працяглы досвед пашырэння ўжывання каталонскай, але і зараз мы не маем права на адпачынак. Для нас кожны дзень, як сапраўдная бітва за мову».
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org