Фэст "Кіламетр грамадскай актыўнасці" прайшоў пад слоганам "Для тых, хто ўмее пераадольваць дыстанцыі", і слова "дыстанцыі" тут мела хіба не геаграфічнае значэнне.
Прастора ОК16 ужо каторы год прымае мерапрыемствы самай рознай скіраванасці, таму выглядае лагічным, што парад беларускіх грамадскіх арганізацый і актывістаў прайшоў менавіта тут, у трохі постапакаліптычных пейзажах былога заводскага цэха.
"Недзе тут мусіць быць кінапаказ фільма пра актывізм у Расіі", — перамаўляюцца наведнікі: знайсці на фэсце патрэбную пляцоўку для паказаў, лекцый ці майстар-класаў насамрэч непроста: надта усяго шмат.
Адначасова актыўнасць адбываецца ў шасці-сямі розных пунктах, шукаючы кінапаказ, можна трапіць на лекцыю па гендары, выпадкова збочыць у бок майстар-класа па беларускай лацінцы ці лекцыі пра тое, як студэнцкі рух змяняе свет.
Як паказаў фэст, людзі, якія трапілі ў прастору ОК16 выпадкова, заставаліся тут ледзь не да закрыцця: хочаш паразважаць з аднадумцамі пра адрозненні грамадзянскай супольнасці сталіцы і рэгіёнаў — калі ласка, цікавішся квізамі — табе таксама сюды. І нават калі захочаш прыйсці абмяняць неаптрэбныя табе рэчы на фрымаркеце — ты таксама па адрасе.
"Я прыйшоў на Жывую бібліятэку, паслухаць Наталлю, жанчыну, якая працавала ў "сэксе па тэлефоне", — кажа адзін з наведнікаў, які прадстаўляецца Яўгенам. — Але чую я яе не першы раз і ведаю, што яе жыццё нашмат больш разнастайнае і фантастычна цікавых месцаў працы ў яе было шмат".
"Жывая бібліятэка", фармат які зʼявіўся ў Беларусі адносна нядаўна, карыстаецца ў наведнікаў павышанай увагай: сярод "кніг", то бок жывых людзей, якія распавядаюць пра сябе, ёсць людзі, якія сутыкаліся з хатнім гвалтам, з праблемамі са здароўем, з незвычайнымі хобі, вакол якіх склалася процьма стэрэатыпаў — усе гатовыя размаўляць і згаданыя стэрэатыпы разбураць.
Грамадскі актывізм — гэта модна: першае, што прыходзіць у галаву, калі глядзіш на безліч стэндаў грамадскіх арганізацый: ад "Фаланстэра" і стэнда людзей, што патрабуюць прыняць закон пра хатні гвалт, да Задзіночання беларускіх студэнтаў і стэнда разбуральнікаў гендарных стэрэатыпаў.
"Цяпер хочацца, каб гэты фестываль быў не проста двухдзённым, з начной праграмай: майстар-класамі, гарбатай і печывам", — пішуць наведнікі ў сацыяльных сетках. Пра што гэта кажа нам? Грамадскі актывізм перастаў быць паняццем, якое вымагае "расшыфроўкі", выбраўся са стэрэатыпу "гэта нешта маргінальнае і хутчэй за ўсё антыўрадавае" і робіцца будзённай часткай нашага жыцця, набіраючы моднага флёру. І "Кіламетр грамадскай актыўнасці", гэткая "ВДНГ грамадскай актыўнасці" — чарговае таму пацверджанне.
Фота – Віка Трэнас