18 мая ў Музеі гісторыі літаратуры ў Мінску прэзентавалі кнігу шведскай пісьменніцы Гунілы Бэргстрэм "Суперкніга пра Біла з Болаю (Біл разумны, Бола вясёлая), якая ад нядаўняга часу даступная таксама ў аўдыяфармаце.
Прэзентацыя кнігі на Ночы музеяў —гэта пэўнае выпрабаванне: ніколі не ведаеш, хто будзе слухачом і як адрэагуе на кнігу. Вось і ў выпадку "Біла..." у зале сабраліся зусім розныя людзі, бацькі з дзецьмі, наведнікі Ночы, якія імкнуцца паспець ва ўсе музеі горада, аматары айчыннай класічнай літаратуры, для якіх Музей гісторыі амаль як дом, а таксама проста мінакі.
Прэзентавалі кнігу стваральнікі Лямцавай батлейкі — інтэрактыўнае паўгадзіннае шоў змагло прыцягнуць да сябе ўвагу бадай усіх наведнікаў музея, бо і "Суперкніга..." не такая простая, як падаецца на першы погляд.
Першую кнігу пра Біла і Болу Гуніла Бэргстрэм напісала яшчэ ў канцы 70-х. Сюжэт наступны: у сямʼі нараджаецца дзяўчынка, што робіць абсалютна шчаслівымі ўсіх яе родзічаў. Але да пэўнага моманту. Тры гады дзіця не размаўляе, і бацькі, а таксама брат Біл не ведаюць, да каго звяртацца, хто б мог зразумець прычыну. І толькі пасля высвятляецца, што Бола — дзіця асаблівае.
Кніга была напісаная пасля таго, як у сямʼі самой Бэргстрэм нарадзілася асаблівая дзяўчынка. Праз год пасля выхаду першай кнігі спадарыня Бэргстрэм напісала працяг, а праз дваццаць гадоў абедзве кнігі трапілі пад адну вокладку: менавіта гэтая версія ("Суперкніга пра Біла з Болаю: Біл разумны, Бола вясёлая") і была перакладзеная на беларускую мову Андрэем Хадановічам паводле падрадкоўніка Надзеі Кандрусевіч і Алесі Башарымавай.
Кампанія "Будзьма беларусамі!" сабрала тры прычыны таго, чаму варта прыдбаць "Суперкнігу..." для сваёй хатняй бібліятэкі:
1. Выдадзеная "Суперкніга..." шыкоўна і з вялікай любоўю — усе ілюстрацыі Гунілы Бэргстрэм (а пісьменніца вядомая тым, што першай у Швецыі пачала выкарыстоўваць тэхніку калажу ў ілюстраванні дзіцячай літаратуры) спадабаюцца дарослым і, зразумела, дзецям.
2. "Суперкніга..." распавядае пра сурёзныя рэчы. У Беларусі тэма аўтызму, дзяцей з асаблівасцямі толькі цяпер пачынае зʼяўляцца ў СМІ. З дзецьмі ж пра "іншасць" размаўляць зусім не прынята. "Суперкніга..." — якраз-такі добрая нагода пачаць дыялог. Да таго ж і дарослыя ў Беларусі не заўжды ўсведамляюць, што асаблівыя дзеці — гэта не катастрофа і не вырак, таму кніга пра прыгоды Біла з Болаю будзе карысная і бацькам.
3. Цяпер кніга пра Біла з Болаю даступная ў аўдыяфармаце, і якім! Саўндтрэкам займалася славутая музыка Ганна Хітрык, яна ж начытвае тэкст разам з Паўлам Харланчуком. Усім дарослым, хто памятае "казкі з кружэлак", не трэба тлумачыць, чаму такі фармат надзвычай важны, асабліва для дзіцячай літаратуры.
Мікалай Левертаў
Фота – Аляксандр Кісялёў