Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 1-2 верасня

31.08.2023 Афіша

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. 700-годдзе горада Ліда, Дзень беларускага пісьменства ў Гарадку, Фэст навукі ў Мінску, а яшчэ канцэрты, кінапаказы, выставы — выбірайце мерапрыемствы ў сваім горадзе і на свой густ!


Беларусь

Мінск

Фэст навукі ў Мінску

fest-navuki

У суботу, 2 вреасня, у Батанічным садзе пройдзе фэст навукі!

Гэта буде дзень лекцый, майстар-класаў ды іншых навуковых актыўнасцяў, каб з асалодай паглыбіцца ў свет навукі і дзеткам, і дарослым.

Тут вы ўбачыце, як навука ўплывае на масавую культуру, і як масавая культура прапануе навуцы шляхі для развіцця. Будуць навуковыя арт-аб’екты, аўтарскі квэст па фестывалю, дэгустаторый і прыемныя падарункі за актыўнасць.

Гомель

Мікола Косміч у Гомелі

У суботу, 2 верасня, Мікола Косміч грае ў Гомелі ўтульны канцэрт.

Будуць песні пад акустыку, шмат размоў, лампавая атмасфера і цёплая сустрэча.

Mikola-Kosmich

Музыка выканае свае вядомыя песні, пазнаёміць з новымі кампазіцыямі (сваімі і не толькі), крыху распавядзе пра новы альбом, над якім зараз працуе, і зробіць суботні вечар святам добрай беларускай музыкі.

Віцебская вобласць

Дзень беларускага пісьменства ў Гарадку

Dzien-belaruskaga-pismenstwa

Гэтымі выходнымі, 2 і 3 верасня, у Гарадку — Дзень беларускага пісьменства. Вось трошку цікавостак з праграмы.

2 верасня

11.00-22.00 — ФЕСТЫВАЛЬ КНІГІ І ПРЭСЫ

12.00-18.00 — Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Гарадоцкія чытанні»

11.00-20.00 — Фестываль народнай творчасці, паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас»Акцыя «Чытаем паэму „Тарас на Парнасе“ разам...»;

11.00-20.00 — Выстава «Героі беларускай міфалогіі» (мастак В.Слаук, скульптар А.Шпіца) (Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей, вул Вароўскага, 3).

3 верасня

11.00-15.00 — Кулінарны фестываль «Мара гурмана» (гарадскі сквер, вул Савецкая):

14.00-15.00 — ЗАКРЫЦЦЁ XXХ ДНЯ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА. Перадача вымпела гораду—сталіцы Дня беларускага пісьменства 2024 года.

Гродзенская вобласць

Ліда святкуе народзіны: фэст LIDBEER, рыцарскі турнір і танцы

У суботу, 2 верасня, у Лідзе — процьма івэнтаў, а найгалоўнейшы — 700-годдзе горада.

Lidskija-vajary

Па-першае, немагчыма будзе абмінуць фэст LIDBEER, бо ён будзе паўсюль. На трох сцэнах — каля палаца культуры, Лідскага замка ды дома гандлю — будзе адпаведна поп-рок, электра і фольк.

А яшчэ будуць фудкорты і фэст феерверкаў.

Польшча

Беласток

Паказ фільма «На Чорных Лядах»

У нядзелю, 3 верасня, у Беластоку — новы кінасеанс па-беларуску. Гэтым разам глядзяць фільм Валерыя Панамарова «На Чорных Лядах» паводле Васіля Быкава.

Czornyja-liady

Канец Слуцкага паўстання 1920 года. Некалькі беларускіх паўстанцаў ідуць лясамі, спрабуючы сысці ад бальшавікоў, але неўзабаве разумеюць, што цалкам акружаны. Яны даведаюцца, што чырвоныя забіваюць палонных, а іх целы возяць па вёсках для апазнання. Сваякоў затым таксама расстрэльваюць ці рэпрэсуюць. Каб гэтага не дапусціць, паўстанцы прымаюць рашэнне ўчыніць у глухім месцы групавое самагубства. Самаму малодшаму з іх даручана пахаваць целы, ён застаецца ў жывых.

Варшава

Бясплатная экскурсія і квэст для дзяцей і іх бацькоў у Каралеўскіх Лазенках у Варшаве

У нядзелю, 3 верасня, Школа Цэнтра Беларускай Салідарнасці запрашае на беларускамоўную экскурсію і квэст для дзяцей і іх бацькоў у парк Каралеўскія лазенкі.

U-Karaleuskich-Lazienkach

Вас чакае гульня-квэст «Карона караля Стаха» па матывах беларускай гісторыі і літаратуры, а таксама легендаў са ўсяго свету. Удзельнікі падзеляцца на каманды, і на працягу квэста ім будзе дапамагаць дзённік караля Стаха.

Спадзяемся, вы разгадаеце сакрэты і галаваломкі, знойдзеце схаваную карону і супакоіце дух караля!

Германія

Берлін

Паказы фільма «Motherland» у Берліне

motherland

У Берліне пачынаюцца паказы дакументальнага фільма Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча «Motherland», у якім беларускія пратэсты разглядаюцца скрозь прызму сістэмнага гвалту ў беларускай арміі і — глыбей — у беларускім грамадстве.

Сеансы праходзяць штодня з 31 жніўня па 8 верасня ў кінатэатры «Krokodil»

Літва

Вільня

Выстава Кацярыны Пікірэні «Вязьмо»

Добрая нагода завітаць у Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча — там працягваецца экспазіцыя праекта «Вязьмо», які даследуе эстэтычны і містычны складнікі беларускіх літар і спрабуе намацаць мяжу, на якой знак пачынае перарастаць у абстрактны ўзор.

Viazmo

Графічны эксперымент прысвечаны трывожнай сувязі з бабулямі, наймагутнейшымі полюсамі радаводаў. «Вязьмо» не толькі пра любоў і памяць, але таксама пра сузалежнасць, разгубленасць і супярэчлівы досвед. Аднак найперш — пра гаючую сілу ўчаснага вандалізма, бо памяць немагчыма зберагчы, не параніўшы яе. 

Англія

Лондан

Свята зубра і Вялікага Княства Літоўскага ў Лондане

У суботу, 2 верасня, у беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны — свята зубра і Вялікага Княства Літоўскага ў гонар 500-годдзя выдання ў Кракаве славутай «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага.

Piesnia-pra-zubra

Прыходзьце паслухаць чытанні з паэмы, пабачыць выявы зуброў і скарбы часоў ВКЛ з калекцыі Скарынаўкі і пакаштаваць стравы, натхнёныя гістарычнымі рэцэптамі з «Літоўскай кухаркі»! Апранайцеся, па жаданні, у элементы гістарычных строяў ВКЛ — шляхецкіх ці народных, каб лепш адчуць атмасферу свята.

Латвія

Рыга

Макс Корж у Рызе

Maks-Korzh

У суботу, 2 верасня, Макс Корж вязе ў Рыгу свой нахабна-шчыры вайб.

«Мова Нанова» ў Рызе распачынае новы сезон

У суботу, 2 верасня, рыжская «Мова Нанова» адкрывае новы сезон!

Прыходзьце святкаваць пачатак ды абмяркоўваць усё, што за лета прачыталі ды паглядзелі. І вывучаць новыя слоўцы па тэме «Адзенне» — з яе пачнуць.

Mova-nanova

Грузія

Тбілісі

Супольны канцэрт гуртоў Teleport і PyLai ў Тбілісі

У нядзелю, 3 верасня, у Тбілісі грабць супольны канцэрт гурты «Teleport» і «PyLai».

Teleport-Pylai

Абяцаюць рознажанравыя кампазіцыі на стыку любоўнай лірыкі, палітыкі і меланхалічнай рэфлексіі — песні з запісанвх альбомаў ды новыя кампазіцыі.

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў. Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.