У вёску Жораўка (Любанскі раён) мы прыехалі, каб пакаштаваць хлеба, які выпякае пані Ірына Жудрык – дырэктарка мясцовага Дома культуры. У 2008 годзе яна арганізавала аматарскае аб’яднанне “Кулідка” (кулідка – гэта тое ж, што і бохан). “Дом хлеба” (як называюць яго мясцовыя жыхары) месціцца ў звычайнай вясковай хаце, дзе жанчыны рэгулярна выпякаюць хлеб так, як іх навучылі ў свой час матулі.
– Хлеб я пачала выпякаць даўно, яшчэ дзяўчынкай. І не атрымлівалася спачатку, і плакала, і цяжка было (бо цеста ж замешвала на ўсю сям’ю), але ж мусіла маме дапамагаць. Цяпер, праз шмат гадоў, ужо сама вярнулася да гэтай справы, – кажа пані Ірына.
Калі мы прыехалі, печ была распаленая і рошчына ўжо заквашаная. Пані Ірына расказала, якім чынам рашчыняе хлеб: яна не трымае закваску, а проста залівае жытнёвую муку кіслым малаком і пакідае на 12 гадзін. Далей робіць цеста: дадае пшанічнай мукі, солі і замешвае. Прыкладна гадзіны тры цеста будзе ферментавацца. Тым часам мы можам агледзецца і пагаманіць з гаспадыняй.
На сцяне вісяць выявы, павялічаныя са старых фотаздымкаў. Адзін з іх вельмі адметны. На ім сям’я з дзецьмі, самы малодшы хлопчык – гэта дзед апошняй гаспадыні хаты, Іван Пыж. У пачатку ХХ стагоддзя ён паехаў у Амерыку на працу, узяў з сабою здымак сваёй сям’і і плеценую з лазы валізу. А вяртаўся назад з той самай валізай, у якой ляжаў здымак, павялічаны і аздоблены прыгожай рамай. Той самы, што вісіць цяпер на сцяне перад намі. А валіза таксама захоўваецца – у музеі ў Любані.
Па хаце расстаўленыя цікавыя артэфакты: вялізны куфар, старыя ложкі, стол і дзве даўжэзныя лавы (адна з іх належала былым гаспадарам хаты), насупраць печы – шыкоўны даўні суднік з суседняй хаты. Каля печы ціха чакае кухоннае начынне, хлебная лапата ў тым ліку. На печы вісіць вянок, кабета тлумачыць:
– Увосень назбіралі дубовага і кляновага лісця, каб падкладваць пад кулідкі, пакуль яны выпякаюцца.
Пані Ірына запрашае да стала і частуе нас свойскім маслам і салёным сырам. Хлеб, што мы прывезлі з сабою, быў у гэтай кампазіцыі надзвычай дарэчным. Пакуль трушчым гэтую смакату, распытваем пра тое, як выпякалі хлеб раней, пра стаўленне да яго.
– Зазвычай мама рашчыняла хлеб у суботу з вечара, ніколі не рабіла гэта ў непрыбранай хаце – каб не абразіць хлеб. Таму папярэдне ўсё чыста вымывала і прыбірала, вымывалася сама. Толькі потым бралася за хлеб: рашчыняла на ноч, назаўтра зранку замешвала цеста і ўдзень выпякала. Пакуль цеста падыходзіла, дзецям належала паводзіць сябе прыстойна, бо хлеб любіць цішыню і спакой. Надзвычай важнай была дзея, калі хлеб саджалі ў печ. Гаспадыня вельмі не любіла, калі якая-небудзь суседка прыходзіла ў хату менавіта ў гэты час: лічылі, што яна забірае з сям’і дабрабыт. Раней жа ў кожнай хаце хлеб выпякалі. І кожная гаспадыня была перакананая, што ейны хлеб – найлепшы. Таму пазычаць яго не любілі, казалі, маўляў, “яна ж мне такога не верне”. Потым з’явіўся хлеб крамны, і гэта была вялікая палёгка – можна было болей не выпякаць яго самастойна. Але праз некаторы час шмат хто ад крамнага хлеба адмовіўся.
Нас цікавіць пытанне: што дадавалі даўней у хлеб?
– Выпякалі хлеб з кменам, а таксама з мацярдушкай. Асабліва смачны быў хлеб з сушанымі чарніцамі!
А ці ўдзельнічаў хлеб у святочных абрадах?
– На Каляды, напрыклад, была такая завяздёнка: калі на небе поўня, на ноч на падваконне, пад месячнае святло, клалі адмысловую булачку. Яна выпякалася такім чынам: перад тым як пасадзіць у печ бохан хлеба, на ім пальцам крэмзалі крыжык, потым гэты крыжык на невялікім кавалку цеста здымалі з бохана і выпякалі асобна. Назаўтра гэтую булачку дзялілі паміж усімі сямейнікамі, давалі жывёле – на здароўе і спор.
Пакуль мы гаманілі, цеста саспела і ў печы дагарэлі дровы. Гаспадыня адгортвае жар з чарэні і ставіць на яго патэльні, каб прагрэць. Печ вельмі старая, і чарэнь ужо няроўная, таму кулідкі выпякаюцца на патэльнях.
Мокрымі рукамі кабета набірае ў дзве далоні цеста і пачынае фармаваць булку. Сфармаваны бохан адрозніваецца ад камяка цеста тым, што яго паверхня нацягваецца, дзеля гэтага цеста нібыта падтыкаецца знізу. Далей булка выкладваецца на патэльню і займае сваё месца ў печы. Калі ўсе кулідкі сфармаваныя і размешчаныя ў печы, яна закрываецца засланкай. Праз хвілін 20 засланка асдоўваецца, і кожная кулідка дастаецца, каб абмазаць яе вадой – так верхняя скарынка будзе крамяная. Пасля гэтага хлеб будзе дапякацца яшчэ каля гадзіны. Гаспадыня смяецца:
– Суседзі любяць, калі я пяку тут хлеб: кажуць, цяжка хату абмінуць – такі водар стаіць! Часта заходзяць, каб хаця пакаштаваць свойскага хлеба.
Кабета расказала пра ідэі развіцця праекта: яна плануе стварыць музей, дзе можна будзе ўбачыць шлях ад зерня да хлеба. Але хата старая і патрабуе сур’ёзнага рамонту, таму ўсе экспанаты пакуль захоўваюцца на гарышчы. Але пані Ірына не страчвае энтузіязму і, пакуль мы збіраемся ад’язджаць, рашчыняе хлеб на заўтра.
Алесь Прышывалка, кіраўнік праекта ŽORNY