Беларуска-нямецкі праект «Гістарычная майстэрня» за 15 гадоў існавання заслужыў рэпутацыю месца пра «дзіўную вайну»: тут заўсёды даведваешся нешта зусім новае аб Другой сусветнай, якая дагэтуль уплывае на нашу свядомасць і гены. Інтэрв’ю з рэферэнтам Гістарычнай майстэрні, гісторыкам БДУ Кузьмой Козакам не стала выключэннем. Ён распавёў, як імкліва змяншаецца колькасць ахвяр вайны ў новай навуцы, аб скандальнай белай пляме ў нашых падручніках і аб унікальных паводзінах беларусаў у ваеннае ліхалецце.
Аб Трасцянцы і няісных мемарыялах
— Гістарычная майстэрня ў свой час з’явілася ў адказ на тое, што гісторыя Мінскага гета і лагера смерці Трасцянец дзесяцігоддзямі заставалася па-за ўвагай у Германіі і Беларусі. Сёлета была ўрачыста адкрытая другая чарга мемарыялу Трасцянец у Благаўшчыне. Ці адлюстроўвае ён сутнасць катастрофы?
— Яшчэ рана казаць пра цэльнасць успрымання, бо праект цалкам не рэалізаваны, складаецца з розных частак. Але гэта першы мемарыял еўрапейскага значэння ў Беларусі, які будуецца агульнымі намаганнямі: з удзелам Германіі, а таксама Аўстрыі, Чэхіі, Польшчы, можа, далучацца Ізраіль, Расійская Федэрацыя.
Плануецца, што мемарыял стане міжнародным месцам памяці, дзе людзі пабачаць імёны ахвяр. Але пакуль тут толькі зусім невялікая частка аўстрыйскіх ды нямецкіх прозвішчаў. А значыць, мемарыял толькі пазначаны. Але ўжо цяпер ёсць рознае бачанне маштабу трагедыі: немцы і беларусы пакуль па-рознаму глядзяць на гэтую праблему.
Мы зыходзім з 1944 года, калі Камісія па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў выявіла ў Благаўшчыне 34 равы са згарэлымі парэшткамі вязняў і пачала вызначаць, колькі ж мёртвых магло быць у ямах прыблізна даўжынёй 50 м, шырынёй 5 метраў і глыбінёй 3 метры. У яе не было спецінструментаў, разлікі вяліся “на вока”. Такім чынам з’явілася лічба: 150 тысяч спаленых. Але сёння ўжо ёсць гісторыкі з іншым стаўленнем да вайны, якія любяць дакладнасць і патрабуюць дакументы, што пацвярджаюць колькасць ахвяр. Яны кажуць, да прыкладу, што ў складзе той камісіі былі прадстаўнікі НКУС, якія маглі быць «зацікаўленыя ў перабольшанні».
А дакументаў няма. Вось і атрымліваецца, што па нашых дадзеных усяго ў Трасцянцы загінула 206 тысяч чалавек, а нямецкі бок, падлічыўшы, кажа пра 50-60 тысяч. Розніца, як бачыце, вялікая.
Цяпер мы ведаем, што ў Трасцянцы былі габрэі з Аўстрыі, Польшчы, Чэхіі, Мінскага гета, партызаны і падпольшчыкі. Імёны дэпартаваных з еўрапейскіх краін вядомыя — каля 30 тысяч. Імёнаў беларускіх ахвяраў няма. Дакументы не захаваліся. Рэч у тым, што з кастрычніка 1943 года зондэркаманды 1005 праводзілі спецаперацыю па знішчэнні ўсіх слядоў сваіх злачынстваў: дакументаў, трупаў, будынкаў. І нямецкі бок гэта добра ведае. Таму не можа быць усіх дакументаў, а калі грунтавацца толькі на ацалелых, гэта вядзе да перагляду ўсіх падзей вайны.
І атрымаецца, што ў лагеры ў Масюкоўшчыне, напрыклад, загінула не 80 тысяч, а 40, бо няма нават загадаў аб расстрэлах. Але ў лагерах смерці часта гінулі не ад расстрэлаў, а ад голаду і холаду. Дастаткова было кінуць булку хлеба ў натоўп згаладалых, каб у цісканіне дзясяткі былі скалечаныя і спісаныя. Гэта не будзе адлюстравана ў дакументах. У нас многія лагеры наогул не прызнаныя з той жа прычыны — няма папер. Немцы кажуць, што немагчыма было без распараджэння камандавання ствараць такія месцы. Але факты кажуць, што гэты парадак парушаўся, часта лагеры ствараліся стыхійна. І калі з такім падыходам прайсціся па ўсёй Беларусі, колькі мы налічым з 3 мільёнаў загінулых?
Я лічу, што мы павінныя ўзмацніць той факт, што ў Беларусі маштабна забівалі людзей, а не займацца тэхналогіямі падлікаў.
— Якіх мемарыялаў у нас яшчэ няма, але павінныя быць?
— Калі азірнуцца, то можна прыйсці да несуцяшальнай высновы: ахвяры практычна забытыя, якую б групу мы ні ўзялі. Нават мемарыял Хатынь не адлюстроўвае праблему ўсіх спаленых вёсак. Ёсць вёскі, дзе спальвалі не сотнямі, а тысячамі — і там практычна нічога няма, ніводнага памятнага знака. Забытыя дзеці, жанчыны. Неабавязкова будаваць мемарыялы. Усе мы ведаем выдатны прыклад, як можна захаваць памяць, — кніга Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Сёння ва ўсім свеце ведаюць гэтую тэму. Хтосьці мог бы ўзяцца і распавесці такім жа чынам пра гвалт над беларускай жанчынай. Гэтая тэма наогул не вывучаная, бо культура нашай жанчыны — не казаць пра такое, каб не траўмаваць блізкіх. Але гэтыя непрамоўленыя ўспаміны генетычна застаюцца ў родзе, дзецях. І таму мы часам не разумеем самі сябе… Я вельмі шкадую, што пакуль ніхто не ўзяўся за гэтую тэму і не распрацаваў яе, як гэта робяць немцы. Яны ствараюць цэлыя праекты, прыцягваюць псіхолагаў, якія могуць дапамагчы чалавеку раскрыцца.
Калі чалавек выказваецца ў эмпатычным асяроддзі, ён становіцца больш шчаслівым і светлым, нягледзячы на тое, што распавядаў непрыгожыя рэчы. Бо вайна — непрыгожая з’ява.
Аб Халакосце і яго адсутнасці
— Тры факты аб Другой сусветнай вайне, якія мусяць быць у беларускіх школьных падручніках?
— Мы можам адназначна ганарыцца тым, што ў нас быў самы моцны супраціў. У Беларусі налічвалася ў два разы больш партызан, чым ва Украіне, на парадак больш, чым у Расіі. Другі факт: Беларусь — адзіная рэспубліка ў СССР, дзе людзі не арганізоўвалі суседскіх расправаў над габрэямі. На акупаваных тэрыторыях, у прыватнасці, савецкіх, немцы вельмі даступна тлумачылі насельніцтву, што ва ўсіх іх бедах вінаватыя габрэі і савецкая ўлада, якая з іх складаецца. І калі нацысты казалі гэта ў Польшчы, Літве, Украіне, там суседзі пачыналі жорстка забіваць суседзяў-габрэяў, а немцы гэта пратакаліравалі, фатаграфавалі і пісалі справаздачы ў цэнтр. У Беларусі было па-іншаму. Ёсць дакументы, дзе нямецкія камандзіры пішуць у Берлін аб тым, што наша насельніцтва вось-вось пачне акцыі супраць габрэяў. Але праходзіць ліпень, жнівень, верасень, кастрычнік, з Гамбурга ўжо ідзе эшалон з яўрэямі ў Беларусь для знішчэння, а расправаў няма. Першая масавая акцыя ў гета праходзіць толькі 7-8 лістапада 1941 г. сіламі батальёнаў, але не мірнага насельніцтва. У нас няма ні населенага пункта, ні акцыі, дзе б людзі забівалі сваіх суседзяў-габрэяў.
У падручніках таксама мусіць з’явіцца паняцце Халакосту. Пакуль яго наогул няма, і гэта скандальна: габрэі жылі ў кожным населеным пункце нашай краіны, не было месца, дзе б іх не знішчалі, а паняцця Халакосту няма. Прывяду адзін прыклад. Недалёка ад Маладзечна знаходзіцца вёска Гарадок. Нацысты забілі тут 710 габрэяў. Пасля вайны іх там не засталося ўвогуле, і нідзе гэты факт не фігураваў. Некалькі гадоў таму да нас звярнуліся супрацоўнікі мясцовага музея, каб мы дапамаглі падняць гэтую інфармацыю, распавесці яе жыхарам. І мы вырашылі штогод 22 чэрвеня праводзіць у Гарадку форум, каб аднавіць гісторыю мястэчка. На першы форум з Амерыкі прыехала ўраджэнка Гарадка, якая прывезла дзіўную кінастужку даваеннай вёскі: нехта з багатых сваякоў здымаў мястэчка ў той час. І некаторыя людзі ў зале пазнавалі сваіх суседзяў! На наступны год жыхары гэтай вёскі ўсталявалі камень памяці 710 забітым на беларускай мове і на ідышы. Праз год — высадзілі алею памяці. Навучэнец ECLUB Аляксей Парошын, узрушаны аповедам пра гэтае месца, паехаў туды і ўсталяваў інфармацыйны стэнд з пазначанымі былымі яўрэйскімі славутасцямі Гарадка, мясцовы жыхар Аляксей Жахавец стварыў сайт мястэчка (horodok.by). Нядаўна было выяўленае рэальнае месца, дзе спальвалі габрэяў, і калі інфармацыя пацвердзіцца, таксама ўсталюем памятны камень. Вось так вяртаецца памяць, і гэта выдатны прыклад для іншых.
Аб архівах канцлагераў і абязлічаных ворагах
— Якія новыя даследаванні і праекты цяпер падтрымлівае майстэрня?
— З прыходам Ірыны Кашталян у нас актывізавалася праектная праца. Ірына ездзіць са школьнымі настаўнікамі па канцлагерах, дзе яны вывучаюць архіўныя дакументы і культуру памяці. Мы са студэнтамі БДУ, разам з маладымі палякамі і немцамі таксама вывучаем, як у розных краінах памятаюць вайну. Нядаўна былі ў Аўшвіцы, наведалі Варшаўскае гета і знайшлі там матэрыялы былых вязняў з Мінска. Хочам перакласці іх на беларускую мову і надрукаваць.
У архівах канцлагераў захоўваецца шмат дакументаў, якія нам яшчэ трэба будзе вывучыць. Напрыклад, апошнім разам у архіве Асвенцыма сярод картак 15 тысяч савецкіх ваеннапалонных, на якіх вывучалі ўздзеянне атрутных газаў, я знайшоў і карткі людзей з Мінска, Брэста, Кобрына, Магілёва. Па апісаннях гэта была вельмі пакутлівая смерць. Мы хочам апублікаваць гэтыя імёны. Акрамя таго, мы зусім мала ведаем пра беларусаў, якія траплялі ў Нямецкі інстытут гігіены, дзе над імі таксама праводзілі вопыты. У Гродне жыве сведка Захар Тарасевіч, у якога ў гэты Інстытут гігіены трапілі прадстаўнікі яго сям’і адразу трох пакаленняў — нацысты спецыяльна адабралі рознаўзроставых удзельнікаў «для чысціні эксперыментаў».
Вось яшчэ збіраемся са студэнтамі ў Дахаў. Магчыма, з гэтага лагера прыбыў адзін эшалон і ў Трасцянец. Па выніках нашай працы хочам выдаць яшчэ адзін зборнік успамінаў вязняў розных канцлагераў — Майданка, Сабібора, Дахаў, Трэблінкі і іншых.
— А якая тэма застаецца яшчэ зусім нявывучанай?
— Нядаўна да нас звярнуўся амерыканскі даследчык з просьбай дапамагчы знайсці інфармацыю пра 11-ы літоўскі батальён. Гэта быў карны батальён Імпулявічуса, які складаўся ў асноўным з літоўцаў. Ён вылучаўся асаблівай жорсткасцю да мірнага насельніцтва, вязняў, ваеннапалонных. Нямецкае камандаванне нават скардзілася на яго зверствы ў Берлін. У Амерыцы тэмай цікавяцца, таму што частка з гэтага батальёна пасля вайны эмігравала ў ЗША і потым паўстала там перад судом.
І ён задаў нам пытанне: чаму ў нас няма кніг і даследаванняў аб злачынных батальёнах, якія забілі тысячы беларусаў? Мы пра гэта сапраўды мала ведаем. Толькі нядаўна з’явілася кніга аб карным батальёне больш вядомага нам Рыгора Васюры, які спаліў Хатынь. Камандавалі такімі батальёнымі немцы, а вось выканаўцамі былі і нашы суграмадзяне, бо камплектаваліся яны з ваеннапалонных.
У цэлым тэма акупацыі ў нас пакуль абгароджаная сцяной, відавочна праз з’яву калабарацыі. Але пра гэта трэба казаць.
А інакш у нас вайна і мысленне аб ёй так і будзе ў агульных і абязлічаных паняццях і вобразах.
Ганна Кручкова
Фота Аляксандра Кісялёва