Выязджаючы на пікнік, многія людзі бяруць з сабой усё неабходнае для адпачынку: правіянт, вугаль для вогнішча і шампуры. Але забываюць або не лічаць патрэбным захапіць з сабой пакеты для збору смецця. Пакідаючы адходы проста на зямлі, многія не задумваюцца аб іх далейшай гісторыі. Разам з нашымі героямі мы наведваем невялікую раку і чысцім яе бераг ад пакінутых упаковак і аднаразовага посуду. Аб адказнасці за свае дзеянні, клопаце пра экалогію, сямейных і грамадзянскіх каштоўнасцях мы гаворым з Леанідам Паўлёнкам і Ганнай Шапашнікавай, артыстамі музычна-тэатральнага ансамбля «Шпакоўня» («Скворечник»). Новая серыя праекта «Захапленнi».
Ганна Шапашнікава: Упершыню мы прыехалі на раку Волму, што знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне, тры гады таму ў пошуках чыстага месца для адпачынку. Ездзілі каля берага недзе гадзіну, але прыдатнага кутка не знайшлі. Калі да вады быў пратаптаны хоць бы маленькі праход, то каля яго ўзвышаліся горы смецця. Рака цячэ ўздоўж лесу, і ўсе паляны па берагах яе проста акупаваныя адходамі чалавечай жыццядзейнасці. Мы прабылі на беразе нейкі час і з’ехалі. Але пазней вярнуліся, прыхапіўшы смеццевыя пакеты.
Ганна Шапашнікава: У нас не атрымліваецца рабіць “рэйды” па зборы смецця рэгулярна, але некалькі разоў на год на нашую раку наведваемся. Калі нарадзілася нашая дачка Ева, яна пачала складаць нам кампанію. Мы жывем недалёка ад гэтага месца, і паход на Волму часта ўваходзіць у маршрут дзённай прагулкі.
Леанід Паўлёнак: Людзі глядзяць на нас з цікавасцю, але ніколі не ўступаюць у кантакт. Кожны “заняты” сваёй справай. Дзіўна, але адпачывальнікі не імкнуцца падтрымаць чысціню, якую мы спрабуем стварыць у гэтым месцы. Напэўна, яны так стамляюцца расслабляцца і атрымліваць задавальненне, што ў іх проста сілаў не хапае скласці сваё смецце ў мяшок і засунуць яго ў машыну. Пасля кожнага нашага “рэйду” з уборкай бераг забруджваецца за лічаныя дні.
Ганна Шапашнікава: Нам рэкамендавалі звярнуцца ў дзяржаўныя службы, якія займаюцца прыбіраннем дадзеных тэрыторый: відавочна, што наглядчыкі бываюць тут нячаста, і ў нашых найбліжэйшых планах — звярнуцца да іх па дапамогу.
Леанід Паўлёнак: Думаю, што мы яшчэ не патэлефанавалі ў гэтую інстанцыю таму, што папросту спадзяваліся на рэзананс сярод адпачывальнікаў. Дарэчы, у гэтым годзе смецця збіраецца ў разы менш, чым раней. Можа быць, хоць нехта заўважыў, што на чыстым беразе знаходзіцца прыемней.
Ганна Шапашнікава: Магчыма, і так, але я ведаю яшчэ адну сям’ю, якая часам прыбірае тут. А можа, у нас тут цэлае тайнае таварыства!
Ганна Шапашнікава: Калі жывеш у месцах, далёкіх ад горада, хочаш бачыць вакол сябе некранутыя чалавечай рукой дзікія куткі прыроды. Аднак нашы суседзі і прыезджыя госці нібы імкнуцца пакінуць пасля сябе пазнакі: “Тут елі кілбасу «Аматарскую», пілі “Аліварыю”, курылі “Winston”. Збіраючы смецце на рацэ, можна правесці незалежнае маркетынгавае даследаванне пераваг нашага насельніцтва. Нашыя з Лёнем перавагі ўзыходзяць да пачуцця адказнасці перад светам, у якім мы жывем: замест асалоды ад прыроды нам даводзіцца разграбаць адкіды, якія засталіся пасля пікнікоў.
Леанід Паўлёнак: Цікава, да якой мяжы чалавек можа “не заўважаць” бруду вакол сябе. Уявіце, людзі прыходзяць на раку загараць, купацца, часта разам з дзецьмі. Мабыць, яны разграбаюць смецце на той плошчы, дзе будуць ляжаць, а можа, проста засцілаюць яе покрывам, адкінуўшы ўбок занадта буйныя прадметы. Малыя пастаянна сутыкаюцца з пабітым шклом ў вадзе. Мне гэта нагадвае гульню-квэст: “Адпачні на прыродзе, не адрэзаўшы палец і не праткнуўшы азадак”.
Ганна Шапашнікава: Узнікае адчуванне, што людзі жывуць у свеце ілюзій: не спрабуючы змяніць навакольную рэальнасць, яны быццам не бачаць яе. Таму, мне здаецца, мяжа забруджвання можа і не наступіць.
Леанід Паўлёнак: На маю думку, такая абыякавасць да навакольнага асяроддзя часткова ўзнікае праз сацыяльную замкнёнасць людзей. Вядома, чалавек узаемадзейнічае з іншымі, але пры гэтым нібы выбудоўвае іерархію каштоўнасцяў, дзе ўсё, што не “я”, не “маё”, знаходзіцца на вельмі нізкіх прыступках. Прывяду просты прыклад з жыцця многіх гараджан. Часта пад’езды дамоў знаходзяцца ў вельмі неахайным стане: зламаныя дзверы, перакошаныя паштовыя скрыні, падлога, пакрытая рэкламнымі улёткамі, а смеццеправод струменіць вельмі непрыемным пахам. У такой абстаноўцы людзі жывуць гадамі, пры гэтым старанна клапоцячыся аб чысціні ўласнай кватэры. І ніхто не можа дзесяцігоддзямі знайсці выйсце з такой сітуацыі! Калі камунальная служба не выконвае сваіх абавязкаў, людзі згаджаюцца жыць у такіх умовах. Пры гэтым зрэдку нам сустракаюцца “ўзорныя” пад’езды, у якіх растуць кветкі, вісяць фіранкі, стаяць скрыні для смецця. Магчыма, жыхары гэтых пад’ездаў проста пачалі размаўляць адно з адным, і “нічыйная” прастора напоўнілася рэальнымі асобамі, стала “сваёй”, а адпаведна, каштоўнай.
Ганна Шапашнікава: Мне здаецца, частка жыхароў нашай планеты жыве, кіруючыся прынцыпам “Мы да вас заехалі на гадзіну”. У мяне ж зусім не атрымліваецца адчуваць сябе тут кватарантам або часовым госцем. Я — уласнік, які мае правы і абавязкі. Таму, сярод усяго іншага, выразна разумею, што смецце, пакінутае без перапрацоўкі на зямлі ці ў яе нетрах, можа прывесці да глабальных змяненняў экасістэмы планеты. Я ў пераменах такога роду адназначна не хачу ўдзельнічаць.
Ганна Шапашнікава: Усё часцей я бачу людзей, якія маюць невысокі ўзровень унутранай матывацыі да той ці іншай дзейнасці. Мне здаецца, што карані гэтага ляжаць у сістэме дзяржаўнага выхавання і адукацыі: пастаянны кантроль вонкавых фактараў (пахвала, адзнакі, абавязковыя неактуальныя для канкрэтнай асобы веды і ўменні і так далей) можа прывесці да парушэння ўсведамлення ўласных патрэбаў. Чалавек пачынае дыферэнцаваць значнасць указанняў: патрабуюць — зраблю, можна ўцячы — не зраблю. Вынікам такога падыходу могуць стаць парадаксальныя сітуацыі. Да прыкладу, чалавек можа падумаць: “Брудна як! Прыбрацца б… Але загаду не паступала, таму не буду”.
Леанід Паўлёнак: Да пэўнага моманту чалавек шчыра можа думаць, што сфера экалогіі навакольнага асяроддзя знаходзіцца па-за яго кампетэнцыяй: адпачывальнікі адпачываюць, дворнікі прыбіраюць. Гэты ўзор паводзін працуе ў цэнтры нашай сталіцы, але цярпіць фіяска на яе ўскраінах. Пры гэтым прынцып “перакладання адказнасці” працягвае існаваць, часам прымаючы гіпертрафаваныя формы. “А нам западло, не нашая праца”, — паставіць кропку загарэлая кампанія, размяшчаючыся сярод бутэлькавых коркаў і “тэтрапакаў”.
Ганна Шапашнікава: Мне здаецца, чакаць, пакуль жаданне захоўваць чысціню і парадак у грамадскіх месцах стане ўсвядомленай унутранай пазіцыяй чалавека, можна доўга. Але ёсць спосабы крыху дапамагчы людзям хоць бы прыняць да ўвагі, што такая праблема існуе. У першую чаргу неабходна звязацца з камунальнымі службамі, накіраваўшы ім просьбу аб абсталяванні месцаў адпачынку смеццевымі кантэйнерамі. Пры наяўнасці вольнага часу можна самастойна рабіць уборку тэрыторыі. А каб гэта не здавалася цяжкай руцінай, можна ператвараць працэс у вясёлы шпацыр.
Леанід Паўлёнак: Неабходна падымаць тэму смецця з самых розных бакоў: раздзельны збор пластыка, арганікі і паперы, вываз буйнагабарытнага смецця да спецыяльных месцаў зборкі, памяншэнне выкарыстання аднаразовага посуду, замена поліэтыленавых пакетаў тэкстыльнымі торбамі, мінімізацыя выкарыстання ў побыце цяжкараскладаных матэрыялаў і гэтак далей.
Ганна Шапашнікава: Ну а для тых, каму вельмі цяжка нешта рабіць без вонкавай стымуляцыі, можна ўвесці сістэму штрафаў — паслядоўную і строгую. Такая палітыка прынятая ў многіх краінах свету ў дачыненні да розных сацыяльных правілаў. Да прыкладу, у Фінляндыі, калі ты няправільна прыпаркаваў машыну, пра тваю памылку неўзабаве паведаміць у дарожную службу звычайны жыхар горада. У нас да такіх праяваў ставяцца як да “даносу”, але тут працуе іншы аспект: усвядомленая і актыўная грамадзянская пазіцыя “Наш свет — нашыя правілы”. Можа быць, праз сто гадоў акуратная ўборка смецця пасля сябе стане такім жа натуральным працэсам, як і сам адпачынак.
Ганна Трубачова, Ганна Шапашнікава
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»