6 лістапада ў грамадзкім цэнтры “Полацак” у Стронгсвілі, што недалёка ад Кліўлэнду, штат Агаё, прайшло адкрыцьцё адразу двух выстаў беларускіх мастакоў – “Абярэг” Ягора Батальёнка і “Мае мары” Аляксея Марачкіна – і адбылася сустрэча зь імі.
“Полацак” у гэты дзень прымаў у сябе каля сарака беларусаў, якія мелі магчымасьць пазнаёміцца з творамі нашых вядомых мастакоў, паразмаўляць зь імі, задаць цікавячыя пытаньні.
З вітальным словам зьвярнуўся да наведвальнікаў выставы Сяргей Раманюк – адзін з кіраўнікоў, безумоўна, найбольш прывабнага беларускага цэнтру на прасторах Паўночнай Амэрыкі. Карціны з беларускімі краявідамі толькі надалі гэтай залі сьвяточнага настрою і дазволілі ўбачыць на свае вочы родныя мясьціны, узгадаць матчыну хатку і нашу Беларусь.
“Апошнія гады такія мерапрыемствы ў нас адбываюцца ня так рэгулярна, як таго хочацца. А візыт такіх выбітных гасьцей непасрэдна з Беларусі – гэта сапраўдная падзея для ўсіх нас. – адзначыў спадар Сяргей. – У гэты вечар мы, дзякуючы сябрам што прыехалі з Нью Ёрка і дапамаглі зрабіць дадзеныя выставы, робім крок, каб паспрыяць павышэньню зацікаўленасьці беларусаў нашым мастацтвам і зрабіць такія імпрэзы больш частымі”.
Калі Ягор Батальёнак быў у беларускім Кліўлэндзе ўпершыню і не хаваў сваіх уражаньняў і захапленьня ад знаёмства з гэтым месцам і мясцовымі беларусамі. То Аляксея Марачкін можна назваць ужо добрым сябрам нашай дыяспары што жыве ў Агаё. Менавіта рукамі аднаго з лепшых сучасных мастакоў Беларусі быў распісаны іканастас велічна выглядаючай беларускай сьвятыні, што знаходзіцца літаральна за два крокі ад “Полацаку” – царквы Жыровіцкае Божае Маці.
Мае непасрэднае дачыненьне спадар Марачкін і да выданьня кнігі Анатоля Сыса “Сыс” (цудоўнаму беларускаму паэту 26 кастрычніка споўнілася б 50 гадоў), з якой чыталіся творы нашага паэта на адкрыцьці выставы: яго графіка упрыгожвае старонкі выданьня.
Творы Ягора Батальёнка і Аляксея Марачкіна, беларускія сьпевы ў выкананьні Валянціны Якімовіч ды вершы Анатоля Сыса стварылі па-сяброўску цёплы хатні настрой.
===
Гэта быў першы досьвед беларусаў Кліўлэнду ў арганізацыі выстаў беларускіх мастакоў як асобнага мерапрыемства. А для Беларускага Музэя ў Нью Ёрку выставы Аляксея Марачкіна і Ягора Батальёнка сталі 20-й і 21-й, арганізаванымі нашай установай.
Выказваем удзячнасьць за дапамогу ў арганізацыі выстаў кіраўніцтву грамадзкага цэнтру “Полацак” і пэрсанальна беларусам Кліўлэнду Сьвятлане Белай і Сяргею Раманюку.
www.belmuseum.org