У кнігарні “логвінаЎ” прайшоў творчы марафон салідарнасці з фігурантамі “Справы патрыётаў” і іншымі рэпрэсаванымі падчас падзеяў сакавіка гэтага года. Да ініцыятывы далучыліся вядомыя музыкі, філосафы, літаратары.
У цесным памяшканні кнігарні не прапхнуцца. Побач як вядомыя творцы, так і маладзёны “з вуліцы”, якім баліць за тое, што адбываецца навокал, альбо проста цікава ўбачыць і пачуць любімых творцаў.
Акцэнты ў пытанні “навошта і каму гэта трэба”, адразу расставіла Таццяна Вадалажская, каардынатарка “Лятучага ўніверсітэта”:
“Сярод абсурду і несправядлівасці нашых дзён, калі чалавечая годнасць выціскаецца з краіны, мы маем дапамагаць нашым сябрам і суграмадзянам. Галоўнае – гэта наша адчуванне свабоды і годнасці, падтрымліваць якую маюць і людзі слова – творцы, паэты, музыкі.”
Адзін з першых выступоўцаў і вядоўца вечара паэт Андрэй Хадановіч прачытаў верш Чэслава Мілаша, напісаны 67 гадоў таму, і, узяўшы гітару, праспяваў “Муры” Качмарскага. Апошняя песня асацыюецца як з часамі польскай “Салідарнасці”, так і з падзеямі Плошчы-2010, калі сам паэт спяваў яе перад натоўпам пратэстоўцаў.
Літаратар і старшыня Саюза пісьменнікаў Барыс Пятровіч распавёў аб тым, што ведаў асабіста шмат каго з фігурантаў “Справы патрыётаў”, а таксама адзначыў, што на такіх людзях трымаецца Беларусь. Пісьменнік таксама прачытаў некалькі сваіх кароткіх твораў: “Жывога пабачыць” і “Няшчасце”, напісаныя яшчэ ў 1990-я гады.
Літаратары цягам вечару часцяком звярталіся да твораў сваіх папярэднікаў: вершаў Якуба Коласа, напісаных у астрозе, прозы дысідэнта і палітыка Вацлава Гаўла, паэзіі Алеся Дудара. Філосаф Міхаіл Баярын, які нагадаў, што патрыёты зняволеныя за тое, што стваралі беларускую нацыю, зазірнуў яшчэ глыбей, прачытаўшы пераклад з санскрыту.
Музыка Алесь Мікус прымусіў прысутных згадаць словы гімну “Белага легіёна”, выступіўшы яшчэ і ў якасці дудара. Маладзейшае пакаленне атрымала ў рукі раздрукоўкі са словамі і актыўна падпявала. Філосаф Уладзімір Мацкевіч, які выконваў гімн разам з Мікусам, адзначыў, што добра ведае зняволенага па “Справе патрыётаў” Міраслава Лазоўскага ўжо 20 гадоў, а таксама прачытаў адзін са сваіх тэкстаў, напісаных у 2000-я.
У марафоне “Разам” узялі ўдзел таксама Лявон Вольскі, Андрусь Такінданг, Валянціна Аксак, Сяргей Харэўскі, Анатоль Івашчанка, Віктар Жыбуль, Валянцін Акудовіч і іншыя.
Алесь Кіркевіч
Фота Зарыны Кадрацьевай
Глядзіце таксама: