Murovei “Сольный” – Мураш па скуры

Таленавіты выканаўца Murovei схітрыўся запісаць адметны рэп-альбом без аніводнага мацюка. А таксама без фальшу, штампаў, вылузваньня, нахабства і пошласьці.

Гэты выканаўца зьвярнуў на сябе ўвагу ў дуэце Slozhnie. Праект жыў шчасьліва, але нядоўга: пасьля шалёнага посьпеху ў сеціве кліпа і прэзентацыі дэбютніка Murovei выправіўся ў сольнае плаваньне і даволі хутка самасцьвердзіўся, выдаўшы дэбютны сінгл. Альбом “Сольны” дае ўсе падставы казаць пра зьяўленьне яркага выканаўцы, які прыйшоў усур’ёз і надоўга.

Murovei — адзін з тых самародкаў, якія душой адчуваюць, як робіцца сумленны рэп. Яго трэкі лёгкія і мэлядычныя, у нечым нават мэдытатыўныя. Тэксты пазбаўленыя штампаў, у іх няма маласэнсоўнага вылузваньня, нахабства і пошласьці. Больш за тое, у альбоме няма ніводнага мацюка! Затое ёсьць пачуцьцё меры і рытму, гуку і слова, сакавітасьць бітоў і палёт думкі. Цікавы і густоўны экспэрымент — выкарыстаньне жывога акардэона, праўда, толькі ў адным трэку — “Великан”. Гэта яўна рэп, які паходзіць зь Беларусі, хоць і не прамаўляецца ў “Сольным” ніводнага беларускага слова. Выканаўца пазыцыянуе сябе як прадстаўнік “горада-героя Менска”, які “ня робіць фуфло”. Па-беларуску яму пакуль не чытаецца, відавочна, тут уплывае расейскамоўнае асяродзьдзе і боязь быць незразумелым масам, што сілкуюцца на Rap.ru. Але хутчэй за ўсё гэта справа часу. Ён ужо высьпеў як бітмэйкер і тэкставік, справа за тым, каб зрабіцца яшчэ Асобай ды выказвацца шырэй.

У “Сольным” адчуваецца грунтоўная заява на будучыню. Можа, якраз таму ён падаецца такім недаказаным, фактычна гэта лёгкая дэманстрацыяй здольнасьцяў. Гэтая праца — як займальная гісторыя, якую толькі пачалі апавядаць. І няма сумневу, што Murovei ўжо ведае працяг.

Спампаваць альбом “Сольный” можна тут

Ідэя: 7
Выкананьне: 8
Тэксты: 8
Запіс: 
8
Аздабленьне: 8

Сяргей Будкін