Журналісты і грамадскія актывісты — патэнцыйныя калегі альбо людзі, якія супрацоўнічаюць толькі ў крайніх выпадках, астатні час крыўдзячыся адно на аднаго? Ці можа быць супрацоўніцтва СМІ і актывістаў карысным і прадуктыўным? Кампанія “Будзьма беларусамі!” працягвае разбірацца ў гэтых пытаннях. Пасля ўдалага гомельскага “Прэс-клуба” “Будзьма накіравалася ў Віцебск, каб разабрацца, ці адрозніваецца сітуацыя ва ўзаемадзеянні ў розных рэгіёнах, а таксама даведацца, як жывуць і ці працуюць разам грамадскія актывісты і СМІ горада.
Як выявілася падчас сустрэчы “Журналісты і актывісты Віцебшчыны: як быць карыснымі адно аднаму?”, віцебскую сітуацыю з актывізмам і СМІ можна лічыць ледзь не феноменам, а адзін чалавек можа змяніць жыццё цэлага, хай і невялікага, горада.
Чаму вы нам цікавыя?
“Для пачатку давайце разбяромся, хто такія грамадскія актывісты, — кажа галоўны рэдактар партала CityDog.by Сяргей Сахараў. — Актывіст — гэта чалавек, які мае пэўныя памкненні і перакананні, ён гатовы не толькі ствараць ідэі, але і рэалізоўваць іх”.
“Будзьма” нездарма запрашае спадара Сахарава на другі запар “Прэс-клуб” па тэме супрацы СМІ і актывістаў. Рэч у тым, што сам спадар Сяргей за апошнія дваццаць гадоў паспеў пабыць па абодва бакі ўяўных барыкад, а цяпер сайт CityDog надзяляе вялікую ўвагу мінскім грамадскім актывістам.
“Што патрэбна СМІ ад актывістаў? Па-першае, інфармацыйная нагода, якая можа зацікавіць чытача і якая прынясе карысць сайту — уздыме наведвальнасць. Гэта не так цяжка, як падаецца. На досведзе нашага сайта, магу сказаць, што чытачы цікавяцца актыўнасцямі неабыякавых людзей. Напрыклад, такая тэма, як змены ў інфраструктуры горада — гарадская культура Мінска ў апошнія гады вельмі актыўна пачала развівацца, а актывісты — ці не найлепшыя эксперты ў праблемах горада. Актывістаў шмат, але пра іх мала ведаюць, пры тым, што эксперты ў розных галінах патрэбныя новым медыя як паветра. Таму, спадары актывісты, заяўляйце пра сябе як пра экспертаў”.
Хто цікавіць чытачоў новых медыя? Гэта дызайнеры, якія ствараюць модную вопратку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, гэта, напрыклад, малады чалавек, які ў Мінску за свае грошы аздобіў пад’езд звычайнага дома выявамі Сан-Францыска. Ды нават актывісты, якія дабіліся ўстаноўкі пандуса ля дома, таксама цікавыя.
“Чытачу важна паказаць як запачаткоўваецца грамадскі ці модны феномен. Зараз, прыкладам, пайшла мода на дабрачыннасць, прычым па гэткай амерыканскай схеме: вясёлае збіранне грошай на дапамогу жывёлам ці хворым дзецям збірае вялізную колькасць людзей на самай моднай мінскай вуліцы. Выявілася, што людзі з вялікай ахвотай ідуць на дабрачыннасць. Мы зрабілі рубрыку “Цуд на Каляды”, дзе збіралі прапановы, каго і як можна падтрымаць перад святамі. Карысталася вялікім поспехам”.
Да таго ж новыя медыя, па словах спадара Сахарава, аб’ядноўваюць інтарэсы бізнесу і НДА, як пра праект GrassRoots — нізавыя ініцыятывы, якія дапамагаюць змяніць Мінск. Праз медыя актывісты прапануюць свае праекты, бізнес падтрымлівае найбольш цікавыя.
“Добры прыклад тут — калі кампанія Samsung запусціла разам з намі праект “Адметныя”. Гэта праект па падтрымцы малога бізнесу, але бізнесу менавіта беларускамоўнага. Што маем у выніку, апроч таго, што пераможцы атрымалі грошы ад кампаніі? 15 артыкулаў пра беларускамоўны бізнес”.
Да таго ж, па словах спадара Сяргея, новыя медыя працуюць па зусім новай схеме, і чытач тут таксама іншы: гэта не чалавек, які чытае выключна навіны.
“Вось некалькі правілаў, як зрабіць так, каб пра вас напісалі. Першае: трэба добра разбірацца ў інфармацыйнай палітыцы таго медыя, да якога вы звярнуліся, што цікава, а што не. Умець патлумачыць падрабязна сэнс вашай унікальнай прапановы. Ствараць уцямныя рэлізы і рассылкі. Не саромецца прапаноўваць цікавыя гісторыі і незвычайных герояў. Прапаноўваць сябе ў якасці эксперта. Прапаноўваць супольныя праекты. І тады прадстаўнікам СМІ будзе не толькі цікава, але і карысна працаваць разам з вамі”.
Як гэта адбываецца ў Віцебску
“Самым паспяховым кейсам апошняга часу ў плане супрацы СМІ і актывістаў з’яўляецца гісторыя з копіяй Сафійскага сабора, супраць праекта якога выступілі незвычайныя для такой справы людзі, а менавіта пенсіянеры, — расказвае Вікторыя Дашкевіч, журналіст анлайн-газеты “Народныя навіны Віцебска” і таварыства “Зялёная сетка”. — Менавіта яны напісалі адкрыты ліст да ўладаў, але супрацу мы пачалі выпадкова. Калі абвясцілі збор подпісаў ля помніка Караткевічу, там адразу сабраўся натоўп грамадзянаў, якія хацелі падпісацца, што нас таксама здзівіла”.
Супрацьстаянне грамадзян, якія абараняюць парк ад пабудовы копіі Сафіі, працягваецца. У выканкам накіраваная прапанова па карэктаванні праекта. Рана казаць, чым усё скончыцца, але гэты кейс яшчэ неаднаразова з’явіцца на старонках СМІ.
“Мы спадзяемся на яшчэ адзін паспяховы кейс — падтрымка прытулку для жывёлаў, дзе дзяржаўнага фінансавання хапае толькі на заробкі супрацоўнікам. “Зялёная сетка” распачала праект, які атрымаў назву “Лахматыя лёсы”. Гэта гісторыі былых гадаванцаў прытулку і што з імі стала пасля таго, як іх адтуль забралі. Такі кейс можа стаць увогуле агульнарэспубліканскім. Мы ўзялі на сябе ролю дыпламатаў у гэтым пытанні: наладжваем сувязі, якія не можа наладзіць дырэкцыя. Ініцыятывы з боку грамадзян з’явіліся самі: ужо адгукнуліся і абяцалі падтрымаць мінскія байкеры, да нас прыехала “Кінастудыя жывой прыроды”. Важна, каб у гэтую справу ўключыліся ўсе — валанцёры, журналісты, актывісты, бо праблем, пачынаючы ад корму для жывёлаў там хапае”.
Атрымліваецца цікавая сітуацыя, калі СМІ і грамадскія актывісты супадаюць не толькі ў мэтах, але і спалучаюць абедзве функцыі адразу.
“Для супрацы са СМІ патрэбная нефармальная камунікацыя, — кажа спадарыня Вікторыя. — Тут нам могуць дапамагчы сацыяльныя сеткі, у нас не такая вялікая рэдакцыя, каб адгукацца на ўсе прэс-рэлізы. Калі ж нехта напіша мне ў сацыяльных сетках, што вось, адбудзецца цікавае мерапрыемства, я хутчэй адгукнуся. На асабістых кантактах усё працуе вельмі добра. Яшчэ адзін патрэбны момант — юрыдычная падтрымка, у кожнага ёсць знаёмыя, да якіх можна звярнуцца. Што да іншых гарадоў Віцебшчыны, то мы па магчымасці імкнемся ездзіць на цікавыя мерапрыемствы, асабліва калі там можна зрабіць якасны фотарэпартаж. Але ж пры запрашэннях вельмі просім звяртацца загадзя, бо абмежаваны штат не дае магчымасці рэагаваць на ўсе прапановы”.
“Будзе цікавая нагода — прыедуць усе, — кажа кіраўнік віцебскай філіі БАЖ Алена Сцяпанава. — Што да паспяховых кейсаў і супрацы з актывістамі, то за мінулы год на Віцебшчыне самымі рэзананснымі тэмамі для рэгіёна былі вышэйзгаданая віцебская Сафія, рамонт літары “Ў” у Полацку, а таксама аднаўленне базыяльнскага сабора ў Оршы”.
Чалавек, які змяняе Браслаў
Галляш Сялява — жыхар Браслава, горада вельмі невялікага (усяго дзевяць з паловай тысяч чалавек насельніцтва), на сваім прыкладзе паказвае як можна спалучыць журналістыку і грамадскі актывізм у адной асобе.
“Я стварыў партал braslaw.by, які пазіцыянуецца як альтэрнатыўная пляцоўка з анансаваннем актуальных падзей, які дае магчымасць вольна выказацца любому. Нашая аўдыторыя — жыхары горада, турысты, эмігранты. Праблемы, зразумела, ёсць: нястача людзей у камандзе, сезоннасць (Браслаў — усё ж такі турыстычны цэнтр), складанасць з рэкламадаўцамі. І галоўнае — цікавыя мерапрыемствы даводзіцца спачатку самому арганізоўваць, а пасля самому ж асвятляць”.
Мы проста пералічым частку цікавостак, якія стварыў (і асвятліў) спадар Сялява для горада разам з такімі ж неабыякавымі паплечнікамі. Заўважым, што Браслаўскі выканкам не заўжды нават разумеў, навошта тое трэба. Гэта:
1. Гурт народных танцаў Dzyndzik.
- Інтэлектуальныя гульні (з наведвальнасцю да сотні чалавек).
- Прасоўванне брэнда “Браслаў”. Стварэнне брашураў для турыстаў, мапы горада, якую яшчэ два гады таму было нерэальна знайсці.
- Спартыўныя спаборніцтвы — велакросы, лыжныя спаборніцтвы.
- Арганізацыя музычных мерапрыемстваў.
- Кінарух — прагляды кіно ў кавярнях і на адкрытым паветры.
- Батлейка.
- Фотасушка.
- Спроба зрабіць з браслаўскага млына турыстычны аб’ект.
- Збор сродкаў на швейную машынку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Насамрэч гэты спіс далёка не поўны.
“Пяць гадоў я гартую аўдыторыю вакол сайта. І, што самае цікавае, да прадпрымальнікаў, да простых людзей, як выяўляецца, вельмі нават можна дагрукацца. Музей дапамагае нам з батлейкай, прадпрымальнікі — са зборам сродкаў. А пасля людзі самі падцягваюцца — просяць напісаць пра іх, мы не адмаўляем”.
Як ініцыятыва можа стаць дзяржаўнай
“Наш праект “Магдэбургскі Віцебск” настолькі шырока асвятляўся дзяржаўнымі СМІ, што спачатку ў міністэрстве вырашылі, што праект дзяржаўны, а пасля далучыліся да нас, — расказвае Вольга Бізікава, грамадская актывістка, дырэктар сацыяльнай культурнай установы Vitebsk4Me”.
Vitebsk4me — яшчэ адзін удалы прыклад, калі культурніцкая арганізацыя можа зрабіць жыццё горада яскравым і разнастайным. Толькі за 2016 год “Віцебск для мяне” зладзіла курсы ангельскай мовы для супрацоўнікаў культуры, дабрачыннае “Добрае свята” для дзяцей Віцебскага раёна, мерапрыемствы для хворых дзяцей. “Віцебскі арт-алфавіт” ацаніла не толькі журы фестывалю ADNAK, але нават спецыялісты ў Казахстане. Дарэчы, толькі з алфавіта можа атрымацца выдатны гайд па горадзе для турыстаў.
Варта згадаць і пра сустрэчы з людзьмі з асаблівасцямі, цэлы навуковы курс “Наука вне себя”, стварэнне стрыт-арта з Казімірам Малевічам, збор сродкаў на кнігу “50 музеяў Віцебска”, некалькі фэстаў і маркетаў.
На жаль, не на кожную ініцыятыву зрэагавалі мясцовыя СМІ, але тут справа хутчэй у патрэбе аптымізаваць супольную працу, бо, як было агучана раней, на адных прэс-рэлізах далёка не даедзеш.
“Па вялікім рахунку, гэта пытанне тэхнічнае, — кажа каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі” Уладзімір Булаўскі. — Дасылаць рэлізы на мэйл — гэта нармальна. Мэйл, дарэчы, таксама трэба правяраць перыядычна. Але ж трэба больш шчыльна камунікаваць праз сацыяльныя сеткі і асабіста. Хочаце трапіць “на старонку” — патэлефануйце ў рэдакцыю, спытайце, ці атрымалі рэліз і ці будзе нейкі працяг”.
“Трэба яшчэ ўлічваць спецыфіку таго ці іншага СМІ, забаўляльны партал не будзе пісаць пра палітыку, а сацыяльна-палітычны можа прапускаць “лёгкія навіны”, — кажа Сяргей Сахараў. — І гэта правільна, бо галоўнае — ва ўзаемадзеянні адсочваць рэдакцыйную палітыку. Бывае і такое, што карпаратыўны СМІ робяць па якасці такія матэрыялы, што імі пачынаюць цікавіцца СМІ мэйнстрымавыя, магчыма, гэта ў тым ліку і будучыня СМІ Віцебска. Магчыма, варта часам самім станавіцца журналістамі ці рабіць нешта такое, што ўсе журналісты ў любым разе пойдуць асвятляць праблему”.
Мікалай Левертаў, фота Зарыны Кандрацьевай
Глядзіце таксама: