Алесь Тодараў на budzma.org разбіраецца з тым, што такое негатыўныя ўстаноўкі і чаму іх наяўнасць небяспечная для ментальнага і фізічнага здароўя.
У сеціве можна адшукаць цэлы шэраг навуковых даследаванняў, паводле якіх робіцца зразумелым, наколькі істотна мысленне можа ўплываць на розныя функцыі чалавечага арганізма і нават на яго фізічныя паказчыкі.
Таксама існуюць і навуковыя доказы таго, што наяўнасць негатыўных установак у свядомасці чалавека можа прывесці да хутчэйшага згасання ўсіх асноўных функцый галаўнога мозгу. Кажучы простымі словамі — негатыўнае мысленне забівае галаўны мозг.
У адным з такіх даследаванняў, якое доўжылася два гады і ў якім бралі ўдзел амаль тры сотні чалавек, рэспандэнтаў прасілі адказваць на пытанні аб сваіх звычайных думках. Таксама яны рэгулярна запаўнялі спецыяльныя апытальнікі, якія дапамагаюць выявіць сімптомы дэпрэсіі і трывогі. Акрамя гэтага ва ўсіх удзельнікаў з пэўнай перыядычнасцю правяралі памяць, увагу, прасторавае мысленне і маўленчыя навыкі.
У выніку даследчыкі выявілі, што людзі, якія мелі параўнальна больш негаўных установак у сваім мысленні, мелі адчувальнае зніжэнне ўсіх функцый галаўнога мозгу. Таксама яны мелі ніжэйшую самаацэнку і больш выяўленыя сімптомы дэпрэсіі і трывогі.
Некаторым удзельнікам гэтага даследавання таксама рабілі сканаванне мозгу, каб выявіць наяўнасць бялкоў, якія з’яўляюцца прычынай хваробы Альцгеймера. Бо, як вядома, гэтая хвароба прыводзіць да страты доўгачасавай памяці, з’яўляюцца парушэнні маўлення, губляецца здольнасць арыентавацца ў прасторы і даглядаць за сабой. Сярэдняя працягласць жыцця пасля пастаноўкі дыягназу складае ад трох да дзевяці год.
Паводле навукоўцаў, чым больш у чалавека негатыўных думак, тым болей назапашваецца бялку, які прыводзіць да хваробы Альцгеймера. Гэтыя даныя дэманструюць, як мысленне можа літаральна разбураць галаўны мозг чалавека фізічна. Але тут, здаецца, і без даследаванняў зразумела: чым больш маем негатыўных думак, тым большая рызыка займець дэпрэсію і павышаную трывожнасць.
Гэта звязана з тым, што займець негатыўныя ўстаноўкі значна, літаральна ў разы прасцей, чым пазітыўныя. Справа ў тым, што наш мозг эвалюцыйна запраграмаваны больш актыўна рэагаваць на негатыў. Бо ў мінулым нашым продкам даводзілася працяглы час сутыкацца з такімі малапрыемнымі з’явамі, як голад, хваробы, войны, катаклізмы і гэтак далей.
Прыкладам, чалавецтва больш-менш станоўча вырашыла праблему голаду адносна нядаўна — у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Кітайцы, нарвежцы, беларусы ды іншыя нацыі на нашай планеце сталі жыць сыта і камфортна толькі пасля сканчэння Другой сусветнай вайны.
У ранейшыя часы ігнараванне падобных цяжкасцей магло каштаваць жыцця, таму ў мозгу сфармаваліся магутныя нейронныя сістэмы, якія больш актыўна рэагуюць на негатыў, чым на пазітыў. Адсюль і сакрэт таго, чаму негатыўныя ўстаноўкі прыжываюцца значна прасцей, чым пазітыўная.
Менавіта з гэтай прычыны нам вельмі важна працаваць са сваім мысленнем — фармаваць трывалыя нейронныя сувязі, якія дазваляюць акцэнтаваць увагу збольшага на пазітыўных момантах, а не на негатыўных.
Замена негатыўных установак
1. Выпішыце на аркушы паперы ўсе вашыя негатыўныя ўстаноўкі.
2. Насупраць кожнай негатыўнай устаноўкі занатуйце па 3 пазітыўныя.
Напрыклад:
«Я нічога не даб’юся» — «Я ўпэўнены, што ў мяне ўсё атрымаецца»; «Я добры ў сваёй справе»; «Я дамагуся таго, аб чым нават не марыў».
3. Паверце ў пазітыўныя ўстаноўкі і паўтарайце іх кожны раз, калі негатыўныя думкі будуць зноў з’яўляцца ў вашай галаве.
Па вялікім рахунку, з негатыўнымі ўстаноўкамі можна жыць. Але ці будзе такое жыццё камфортным і прыемным? Пытанне хутчэй рытарычнае…
Ці не кожны з нас мае ў сваім атачэнні чалавека, які незадаволены літаральна ўсім на свеце і ва ўсім бачыць адно негатыў. Як правіла, яго цяжка назваць паспяховым і прывабным. З такімі камунікуюць хутчэй па інерцыі — сябар са школы або ўніверсітэта, з якім шмат што лучыць і зусім абарваць стасункі не выпадае з шэрагу прычын.
Варта памятаць, што выдаленне негатыўных установак пойдзе адназначна на карысць, бо з’явіцца пазітыўны настрой, вера ў свае сілы падвысіцца, з’явіцца жаданне як мага хутчэй дасягнуць пастаўленых мэтаў, або як мінімум здабыць гармонію з самім сабой.
Алесь Тодараў, budzma.org