Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч дала інтэрв'ю літоўскаму выданню 15min.lt, у якім распавяла пра вайну ва Украіне, пра тое, якая будучыня можа чакаць Расію і што рабіць інтэлектуалам у час вайны. Пераклалі самыя цікавыя моманты.
Фота Juliaus Kalinsko / 15min nuotr.
— Прайшло ўжо больш за паўгады з пачатку вайны, за гэты час свет моцна змяніўся. Яшчэ перад пачаткам вайны я прачытаў Ваша інтэрв’ю з пісьменніцай Гертай Мюлер, у якім Вы адзначылі, што не верыце ў тое, што В. Пуцін пачне вайну. Якую найбольшую памылку зрабіў Захад, не да канца ацаніўшы планы Пуціна? Можа, памылкова лічылася, што Расія змянілася, хоць у гэтай краіне нават дэсталінізацыя так і не адбылася цалкам?
— Калі памёр Міхаіл Гарбачоў, я падумала — як сумна было яму жыць у той час, у якім не засталося яго перабудовачных ідэй. Як бы там ні было, мы не верылі, што будзе вяртанне ў Сярэднявечча, што зноў адбудзецца вайна. Што расейцы будуць страляць ва ўкраінцаў. Мне гэта зусім цяжка зразумець, таму што мая маці ўкраінка, а бацька — беларус. У мяне ёсць сваякі ў абедзвюх краінах. Такое вар’яцтва немагчыма было нават уявіць.
Яны хочуць жыць у краіне, якой усе баяцца
— [...] Памятаю, калі я пісала кнігу «Час сэканд-хэнд», я задавала пытанне людзям самага рознага узросту — у якой краіне вы хацелі б жыць — у вялікай, але беднай, такой як Савецкі Саюз, якога, як вам здаецца, усе баяцца, ці ў маленькай, дзе паважаюць чалавека, такой як Данія, Нарвегія. І ведаеце, напэўна восем чалавек з дзесяці хацелі жыць у «вялікай» Расіі, якой усе баяцца. Гэты страх звязаны з іх разуменнем пра павагу. Для мяне гэта быў папераджальны сігнал. Калі я ездзіла па ўсім тым вялізным былым Савецкім Саюзе, я была проста агаломшаная, як шмат было паўсюль Сталіна, як ён дагэтуль застаецца для людзей прыкладам кіравання моцнай рукой. Як шмат суму па Савецкім Саюзе. Калі я паехала у Маскву да сяброў, я ім пра гэта расказала, а яны мне сказалі: «Не, Святлана, табе так толькі здаецца. Павярнуць гісторыю назад, павярнуць нас назад ужо немагчыма. Як можна забараніць свабодныя газеты, кнігі? Гэта немагчыма». Аднак гэта адбываецца на нашых вачах. Значыць, магчыма.
— Вы сказалі, што рускі народ — гэта «людзі вайны», якія альбо ваююць, альбо рыхтуюцца да новай вайны. Таму і вайну ва Украіне яны, відаць, прымаюць не як нешта страшнае, а як тое, чаго можна было чакаць.
— Я лічу, што тыя 70 гадоў былі быццам жыццё ў ГУЛАГу. А пасля нас выпусцілі — адчынілі браму і сказалі: ідзіце, але выхад з брамы лагера не значыць, што адразу станеш свабодным. Мы выйшлі, але не ведалі, што рабіць, як жыць. Аказалася, што мы зусім не падрыхтаваныя да таго новага жыцця. Мільёны савецкіх людзей і іх дзяцей выхоўваліся паводле свайго савецкага разумення, вучыліся па савецкіх падручніках, іх вучылі савецкія настаўнікі.
Яны выйшлі з лагернай брамы, але што яны пачалі будаваць? Яны пачалі будаваць новы лагер. У іх няма іншага разумення.
— Адна з тэм, што цяпер часта абмяркоўваюцца — як ацэньваць рускую культуру? Як ацэньваць такіх пісьменнікаў, як Фёдар Дастаеўскі? Ці руская культура, па Вашым меркаванні, таксама адлюстроўвае імперскае мысленне?
— Для мяне Ф. Дастаеўскі застаўся вялікім пісьменнікам, які вельмі шмат сказаў пра таго чалавека, які жыве цяпер. Але я, скажам, не чытаю страшныя старонкі дзённіка Дастаеўскага, дзе ён піша пра немцаў, яўрэяў. Рэчы, якія я ніколі не разумела і не зразумею. І Міхаіл Булгакаў, і Ф. Дастаеўскі былі добрымі пісьменнікамі, аднак у іх творчасці ёсць рэчы, якія мне незразумелыя.
Зноўку закахалася ва Ўкраіну
— Вядома, мы ўсе верым, што Украіна пераможа ў гэтай вайне. Але ці Вы ўяўляеце, што было б, калі б яна не перамагла?
— Я часам прачынаюся ноччу з гэтай страшнай думкай. Не, мы павінны перамагчы. Пераможа не Украіна, а мы ўсе разам пераможам ці не пераможам. Мы пераможам або не пераможам гэты новы фашызм.
— На наступным тыдні Вы наведаеце Літву. Украіну падтрымліваюць ў многіх краінах свету, але я, напэўна, не памылюся, калі скажу, што ў краінах Балтыі, у Польшчы Украіну падтрымліваюць асабліва моцна. Гэта звязана з нашым гістарычным досведам, таму што мы выдатна ведаем, чаго можна чакаць ад Расіі, што, магчыма, не да канца ўсведамляюць на Захадзе?
— Калі я сустракаюся з чытачамі ў Германіі, я распавядаю ім пра кнігу «Час сэканд-хэнд», а яны не разумеюць, як такое можа быць. Яны гэтага не ведаюць. А беларусы, літоўцы гэта ведаюць. Мы ведаем, што такое краіна ГУЛАГу. Але беларусы на дадзены момант бяссільныя — яны самі акупаваныя. Ведаеце, чым страшная дыктатура? Яна гвалтам ператварае ўсіх у саўдзельнікаў. Праз сваю бездапаможнасць мы робімся саўдзельнікамі.
— Як людзі ў Беларусі рэагуюць на падзеі ва Украіне?
— Беларусы вельмі любяць украінцаў. Расейцы гавораць пра ўкраінцаў з нянавісцю, а ў Беларусі гэта было б немагчыма ўявіць. Беларусы зусім не хочуць ваяваць з украінцамі. Я думаю, што Аляксандр Лукашэнка гэта адчувае, — калі ён уступіць у вайну, у Беларусі пачнуцца бунты.
— Здаецца, У. Пуцін не думаў, што ўкраінцы будуць так абараняцца, ён чакаў хуткай перамогі.
— Я зноўку закахалася ва Украіну. Як яны абараняліся ў першыя дні вайны, калі ўсе думалі, што ўкраінцы не змогуць супрацьстаяць расейцам. Бо тады яшчэ ніхто не ведаў, што расейскія танкі старыя, што іх танкісты п’яныя, ніхто не ўяўляў, што іх армія не такая моцная, як яе спрабавалі паказаць. Але ўкраінцы не здаваліся, яны пераламілі сітуацыю. Гэта выклікае захапленне. Нядаўна я пазнаёмілася з украінкай, якая распавяла, як ва Украіне збіраюць падтрымку арміі. Людзі дастаюць з кашалькоў апошнія грошы, ахвяруюць нават заручальныя пярсцёнкі. У той жанчыны муж і сын пайшлі на вайну... Ведаеце, на Украіне ёсць такі звычай — калі прыносяць астанкі загінулага героя, уся вёска збіраецца і кленчыць...
Шукаць патрэбныя словы
— Калі пачалася вайна, многія пісьменнікі казалі, што ім было цяжка засяродзіцца на пісанні, што гэта ўжо не здавалася такім важным, з’явіўся нібы блок пісання. Вы таксама адчувалі гэта?
— Пасля падзей у Беларусі я была вымушаная пакінуць краіну, таму што мяне пераследавала ўлада. Калі пачаліся пратэсты, я вырашыла, што напішу кнігу пра рэвалюцыю ў Беларусі, хаця перад гэтым у мяне былі зусім іншыя планы — я планавала напісаць дзве кнігі, адну — пра каханне, другую — пра старасць. Калі пачаліся акцыі, я ўбачыла зусім іншых беларусаў. І вырашыла, што трэба пра гэта напісаць. У той час я думала, што чырвонаму чалавеку прыйшоў канец. Але аказалася, што не. Гэтыя ідэі ўсё яшчэ жывыя ў новай перакручанай форме. Імперыя не скончылася. Дарэмна мы думалі, што змаглі гэта пераадолець. І мы не ведаем, што нас чакае ў будучыні.
— Што інтэлектуалы, пісьменнікі могуць у такі час?
— Я змагла справіцца са сваім сумам. Я хацела жыць дома, — гэта ўжо другая мая эміграцыя, і на гэты раз яна вельмі цяжкая, бо і я ўжо старэйшая. Аднак давялося з’ехаць. Але кожны павінен рабіць сваю справу. Я павінна пісаць. Павінна шукаць словы, якія могуць пераканаць чалавека, які крычыць «Я ненавіджу ўкраінцаў». Уявіце, да якога вар’яцтва дайшлі людзі, калі яны крычаць такія рэчы. Я бачыла адно вулічнае апытанне ў Расіі, дзе ў людзей пыталіся, як яны ставяцца да таго, што адбываецца. І адна жанчына сказала — мая сястра жыве ў Харкаве, але я ўсё роўна веру ў У. Пуціна, веру ў нашага прэзідэнта і веру ў будучыню вялікай Расіі. Той імперыялізм — яго не так проста будзе пахаваць у душах людзей.
— Зараз у Еўропе абмяркоўваюць візы для грамадзян Расіі. Якое Ваша меркаванне на гэты конт — ці варта не выдаваць візы расейцам?
— Я не лічу, што гэта добры шлях. Думаць, што гэтыя людзі пачнуць у сябе рэвалюцыю — наіўна. Не пачнуць яны рэвалюцыю. Будуць сядзець у сябе дома і рабіцца яшчэ страшнейшыя. Трэба, каб яны пабачылі, як людзі жывуць, што яны гавораць, у якіх зносінах яны паміж сабой. Гэта было б доказам дэмакратыі. А калі заперці іх у логаве — яны ад гэтага зробяцца толькі яшчэ страшнейшыя.
— Якой Вы бачыце будучыню Расіі?
— Ёсць шмат варыянтаў. Я прытрымліваюся версіі, якая часта гучыць — што Расія распадзецца на некалькі дзяржаваў. Думаю, што гэты шлях магчымы.
Перамога Украіны таксама вельмі важная і для беларусаў, каб яны змаглі вырвацца з няволі. І для саміх расійцаў, — каб яны прачнуліся, бо і там ёсць шмат добрых, разумных людзей.
Аўдрус Ожалас, намеснік гал. рэдактара
Пераклад з літоўскай