Пад эгідай чацвераногага талісмана фестывалю, сабакі-“авіятара” Элі, у выходныя на аэрадроме Баравая адбыўся чацвёрты авіяцыйны фестываль #Пронебо.
Наведнікаў чакалі авіягонкі, спаборніцтвы парашутыстаў, выступы кавер-гуртоў, фудкорт ад Vulitsa Ezha, дрон-рэйсінг, лекторыі, дзіцячая пляцоўка і фатазона. Па словах арганізатараў, першы дзень фестывалю наведала каля 30 тысяч чалавек. А ахвочыя нават мелі магчымасць палятаць на верталёце ці паветраным шары.
Сёлета Беларусь другі раз прымала чэмпіянат па верталётным спорце. Першы быў яшчэ за савецкім часам. Чэмпіянат доўжыўся тыдзень, пілоты спаборнічалі ў слаламе, развозцы грузаў, палётах на дакладнасць, навігацыі, каманднай эстафеце. Фіналы і ўзнагароджанне пераможцаў адбыліся акурат у суботу. Беларуская каманда заняла другое месца, апярэдзіўшы прадстаўнікоў Польшчы, але саступіла расійскай зборнай.
Аэрадром Баравая прымаў авіяцыйны фестываль апошні раз, восенню ён закрыецца, на яго месцы мусіць вырасці жылы мікрараён.
Будзем спадзявацца, што на гэтым гісторыя фестывалю #Пронебо не скончыцца.
Зарына Кандрацьева