Днямі адбыўся азнаямленчы візіт ў Заходнепаморскае ваяводства Польшчы для знаёмства з мясцовымі практыкамі ў галіне лакальнага развіцця, які арганізавалі Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA і грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”. Ці была гэтая ініцыятыва “Разам да справы!” карыснай, пакажа час, бо праца па вырашэнні пытанняў у родных мясцінах яшчэ наперадзе. Аднак вярнуліся госці з Польшчы з цэлым куфрам ідэй і ведаў.
А хто там ідзе?
Першая сустрэча на аўтавакзале ў Мінску выклікала цікавасць і асцярогу адначасова: якія думкі ў гэтых людзей, ці знойдзем з імі паразуменне? Усе рознага ўзросту, з рознымі сферамі інтарэсаў, хто грамадскі актывіст, хто адвакат, бізнесовец, журналіст…
Аднак кантакт быў наладжаны ўжо ў дарозе — праз размовы і гульні. Цягнік — не самалёт, і калі трэба шэсць гадзін дабірацца з Варшавы да Шчэціна, займаць час лепей не сёрфінгам у сеціве, а цімбілдынгам.
З настроем на супрацу дабраліся да пункту прызначэння, дзе адразу трапілі ў рукі добразычлівага гаспадара Томаша Чубары, дэпутата мясцовага самакіравання горада Добра, што недалёка ад Шчэціна.
Кожны дзень ён знаёміў нас з прыкладамі самакіравання ў Польшы на ўсіх узроўнях — ад гміны да ваяводства. Трэба адразу патлумачыць, што ў суседняй парламенцкай рэспубліцы такая сістэма: краіна падзеленая на 16 ваяводстваў, тыя — на паветы, а самай малой адміністрацыйнай адзінкай сталі гміны (сельскія, сельска-гарадскія і гарадскія). Выканаўчай уладай на кожнай прыступцы з’яўляюцца адпаведна ўправа з маршалкам, управа са старастам і мэр/бургамістр/прэзідэнт. А заканадаўчай — ваяводскі сейм на чале з ваяводам, савет павету і савет гміны.
Аналогія з беларускай сістэмай відавочная. Аднак розніца заўважная адразу: органы самакіравання тут далёка не намінальныя. Праявы мы ўбачылі на ўласныя вочы ўжо на наступны дзень — падчас экскурсіі па Шчэціне.
Горад для людзей, жывёл і ўспамінаў
Першае, што немагчыма не заўважыць: Шчэцін — горад, арыентаваны на людзей. Вуліцы, быццам павуціннем, аплецены сеткай веладарожак, аддзеленых ад праезнай часткі і тратуараў, з адпаведнай разметкай і святлафорамі, з’ездамі і амаль поўнай адсутнасцю бардзюраў. Асобная тактыльная разметка зробленая і для людзей са слабым зрокам. Сервіс велапарковак па прынцыпе самаабслугоўвання — ад адной парковачнай станцыі да другой — карыстаецца попытам у насельніцтва.
Як велааматар я пазайздросціла. Але хіба ў нас не мясцовымі ініцыятывамі справа зрушылася з месца і пачала з’яўляцца інфраструктура? Няхай і сёння велашэйрынг нават у сталіцы не развіты, аднак гэта толькі пакуль…
Паўсюль кантэйнеры для раздзельнага збору смецця. На большасці дамоў здалёк відаць трафарэты назваў вуліц. Ды што там — нават пра жывёлаў тут паклапаціліся! Талерка с вадой, прызначаная сабакам на выгуле, стаіць побач з муніцыпалітэтам.
А за ім самім (дарэчы, шыкоўным будынкам) — парк са шматгадовымі дрэвамі і алеямі, уздоўж якіх падчас нашага візіту працягнуліся рады намётаў разнастайных няўрадавых арганізацый, НДА, таварыстваў і грамадскіх аб’яднанняў, спартыўных секцый і гэтак далей. Так выглядае кірмаш “Pod Platanami”, на якім няўрадавыя арганізацыі Шчэціна прадстаўляюць сябе, сваю дзейнасць. Больш за 150 ініцыятыў — тут аб’яднанне донараў крыві, тут — мастакоў-афарміцеляў. Былі аматары зброі, абаронцы дэмакратыі, арганізацыя дапамогі сем’ям з дзецьмі-інвалідамі. Нават Ліга супергерояў, мэта якой — дапамагаць дзецям з усмешкай і мужнасцю пераадольваць складаныя сітуацыі. Гэта ўражвае. І не толькі колькасцю ініцыятыў. Такі кірмаш штогод арганізуюць і фінансуюць мясцовыя ўлады.
Завіталі ў яшчэ адно месца, якім ганарацца мясцовыя ўлады і насельніцтва, — на могілкі. Мы таксама здзіўляліся, пакуль не пабачылі на ўласныя вочы некропаль з цяністымі алеямі, ружавымі садамі, фантанамі, альпійскімі горкамі, дзе на лапіках могілак з крыжамі і лампадкамі цесна пераплеценая гісторыя Польшчы, Германіі і Савецкага Саюза. Вялізнае па тэрыторыі месца супакою ўяўляе сабой велічны парк, дзе любяць гуляць месцічы і куды часцяком наведваюцца турысты. Нават назва вуліцы, якая вядзе да могілак, гучыць аптымістычна — Да Сонца (Ku Słońcu).
Усё гэта “простыя словы, простыя рэчы”. Аднак хтосьці палічыў бы іх толькі марай для Беларусі. А хтосьці здольны мару ператварыць у мэту, што і рабілі многія з нашай каманды, занатоўваючы ўпадабаны польскі досвед у смартфоны, айфоны і — па-старому — у нататнік. Каб потым пракладаць да сваёй мэты пакуль яшчэ вельмі загадкавую “дарожную карту”.
Словы, словы, словы…
Кардынальныя змены ў краіне пачаліся ў 1989 годзе, разам з палітыкай дэцэнтралізацыі. Што гэта такое, яскрава бачна на прыкладзе гміны. Менавіта з гмінамі звязаная рэалізацыя публічных задач тэрытарыяльнага самакіравання. Савет гміны выконвае функцыю кантролю і зацвярджае бюджэт. Праўленне прызначае і ўзначальвае старшыня гміны, які выбіраецца прамым галасаваннем. І вялізны плюс — поўная фінансавая самастойнасць гміны ад цэнтральнай і рэгіянальнай уладаў. Цікава і тое, што падаткі насельніцтва трапляюць у бюджэт па месцы пражывання, а не працы чалавека. Вось чаму кожная гміна зацікаўленая ў тым, каб стварыць найперш камфортныя ўмовы для жыцця — дарогі, аб’екты культуры, спорту і гэтак далей. Не абыходзіцца без еўрапейскіх грошай, аднак пра інвестыцыйны дождж гаворка не ідзе: трэба шукаць адпаведную мэце праграму Еўрасаюза.
Аднак змены не былі такімі хуткімі, прайшло больш за 25 гадоў, а Польшча толькі цяпер больш-менш наблізілася да ўзроўню моцных краін Еўрасаюза.
Падсумоўваючы пачутае, трэба прызнаць: і нам хочацца, каб чыноўнікі, дэпутаты былі бліжэйшымі да народа, актыўна прысутнічалі ў сацсетках, займаліся спортам і самаадукацыяй, валодалі замежнымі мовамі. Хочацца мець і Цэнтр падтрымкі няўрадавых арганізацый. Хочацца, каб трэці сектар не проста ўздымаў праблемы, якіх не бачыць адміністрацыя, і як вынік — уплываў на рашэнні. У Польшчы адміністрацыя перадае такім арганізацыям грошы на дзейнасць, якой, па сутнасці, павінная займацца сама. Калі хочаце, можна гэта назваць сацыяльным заказам на аснове фармавання публічнага бюджэту.
А як яно на практыцы?
У муніцыпалітэце Венгожына пані-бургамістр і старшыня савета гміны ўтварылі цудоўны дуэт і шукаюць не падставы, каб адмовіць у выкананні запытаў насельніцтва, а магчымасці, каб іх выканаць. “Вось там вулічныя трэнажоры паставілі. Уладкавалі зону рэкрэацыі. Стары напаўразвалены будынак фермы ператварылі ў прыгожы сельскі клуб”, — хваляцца гаспадары гміны. А потым накіроўваюць да будынка валанцёрскай пажарнай службы, якая абслугоўваецца добраахвотнымі пажарнымі і ўтрымліваецца за кошт адміністрацыі. Узровень падрыхтоўкі непрафесіяналаў высокі, дый тэхнічна яны добра забяспечаныя. Нават цеплавізары ёсць.
Не так лёгка пераадолець інертнасць насельніцтва. Аднак складзеная сістэма дазваляе нават дзецям уносіць свае прапановы па развіцці родных мясцін. А калі знайсці правільны падыход, дык і дамаседы падцягнуцца і талакой зробяць добрую справу. Як гэта было пры будаўніцтве касцёла. Калі паабяцалі пасля працы штодзень піва з мясам — насельніцтва валам са сваімі рыдлёўкамі ды іншымі прыладамі паваліла. Чаму б і не?
Бургамістр горада Злоценец прыйшоў да кіравання з няўрадавай арганізацыі. “Я сам нарадзіўся тут, тут працаваў і тут застануся”, — тлумачыць спадар Кшыстаф Захажэўскі, і адразу разумееш, што хоць у гэтых словах і ёсць прыкмета хітрага палітыка, аднак адчуваецца і любоў да малой радзімы.
Першае, што ён зрабіў у новай якасці, — набраў маладую каманду і пачаў рэбрэндынг месца. У Злоценца з’явілася сваё лога, сайт, дзякуючы якому забяспечваецца празрыстасць выкарыстання бюджэтных сродкаў і ўдзел грамадзян у кіраўніцтве справамі горада. За бюджэтны кошт выдаецца свая газета-бюлетэнь (дзе таксама публікуецца справаздача па публічных фінансах), а суаўтарамі навінаў з’яўляюцца самі жыхары. Да ўсяго, бургамістр прапанаваў месцічам разам з ім бегаць раз на тыдзень, заадно і паразмаўляць.
Аднак блізкасць Заходняга Памор’я да Германіі, Нарвегіі і Даніі абумовіла працоўную міграцыю ў гэтыя краіны. Высокія заробкі вабяць палякаў, а на іх месцы спецыялістаў пакрысе прыходзяць мігранты, у прыватнасці, з Украіны. Акрамя таго, пры наяўнасці вакансій працаваць многія палякі не збіраюцца: дзяржстрахоўка дазваляе няблага жыць, выхоўваць дзяцей… Але ёсць і адмоўная статыстыка — па разводах. Калі мужчына з’язджае на заробкі ў суседнюю краіну, часта гэта робіцца першым крокам да распаду сям’і.
Стратэгія, брэнд і адно акно
Вонкавую частку Шчэціна мы ацанілі. А як працуе механізм гэтай махіны з насельніцтвам больш за 400 тыс.? Пры выбары кірунку развіцця тут акрэслілі слабыя і моцныя бакі. Паколькі побач тры вялікія еўрапейскія сталіцы, актыўна пачалі будавацца дарогі. Попыт на аўтсорс-паслугі абудзіў стварэнне офісаў. Пачалі аб’ядноўвацца ў кластары бізнес і навука. Кожны крок пралічаны, дарожная карта складзеная.
Бюро па справах няўрадавых арганізацый фармавалася паступова, нават без прававой асновы, гэта быў шчэцінскі эксперымент. Цяпер на лакальнай мадэлі грамадскага бюджэту мы ўбачылі, як самі жыхары на ўсіх узроўнях могуць прапаноўваць ідэі размеркавання сродкаў і галасаваць за лепшыя варыянты.
Развіццё горада закладзенае і ў брэндбук Шчэціна. У колерах і формах адлюстраваны Шчэцін будучыні — зоны рэкрэацыі на месцы разваленых прамысловых аб’ектаў, інавацыі, студэнцтва, метраполія. Хоць і шмат давялося заплаціць за паслугі распрацоўшчыкаў, гэта таго каштавала.
“Адно акно”, — падумалася, калі мы прайшлі па залах муніцыпалітэта, прыстасаваных для ўсіх, у тым ліку людзей з інваліднасцю, і асабліва калі зазірнулі ў Бюро абслугоўвання насельніцтва. Перад уваходам — інтэрактыўнае меню, дзе на вялікім экране некалькімі клікамі можна знайсці інфармацыю пра сваю заяву: калі была прынятая, стан разгляду, рашэнне па ёй. А ў самой зале Бюро па электроннай чарзе хутка трапляеш у патрэбны аддзел. Тут і пашпарт выдаюць, і дакументы на аўто, і самі правы. Тут кансультуюць палякаў і замежнікаў, даюць інфармацыю па горадзе і шмат-шмат іншага. Шумнавата, аднак хутка і карэктна. Чэргаў амаль няма, а для тых, хто чакае, ёсць дзе пасядзець, скарыстацца бясплатным Wi-fi.
Мора-морачка
Дзіўна было б прыехаць у Памор’е і не заруліць да Балтыкі ў гарпасёлак Дзівнув — цэнтр адной з самых малых, але прывабных гмін Польшчы.
Намеснік бургамістра, прагульваючыся з намі па горадзе да пляжа, пацвердзіў: горад жыве турызмам і, натуральна, шмат тых, хто заніжае ці хавае рэальны прыбытак. Тым не менш казна не пустуе, а месцічы ствараюць ціхі рай для турыстаў — сямейных і аматараў паруснага спорту. Пашыраецца дарога да турыстычнай зоны, пабудаваны рыбацкі порт, добраўпарадкаваны гарадок.
Калі мясцовыя жыхары, стомленыя гэтымі краявідамі, на адпачынак імкнуцца ў горы, дык для беларуса кожнае спатканне з морам — момант асаблівага яднання з Сусветам.
Скрынка Пандоры
Куфар ідэй, народжаных пад уплывам польскага досведу, забіты даверху. А значыць, паездка атрымалася. Гэты багаж можа застацца неразабраным, а можа “выбухнуць” моцна, стварыўшы эфект скрыні Пандоры, самымі разнастайнымі ініцыятывамі. Тут і спецпляцоўкі для сабак у Полацку, і азеляненне горада жыхарамі ў Слоніме, вывучэнне яго гісторыі школьнікамі праз складанне сваіх турыстычных мапаў; пляцоўка для падлеткаў у Барысаве; адукацыя і інфармаванне жыхароў праз улёткі пра сустрэчы з дэпутатамі ў Слуцку; праца над адкрытасцю жыхароў і ўладаў Рудабелкі; стварэнне ініцыятыўнай групы па развіцці Аксакаўшчыны; развіццё турыстычнага брэнду і інфраструктуры Браслава; грамадскія рады пры Віцебскім гарвыканкаме; ператварэнне Горак у горад-кампус…
Аднак акрамя ўсяго, падчас паездкі мы набылі яшчэ адно вельмі важнае — сяброў і новыя знаёмствы з цікавымі, ініцыятыўнымі, крыху эпатажнымі, творчымі і натхнёнымі землякамі, якімі жыве Беларусь.
Кацярына Васількова
Фота Андрэя Павука, Дзмітрыя Маркушэўскага, Марыі Шарый