21 чэрвеня у мінскім клубе RE:PUBLIC адбыўся фестываль мабільнасці “Самаход-2013”. Імпрэза была арганізаваная грамадскай кааліцыяй “У Беларусь і Еўропу — без візы!” і мела на мэце прэзентаваць гэтую ініцыятыву. Галоўнымі дзеячамі вечара зрабіліся людзі, якія (калі меркаваць з выступаў у найбліжэйшым замежжы) стала маюць візы, а заадно з’яўляюцца вядомымі музыкамі. На лінію фронту вайны з візавым пытаннечкам кінутыя беларускія згуртаванні Akute і Clover Club.
Аматары айчыннага року, што дайшлі да імпрэзы, мусяць быць задаволенымі: чэргаў на бары не здаралася і з відовішчнай часткай усё было як мае быць. Пасля візавых ролевых гульняў на ўваходзе трапляем у залу. Вось вакалістка Clover Club Воля “Патрык” у пазнавальнай манеры спявае седзячы, а вось ужо нервова мітусіцца па сцэне і б’е ў тамбурын. “А цяпер сумная песня-мядляк” — і зала заціхае, каб пары закаханых маглі патанчыць у абдымках. Стаміўшыся ад драйву, спявае лежачы, затым устае і робіць Врыкшасану — асану “дрэва”. Гармонія публікі і гурта атрымлівае фізічнае ўвасабленне. “Вялікі дзякуй, вы зарадзілі нас перад начным фэстам”, — гурт знікае са сцэны, каб адпачыць і адправіцца на другі выступ у гэты дзень. Беларускі шоу-біз — ён такі, нічым не лягчэйшы за шэнгенскі…
Матэрыялізуецца на сцэне кіраўнік цяпер ужо віртуальнай “Арт-Сядзібы”, вядучы імпрэзы Павел Белавус, і правакуе ў залі авацыю. Хто сказаў, што біс можа быць толькі на сольным канцэрце? Беларусь без візаў, а “жывага” — без прымхаў, і гурт з’яўляцца на сцэне нанова, каб сыграць “на дарожку” самую старую песню са свайго рэпертуару.
У перарыве паміж выступамі вядоўца расказвае пра некалькі прэмій, якія ўжо мае Clover Club. Дзіўным чынам ён не агучвае назвы гэтых прэмій, падліваючы алею ў дыскусію “ці памінаць назвы беларускіх музычных прэмій всуе”, што захапіла байнэт. Прадстаўнік арганізатараў Алесь Герасіменка выходзіць, каб унесці яснасць: “Пакуль візы не даем, толькі цішоткі”. Разыгрываюцца цішоткі, расказваецца пра дзейнасць ініцыятывы, адшукваюцца людзі з візай беларускай. Яна, знайшоўшы месца ў чыімсьці літоўскім пашпарце, дэманструецца ўсім прысутным як экспанат, які ў хуткім часе мае зрабіцца атавізмам. “Жыве Літва!” — падводзіць рысу канферансье і ў манеры, пазбаўленай фармальнасцяў, прызывае гледачоў “сустракаць Стасіка”. Вока ахоўніка дрыгаецца, але хутка супакойваецца — мяжа прыстойнасці на замку хітрасці. Алілуя!
“Вось мы пачынаем”, — кажуць магілёўцы і, сапраўды, пачынаюць. Меншая за звычайную для сольных канцэртаў, аўдыторыя падтрымлівае герояў стойка, і групавое плясканне ў ладкі адбываецца ўжо на “Іголках”. Падчас каверу “На далоні” сваімі думкамі гучна дзеліцца “меламан са стажам Паўлюк”, што сядзіць побач: “Ты разумееш, вось табе колькі гадоў? Яны нядрэнныя хлопцы, песні класныя, але каб чапаць класіку, трэба, ну, разумееш, крыху больш”. Сярэдні ўзрост публікі на танцпляцы блізкі да ўзросту вінілаў гурта Ulis, ніхто не чуе гэтыя роздумы, танцы чэрвеньскім вечарам працягваюцца. Пройгрыш пасля запамінальных радкоў “Альбо дождж, альбо я” дазваляе басісту каманды выказаць сваё стаўленне да цэнтральнай тэмы мерапрыемства. Візы адстой, хто б сумняваўся…
Бацька медыйнай папулярнасці гурта, мацёры піяршчык Зміцер Безкаравайны тлумачыць колькасць людзей адсутнасцю запрашальнікаў і належнай рэкламы мерапрыемства. Затое ў рэжыме онлайн ён кажа: “Мы рыхтуем альбом, тур па Беларусі і гэтак далей”. Альбом, паводле прызнання саміх музыкаў, будзе пра каханне і смерць. Рокеры атрымліваюць належную авацыю, вечар завяршаецца. Людзі з прыкметамі багемнасці на тварах аператыўна збіраюцца, каб паспець у Дрымлэнд паглядзець на рэюніан герояў нулявых — гурта “Куклы”. Як бачыце, пры жаданні вечар пятніцы можна правесці насычана і ў горадзе-героі М.
Алесь Плотка, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч