• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
27.11.2018 | Навіны "Будзьма!" Разам да справы!

Спадчына — камяні ці камерцыя? Ахоўваць ці зарабляць?

Што важнейшае — тамограф для лякарні ці аднаўленне палаца? Ці варта ўносіць гістарычныя будынкі ў спіс каштоўнасцяў? Спадчына мае быць “маральным абавязкам” і гуманітарнай місіяй ці штодзённасцю і крыніцай заробку? Пра ўсё гэта размаўлялі ў Пружанах.

Уладзімір Булаўскі

Ток-шоў пад назвай “Гістарычная спадчына Пружаншчыны: ці магчымае новае жыццё?” прайшло ў музеі-сядзібе, больш вядомай як Пружанскі палацык. Сустрэча ладзілася з ініцыятывы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Вядоўцам і мадэратарам дыскусіі выступіў Уладзімір Булаўскі. Спікеры вечара — трое адмыслоўцаў:

Юрась Зялевіч, дырэктар музея ў палацыку ўжо 20 гадоў;

Сцяпан Стурэйка, гісторык, антраполаг, старшыня беларускага ICOMOS;

Мацвей Сабураў, рэжысёр, сакаардынатар фэсту ў Белай Царкве.

“Гістарычная спадчына — гэта не толькі камяні, але і ўсе праявы матэрыяльнага і нематэрыяльнага мінулага, — уводзіць у тэму Булаўскі. — Наша мэта — паразважаць, як даць новае дыханне гістарычнай спадчыне, выкарыстаўшы і свой досвед, і суседскі. Падумаць, што можна палепшыць, а мо і паляпшаць нічога не трэба?..”

Юрась Зялевіч, Сцяпан Стурэйка, Мацвей Сабураў

Ружанскі “Версаль”, а што яшчэ?

“З чым асацыюецца Пружаншчына? — з пытання пачынае выступ Юрась Зялевіч. — З Ружанскім палацам найперш, нашым Версалем. Пасля — з палацыкам, у якім мы знаходзімся. А рэшта… рэшта фактычна застаецца невядомай. Яе быццам няма, пакрытая імглою. Мы ўжо і даведнікі рабілі, у сеціве столькі інфармацыі…”

На тэрыторыі раёна цяпер 76 прызнаных помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта і гандлёвыя рады ў Пружанах, і колішні будынак паліцыі, і будынак першай аптэкі ў мястэчку, і касцёл… Непрызнаных — без афіцыйнага статусу — яшчэ больш.

 

“Унесяце будынак у спіс помнікаў — усё, магіла!..”

Сярод апошніх, напрыклад, — будынак паравога млына канца ХІХ ст., якога няма ў спісе помнікаў. Гэта помнік прамысловай архітэктуры, які цяпер выкарыстоўваецца прыватнікам-камерсантам, дзяржавай не ахоўваецца. Мясцовыя актывісты пакуль толькі разважаюць, што з ім рабіць.

“Млыны — гэта цэлая катэгорыя аб’ектаў з вельмі падобным лёсам, — уваходзіць у размову Сцяпан Стурэйка. — Іх сапраўды мноства. Самае цяжкае — прыдумаць такому будынку новую функцыю. Адзіны спосаб захавання — гэта выкарыстанне, функцыянальнасць. Калі гэта прыватны будынак, ён мае акупацца”.

А што наконт унясення ў спіс помнікаў? Стурэйка скептычны:

“Як толькі вы ўнесяце будынак у спіс — усё, магіла! Прасцей будзе новы будынак збудаваць, чым нешта рабіць з гэтым, бо любое дзеянне ўласніку трэба будзе ўзгадняць з Мінкультам, чакаць подпісу… Гістарычны патэнцыял помніка мае быць стымулам, а ў нас ён — акурат тормаз. Пакуль у Беларусі з гэтым праблема”.

 

Дажынкі — феномен “залатога дажджу”

Плаўна дыскусія перацякае ў бок “Дажынак”, якія некалі прайшлі ў Пружанах. Маўляў, “Дажынкі” — гэта мадэрнізацыя невялікага населенага пункта, але ў горшым выглядзе. Згодныя з гэтай тэзай, аднак, не ўсе.

“Дажынкі” можна параўнаць з залатым дажджом, — мяркуе Стурэйка. — Такое бывае раз на жыццё. Звычайна ж няма грошай, а тут столькі! І раптам аказваецца, што няма ніякай інтэлектуальнай канцэпцыі, што з імі рабіць… Ад “Дажынак” выйгралі помнікі, якія даўно былі ў распрацоўцы: шклоўская ратуша, Езуіцкі калегіум у Оршы, Лідскі замак (няхай і спрэчны ў плане аднаўлення). Выйгралі тыя, хто здолеў годна прыняць інвестыцыю”.

Юрась Зялевіч

Юрась не згодны. Паводле яго словаў, “Дажынкі” вырашаюць найперш пытанні сацыяльнай плоскасці, а пра помнікі чыноўнікі, на жаль, думаюць у апошнюю чаргу. Падчас “Дажынак” Пружанскі палацык, напрыклад, пафарбавалі… і ўсё. 80% раёна датацыйныя, таму калі стаіць выбар паміж абсталяваннем для лякарні і палацыкам, ясна, што грошы атрымае лякарня.

 

“Галоўны “псіх” хай сустракаецца з дачкой каўбаснага магната…”

“А можна рэмарку? — не вытрымлівае Мацвей Сабураў. — Тут ёсць логіка. Камп’ютарная тамаграфія ў лякарню сапраўды больш патрэбная — яна ўратуе жыццё. Але выхад ёсць…”

“Эміграцыя!” — чуецца не вельмі гучная, але ўпэўненая рэпліка з залы.

Мацвей працягвае. Паводле яго, гістарычная спадчына — гэта не аб’ект сам па сабе. Ён мае быць запатрабаваны людзьмі. Людзі самі маюць захацець і зразумець, чаму ў колішнія палацы-сядзібы-замкі трэба ўкладаць грошы нароўні з лякарнямі і дарогамі.

“Хай бы мясцовыя прыйшлі да тутэйшага каўбаснага магната са сваімі прапановамі-патрабаваннямі, — разважае Сабураў. — Галоўны “псіх” хай бы сустракаўся з яго дачкой і тлумачыў ёй важнасць палацыка, а яна бацьку хай перакажа… Мы распавядаем нешта людзям, а ім гэта не трэба. І гэта праблема. Людзі не дрэнныя, проста тэмы спадчыны няма пакуль у плоскасці іх жыццёвых цікавасцяў”.

 

“Спадчына — сэнсы, а не камяні”

Юрась працягвае лірычны аповед пра помнікі раёна. У вёсцы Семянча ёсць бровар ХІХ ст., які хацелі знесці, але краязнаўцы адстаялі. У вёсцы Слабудка — вайсковы комплекс 100-гадовай даўніны. На мясцовае начальства выходзілі, каб зрабіць там цэнтр патрыятычнага выхавання, але безвынікова.

“Спадчына — гэта сэнсы, а не камяні, — рэфлексуе Стурэйка. — Камяні — гэта толькі спосаб камунікацыі. Грошы даюць на функцыю, а не на камяні самі па сабе. Напрыклад, мы курыруем аднаўленне сінагогі ў Ашмянах. А што з ёй рабіць пасля аднаўлення? Габрэяў там няма, маліцца ніхто не будзе. Значыць, трэба прыдумаць функцыю. І мы пачалі акурат з таго, каб выявіць, чаго не хапае, што патрэбна Ашмянам. Гэта адзіны рэалістычны падыход”.

Паводле Сцяпана, заўжды важны фактар людзей, якія жывуць побач, і іх цікавасцяў. Скажам, хто ў Пружанах задумваецца, што цягам ХХ ст. мястэчка было ў складзе пяці дзяржаўных утварэнняў? А гэта і турыстычная фішачка, і сюжэт для квэсту ці школьнага спецкурса…

 

“Я не займаюся гісторыяй, я тут жыву!”

Далей — пазітыў, а менавіта аповед пра фестываль SPRAVA ў Белай Царкве, што ў Чашніцкім раёне. Гэта гісторыя таго, як некалькі творчых асобаў пераехалі ў глухую правінцыю, каб там жыць. А фестываль зладзілі, каб жыць было весялей — і самім, і мясцовым. У выніку паўстаў фэст, які ў мінулым годзе сабраў больш за 2000 чалавек на выспе пасярод возера, дзе галоўная пляцоўка для выступаў — руіны барочнага храма.

“Я не займаюся гісторыяй, — тлумачыць Мацвей. — Я тут жыву. На выспе быў бур’ян тры гады таму. Храм разбураны. Працы няма ў вёсках, людзей вобмаль. Аграгарадок у Чарэі прызначаны, але памёр. Там ёсць школа з класам па баяне, дзе застаўся адзін хлопчык — ён прыходзіць да настаўніка і грае… А мы рамантыкі і верым, што свет яшчэ магчыма змяніць.”

Мацвей Сабураў

Феномен фэсту ў Белай Царкве — гэта феномен валанцёраў. Ад цесляроў, якія задарма зрабілі першую сцэну на выспе два гады таму, да тых, хто цяпер прыязджае працаваць і адпачываць ужо рэгулярна. Сёлета, да прыкладу, зроблены пляж, які не каштаваў ні капейкі. Прывезены пясок раскідалі валанцёры, а дрэва — якасную лістоўніцу на 1500 еўра — дала прыватная фірма.

“Мы не анклаў! — працягвае Сабураў. — Маўляў, мы тут творчая эліта, а вакол — калгаснікі. Не! Мы сябруем. На першы фэст я запрасіў мясцовых, каб прадавалі грушы — жнівень жа. Квіток тутэйшым — бясплатны. Ніхто не прыйшоў. А пасля агледзеліся, падумалі, пытаюцца: “А што калі я дранікаў зраблю і прынясу?” Вось гэта ўжо кантакт”.

Ёсць кантакт і з мясцовай уладай — Чашніцкім райвыканкамам. Дзякуючы падвезенай вадзе і біятуалетам арганізатары фэсту эканомяць пару тысяч даляраў, што робіць фэст самаакупляльным.

 

Спадчына — паміж святыняй і штодзённасцю

“Валанцёры — гэта вельмі крута, — пагаджаецца Сцяпан Стурэйка. — Крута, калі падчас археалагічнага летніка, напрыклад, археолагі кіруюцца не толькі навуковым інтарэсам кіраўніка экспедыцыі, але і яшчэ нечым. Ёсць прыклад замка ў Любчы, дзе ўсё збудаванан на валанцёрскай працы ўжо 10 гадоў. У Старым замку ў Гродне цяпер ідуць раскопкі, але валанцёраў туды ніхто не запрашае. Чаму? Бо такой супрацы ў нас не вучаць на гістфаках”.

Паводле Стурэйкі, у нас у найлепшым выпадку вучаць ахове спадчыны, экскурсіям, а вось як зрабіць са спадчыны культурны ці бізнес-праект — не.

“Вялікае глупства — апавядаць пра еўрапейскі досвед у нас, — працягвае Стурэйка. — Але я скажу. Ёсць у Германіі маленькі гарадок. Там прыватная фірма звярнулася да мясцовых уладаў, маўляў, мы будзем прыцягваць турыстаў, але з кожнага, хто прыйдзе ад нас, атрымаем па 1 еўра. У выніку за год іх бюджэт склаў два мільёны еўра. У нас гэтым ніхто не займаецца. Можа, беларускай спадчыне акурат і патрэбныя такія агенты, якія, маючы свой інтарэс, маглі б тут нешта ляпіць?”

Сцяпан Стурэйка

Сцяпан Стурэйка

Здаецца, наша спадчына будзе мець перспектыву адно калі пяройдзе ў катэгорыю штодзённасці, камерцыйнага інтарэсу. Тады будзе жыццё, а кожны чалавек ці група людзей будзе абіраць, што ім цікава і для чаго. Калі ж трактаваць спадчыну як святыню, нацыянальны канон, з якога адно пылінкі здзьмуваць, але не карыстацца — перспектыва можа быць вельмі скрушнай…

 

Жменя пяску

Пасля заканчэння дыскусіі, калі ўжо пачаўся музычны выступ Насты Хмель, мы выйшлі пакурыць з Мацвеем на прыступкі палацыка. Абышлі будынак, агледзелі стагадовыя дубы і лістоўніцы ў парку, тэрасу з адваротнага боку палаца…

“Як крута! — зацягваецца цыгарэтай Сабураў. — У парку можна паставіць намёты для фэсту, тут, на тэрасе, напрошваецца летняя кавярня, адначасна гэта гатовая сцэна для выступаў. Пра вежу палаца можна прыдумаць нейкую легенду… Бачыш, мы ідзём, а тут наледзь, слізка. Пяском не пасыпаў ніхто…”

Сапраўды, наледзь — удалая метафара для нашых бясконцых палацаў, замкаў, паркаў. Усё ёсць. Патрэбная адно рука, якая сыпане жменю пяску.

Алесь Кіркевіч

Фота – Міхаіл Цітоў 

 


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя Асоба

Няўдалы кароль: кароткае і спрэчнае жыццё Міхала Вішнявецкага

31 траўня 1640 году на сьвет нарадзіўся хлопчык, якому наканавана было стаць на чале Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Ад Маўра да вяліка: падборка летняй літаратуры для дзяцей і падлеткаў

Пачалося лета — прыемная пара, калі можна не толькі адпачыць ад урокаў, але і з прыемнасцю пачытаць годную...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў на 3-4 чэрвеня

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Канцэрты, маёўка, кватэрнік, спектаклі,...

valiancina_shauchenka
Вандруем разам

Ад старажытнай царквы да «міні-зыбіцкай». Што варта паглядзець у Гродне на выходныя

Гродна лічыцца неафіцыйна культурнай сталіцай нашай краіны, каралеўскім горадам, а яшчэ тут ёсць свая невялічкая «Зыбіцкая»!...

Апошнія навіны

    Гісторыя Асоба
    Няўдалы кароль: кароткае і спрэчнае жыццё Міхала Вішнявецкага
    Літаратура
    Ад Маўра да вяліка: падборка летняй літаратуры для дзяцей і падлеткаў
    Грамадства
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў на 3-4 чэрвеня
    Вандруем разам
    Ад старажытнай царквы да «міні-зыбіцкай». Што варта паглядзець у Гродне на выходныя
    Літаратура
    «Не загаснуць зоркі ў небе»: творцы з усяго свету зладзілі флэш-моб у падтрымку беларускіх пісьменнікаў
    Музыка Музыка
    Гурт «Петля Пристрастия» выступіў з канцэртам у Берліне. Паглядзіце, як драйвова там было
    Грамадства Музыка
    Ёсць, што паслухаць. Падборка травеньскіх беларускіх трэкаў на любы густ і гаманец
    Грамадства Кіно
    Кінафестываль «Паўночнае ззянне» адкрывае Open Call для беларускіх фільммэйкераў
    Грамадства Кіно
    У анлайн-кінатэатры VODBLISK папаўненне — фільм «II» Улады Сяньковай ужо даступны для прагляду
    Культура Літаратура
    Стартавала выдавецкая ініцыятва «33 кнігі для іншай Беларусі»
    Адукацыя
    Чытанкі, аўдыякнігі, размалёўкі, відэаспектаклі. Падборка карыснага кантэнту ад «Будзьма» для дзяцей і бацькоў
    Культура Рэлігія Паганства
    Ульяны, Куста, Рызыгры, Купалле. Што і як беларусы святкавалі ў чэрвені
    Трызуб і Пагоня
    Готы: адкуль старажытныя германцы ў Беларусі і Украіне? Распавядаем у новым выпуску «Трызуба і Пагоні»
    Літаратура
    Фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды» ў Мінску
    Асоба
    Мелказёраў: я не баюся быць тупаком

Афіша

  • 03.06 — 04.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Фестываль «Культура ў выгнанні» ў Кракаве

  • 03.06 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 03.06 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 03.06 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 03.06 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»
  • 03.06 — 07.06Pop-up store беларускіх мастакоў у Мінску
  • 03.06 — 08.06 Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Nothing Left» у Познані
  • 03.06 — 10.06«Past Garden». Выстава Рамана Камінскага ў Варшаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Таму што мы — беларусы». Як выхоўваць дзіця па-беларуску за мяжой і не толькі?
    • Сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім: як жылі, чым займаліся, што мелі
    • Мелказёраў: я не баюся быць тупаком
    • Усе жадаючыя могуць прыняць удзел у раскопках Старога Менска
    • Тэст: Пазнай выканаўцу па радках з трэка
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип