«Нас зразумеюць праз сто гадоў». Менавіта гэтыя словы мастака і архітэктара Лазара Хідэкеля сталі назвай ягонай першай рэтраспектыўнай выставы, што адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі дзень у дзень у стагоддзе з’яўлення мастацкага аб’яднання УНОВІС.
Хідэкеля можна аднесці да творцаў, якія маюць вялікае прызнанне ў свеце, але на радзіме, дзе пытанне «як правільна — «супрэматызм» ці «суперматызм» дагэтуль актуальнае, працягваюць заставацца вядомымі толькі адмыслоўцам у мастацтве.
Лазар Хідэкель, архітэктар у другім пакаленні, стаў адным з заснавальнікам УНОВІС — авангарднага мастацкага аб’яднання, створанага Казімірам Малевічам у Віцебску. Паступова Хідэкель пераходзіць ад выяўленчага мастацтва да архітэктуры і робіцца галоўным, а калі казаць зусім шчыра — адзіным архітэктарам-супрэматыстам.
#UNOVIS100: Супрэматыя новага. Маладыя і чыстыя
Аднак далей адбываецца звыклая для тых часоў гісторыя, калі словазлучэнне «рэвалюцыйнае мастацтва» робіцца адназначным і азначае зусім не авангард. Замест гарадоў будучыні, праекты якіх можна ўбачыць на выставе, Хідэкель вымушаны працаваць над «сталінскім ампірам», куды, што праўда, дадае супрэматычныя рысы.
Праекты гарадоў, дзе «чалавек бачыць неба не ўздымаючы галавы», уражваюць — нават праз сто гадоў, калі, паводле Хідэкеля, супрэматыстаў мусяць зразумець, уявіць падобнае досыць цяжка: на дапамогу прыходзяць анімацыйныя праекты, створаныя адмыслова для выставы, аднак гарады будучыні, ці «першыя экалагічныя гарады», уявіць усё адно няпроста.
Марк Хідэкель
«Мне падаецца, прыйшоў час, калі можна звярнуцца да гэтых „вар’яцкіх праектаў“, створаных зусім яшчэ падлеткамі ў правінцыйным Віцебску, — кажа сын Лазара Хідэкеля Марк, які сам даўно з’яўляецца знаным архітэктарам і працуе ў Нью-Ёрку. — Галоўнае, што спадчына бацькі ўрэшце вяртаецца на Радзіму»
Насамрэч, «Нас зразумеюць праз сто гадоў» — першая рэтраспектыва Хідэкеля, прадстаўленая ў Беларусі. Пры тым, што такія выставы ўжо адбываліся ў Еўропе і ЗША. Арганізатары праекта УНОВІС-100 зрабілі вялікую працу, на выставе можна ўбачыць каля сотні працаў Хідэкеля, ад малюнкаў да праектаў лятучых гарадоў і касмічных станцый.
Сам Лазар Хідэкель пры жыцці марыў правесці ўласную выставу і нават меў адмысловую тэчку з працамі, падпісаную «Мая выстава», але правесці яе не паспеў.
Арганізатары сцвярджаюць, што менавіта Хідэкель «вынайшаў» хэштэг — насамрэч, супрэматычная кампазіцыя «Лініі, якія перасякаюцца» нагадвае знакаміты знак, але тое хутчэй невялікі хітрык кшталту вынайдзенага Набокавым смайла, якая, магчыма, дапаможа прыцягнуць дадатковую ўвагу да выставы і да асобы нашага земляка, знанага авангардыста і летуценніка Лазара Хідэкеля.
Выстава працягнецца да 15 красавіка.
Юрась Ускоў
Фота прадстаўлены кампаніяй «А1»
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!