На выходных у межах праекта “Маё права” прайшоў майстар-клас па стварэнні тактыльнай кнігі для дзетак з асаблівасцямі зроку. Сярод удзельнікаў была спецыялістка па шрыфце Брайля Святлана Малянок. Дзяўчына карыстаецца шрыфтам кожны дзень, бо мае адпаведныя праблемы. Пры гэтым так цікава распавядае пра сваё насычанае жыццё, і так добра арыентуецца ў прасторы, што зусім хутка перастаеш звяртаць увагу на тое, што яна амаль не бачыць.
Святлана Малянок на майстар-класе па стварэнні тактыльнай кнігі
Разам са Святланай мы прайшліся да памяшкання на Кнорына, 6Б, дзе праходзіў майстар-клас. Дарогай паразмаўлялі пра жыццё людзей з асаблівасцямі зроку, непатрэбнае шкадаванне і пра тое, чаму невідушчым, нават у сучасны век тэхналогій так важна валодаць шрыфтам Брайля.
Мы сустракаемся са Святланай на прыпынку каля ст. м. Кунцаўшчына — дзяўчына жыве побач, прыехала сюды на аўтобусе. Я адразу пазнаю яе па лёгкім пухнатым футры і ярка-ружовай сумцы.
У Святланы свабодныя рухі, жывая міміка, і, бадай адзінае, што выдае праблему — расфакусаваны і нерухомы погляд.
Мы вітаемся і хуценька накіроўваемся да метро.
Ужо перад самымі турнікетамі, калі я завісаю з пошукам жэтончыка, Святлана хуценька бярэ мяне пад руку (“Не бойся!”) і, паказваючы работнікам метрапалітэна пасведчанне інваліда першай групы (“Яна са мной”!), бясплатна праводзіць у метро.
“Па медыцынскіх паказальніках мой зрок — адна сотая ад зроку здаровага чалавека. Проста я ўмею ім карыстацца. Я рэабілітаваная”, — распавядае Святлана, калі мы чакаем цягнік. — Я маю права на пастаяннае суправаджэнне, але не хачу яго — хачу жыць свабодна, пакуль магу хадзіць сама”.
Тое ж тычыцца і белага кія — пакуль дзяўчына мае хаця б маленькі адсотак зроку, яна не лічыць патрэбным ім карыстацца.
Да ўсяго, ёсць тонкі момант: калі ісці і з кіем, і з падглядам, сэнсары не будуць канцэнтравацца на чымсьці адным — тактыльных і гукавых адчуваннях альбо зроку — і кій будзе больш спыняць, чым дапамагаць. А калі надзець чорныя акуляры — той маленькі адсотак зроку перастане напружвацца і хутчэй прападзе.
“Але калі будзе неабходнасць, буду карыстацца кіем. Бо гэта таксама спосаб быць самастойнай, — кажа Святлана. — Проста трэба добра падрыхтавацца, каб ведаць свой маршрут дасканала, і быць гатовай звяртацца да людзей па дапамогу, калі спатрэбіцца”.
Святлана і Брайль
Святлане 32 гады. Яна нарадзілася ў Мінску, але каб засвоіць Брайль, вучылася ў спецыялізаванай школе-інтэрнаце ў Горадні. Потым — у Інстытуце культуры па спецыяльнасці “педагог сацыякультурнай сферы і арганізатар масавых мерапрыемстваў”.
Пасля ўніверсітэта дзяўчына дванаццаць гадоў адпрацавала мастацкім кіраўніком аддзела культурна-масавай і рэабілітацыйнай працы на “Святлопрыборы” — вытворчым прадпрыемстве, дзе працуюць людзі з дрэнным зрокам. Там яна арганізоўвала мерапрыемствы.
Зараз Святлана працуе менеджарам ў “Цэнтры паспяховага чалавека”, а таксама бярэ ўдзел у розных культурніцкіх праектах.
Дзяўчына ўпэўненая: Брайль павінны ведаць усе невідушчыя: “Вы — дарослы чалавек з вышэйшай адукацыяй, але не можаце пісаць? Для людзей, якія страцілі зрок у дарослым узросце, Брайль — гэта як японскую вучыць, складана, але гэта трэба зрабіць. Бо інакш сам у сябе крадзеш магчымасці — не будзеш адчуваць сябе на адным узроўні з іншымі”.
Каб пісаць Брайлем, патрэбныя спецыяльны трафарэт, грыфель і тоўстая папера. І з імі не так проста, як падаецца. Напрыклад, вось такі кішэнны прыбор не купіш у сучаснай Беларусі (наша гераіня набывала яго за мяжой), а тоўстая папера — не самая танная.
Але праблема не толькі ў цэнах. Не ва ўсіх школах для дзяцей з дрэнным зрокам вучаць карыстацца Брайлем. Часцей за ўсё — праз адсутнасць падручнікаў і паперы для пісьма. А ў тэорыі Брайль, як і любая мова, немагчымы. Як засвоіш правілы, калі няма практыкі?
Так, сучасныя тэхналогіі — камп’ютары, моўныя сінтэзатары — адкрываюць вялікія магчымасці для невідушчых дзяцей і дарослых. Але Брайль — гэта быт. Гэта магчымасць падпісваць свае рэчы, весці канспекты і працоўныя запісы, чытаць назвы лекаў і склад прадуктаў, нарэшце, проста запісваць рэцэпты любімых страваў!
Зробленыя першыя крокі па стварэнні беларускамоўнага сінтэзатара для інвалідаў па зроку
Тое ж тычыцца і асяродку. Чым больш Брайля ў гарадской прасторы — надпісы у ліфтах, крамах, у гатэлях і паліклініках — тым камфортней невідушчаму чалавеку існаваць самастойна.
“Я ведаю, дзе знаходзіцца паліклініка, але я хачу сама дайсці да доктара. Безумоўна, можна спытацца ў людзей, але калі ёсць надпісы Брайлем, я знайду сама. У бытавых рэчах нашыя магчымасці настолькі несуразмерныя! Нават лекі немагчыма самой выбраць, а трэба ж яшчэ разумець, што напісана ў інструкцыі”, — распавядае Святлана.
“Я павінная вельмі добра прыкідвацца, што бачу, каб людзі не баяліся мець са мной зносіны”
Святлана бачыць толькі абрысы твару, але адрознівае колеры, асабліва добра — пры дрэнным надвор’і і ўначы.
“Калі ведаю, што ў чалавека белы пухавік, — на сустрэчы буду чакаць белы пухавік і буду махаць у яго бок, рабіць выгляд, што пазнала, — усміхаецца дзяўчына. — Яшчэ з універсітэта займаю такую пазіцыю: я павінная вельмі добра прыкідвацца, што бачу. Каб людзі не баяліся мець са мной зносіны, арганізоўваць мерапрыемствы, каб я для іх не была абузай. Мае сябры, якія добра бачаць, хутка забываюць, што я бачу дрэнна. Я стараюся іх не нагружаць сваімі праблемамі. Я не хачу быць цікавай толькі тым, што дрэнна бачу і сама хаджу. Для мяне важна, каб я была цікавая чалавеку іншымі асаблівасцямі, а не зрокам”.
А вось на чарговай камісіі на групу па інваліднасці дзяўчыне давялося, наадварот, прыкінуцца менш рэабілітаванай — дактары адмаўляліся даваць ёй першую групу, яна на яе не выглядала.
“Атрымліваецца, што, з аднаго боку, усе хочуць большай рэабілітацыі невідушчых, а з другога — самі гадуюць такіх людзей, якія будуць сядзець і казаць: прынясі, падай, — зазначае Святлана. — Гэта як некаторыя бацькі невідушчых дзетак: мая прыгожая дзяўчынка будзе стукаць (маецца на ўвазе “пісаць Брайлем” — А.Д.)?! Гэта ж сорамна! Лепш надзець на яе чорныя акуляры і вадзіць пад ручку, тады яе асаблівасць не такая заўважная. Але гэта комплексы нашага грамадства. Калі дзіцяці сказаць: вось твой свет, вось Брайль, чытай, пішы, ты не будзеш залежаць ні ад кога, — гэта хораша. Проста людзі не могуць ацаніць адсутнасць гэтай магчымасці”.
Тым часам мы прыязджаем на “Купалаўскую” і пераходзім на “Кастрычніцкую”.
“Гэта мой шлях да ўніверсітэта, я яго добра ведаю — тут можна выбраць альбо эскалатар, альбо ступенькі. На прыступках, дарэчы, ёсць жоўтая паласа, яна мне дазваляе лепш арыентавацца. Да таго ж я памятаю колькасць крокаў, ведаю, калі прыступкі скончацца, — кажа Святлана. — Тактыльная плітка з’явілася, але ў метро яе яшчэ мала. Эскалатара так, многія спачатку баяцца, як і тыя, хто прыехаў з перыферыі. Але калі чалавеку растлумачыць і паказаць, не так гэта і складана.
“Мяне на ўсіх сумоўях так хвалілі — і не ператэлефаноўвалі”
“Шкадаванне — гэта кара, — працягвае аповед пра жыццё людзей з дрэнным зрокам Святлана. — Калі чалавек даведваецца, што ты дрэнна бачыш ці чуеш, пачынаецца: “Ой, ды ты такі цікавы!” Мяне на ўсіх сумоўях так хвалілі — і не ператэлефаноўвалі.
Сапраўды, працадаўцы баяцца, што невідушчыя могуць дабівацца сямігадзіннага працоўнага дня альбо льгот, нават калі адкрыта казаць, што гатовы на тыя ж умовы, што астатнія. Таму на працу з добрым заробкам вельмі складана ўладкавацца.
“Вядома, сярод нас ёсць тыя, хто “псуе карму” — “вы павінныя, абавязаныя, дайце”, — заўважае Святлана. — Але тут рэч у выхаванні. Калі чалавек вучыцца ў спецыялізаванай школе-інтэрнаце ці моцна апякаецца бацькамі, ён, стаўшы дарослым, часта не прыстасаваны да самастойнага жыцця. Ну і асяроддзе: многія сутыкаюцца з інваліднасцю, калі штосьці здараецца ў жыцці. І зусім не ведаюць, як сябе паводзіць на дзіцячай пляцоўцы з дзіцем на інвалідным вазку. Ды ніяк — проста гуляйся з ім і ўсё!”
“Калі я сустрэну чалавека, які будзе страчваць зрок, ён не будзе так баяцца слепаты і думаць, што гэта канец усяму”
Пад размову мы і даехалі да нашай канцавой — станцыі “Парк Чалюскінцаў”.
Святлана распавядае, што часцей ходзіць вядомымі маршрутамі. А калі не ведае месца, куды ідзе, уключае навігатар. Альбо загадзя пытаецца ў знаёмых, якія прыкладна арыентуюцца ў патрэбным раёне, куды ісці. Часам, калі важнае мерапрыемства, прыходзіць за дзень і вывучае маршрут.
“У гэтым раёне я была нядаўна — шукала каледж электронікі, што на Кнорына, 14, і цяпер прыкладна разумею, што нам дзесьці ў той бок”, — адзначае дзяўчына.
Калі на дарозе невідушчага сустракаецца неагучаны святлафор, ён будзе слухаць, як едзе вуліца, каб зразумець сітуацыю па гуку. Можна арыентавацца па людзях, якія стаяць побач. Але шмат пешаходаў пераходзіць на чырвоны, таму такі спосаб не самы бяспечны.
Сярод небяспечных момантаў таксама нечаканыя прыступкі альбо жоўтыя слупкі, асабліва калі няма кія: іх лёгка не заўважыць і спатыкнуцца.
“І тут ужо залежыць, як згрупіруешся, калі будзеш ляцець — паб’еш нос ці ногі, — іранізуе Святлана, і дадае: — Таму мы ходзім менавіта па дарожках, не спяшаючыся, хаця і тут можа нечакана трапіцца сметніца альбо клумба. Вядома, добра было б, каб у горадзе было болей дарожак з пупырышкамі ці каб людзі не паркаваліся там, дзе ходзяць невідушчыя. Але калі мы за ўніверсальны асяродак — трэба гэта прымаць”.
Прайшоўшы праз сквер Талбухіна, мы мінаем яшчэ адно перакрыжаванне, гэтым разам, праўда, аздобленае гукавымі святлафорамі — побач каледж электронікі, дзе вучыцца шмат невідушчых, — і праз колькі хвілін дасягаем мэты — прасторы на Кнорына, 6Б.
“Адной мне было б няпроста з першага разу, — рэзюмуе Святлана. — Дарога ідзе праз сквер, шмат паваротаў і нечаканыя жоўтыя слупкі на шляху. Але агулам мы з вамі прайшліся добра”. І дадае: “Пра цяжкасці ў жыцці невідушчых я нават не хачу думаць. Менш заўважаеш — менш пераймаешся, а тыя, хто жаліцца, будуць заўсёды. Але я ведаю: калі сустрэну чалавека, які будзе страчваць зрок (ці хтосьці з яго блізкіх), ён не будзе так баяцца слепаты і думаць, што гэта канец усяму”.
Брайль — рэльефна-кропкавы тактыльны шрыфт, якім людзі з асаблівасцямі зроку карыстаюцца для пісьма і чытання. Брайлем можна напісаць літары, лічбы, ноты і любыя іншыя друкаваныя сімвалы. Кожная літара — пэўная камбінацыя кропак. Любую мову можна перадаць брайлем.
Аляксандра Дварэцкая
Фота — Зарына Кандрацьева
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!