Нехта можа знайсці ў такім акрэсленні крыўду ці нават абразу, хоць насамрэч «сялянскі народ» — чыста навуковы панятак. Ён адлюстроўвае асаблівасці працэсу нацыятворчасці ў некалькіх сучасных краінах, якія належаць да «ўсходняй часткі заходняй цывілізацыі», менавіта Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Такіх краінаў нямала, вось як Славакія, Славенія, дзяржавы Балтыі, Украіна з Беларуссю. Іх аб’ядноўвае тое, што сучасная нацыя стваралася на аснове народнай, пераважна сялянскай культуры без удзелу шляхты і мяшчанства. Тыя «адышлі» да пануючых народаў.
Тры шматнацыянальныя імперыі
Пад канец XVIII ст. усю Цэнтральна-Усходнюю Еўропу падзялілі між сабой тры шматнацыянальныя імперыі: Аўстрыйская, Германская і Расейская. У апошняй пануючым народам былі расейцы, да якіх залічвалі ўкраінцаў і беларусаў, натуральна, іх самых не спытаўшы. У Германіі і Аўстрыі пануючым народам заставаліся немцы, толькі ў Аўстрыі афіцыйна пра тое не абвяшчалася, а ўсе народы дэклараваліся роўнымі.
Сатырычная карта Еўропы 1870-х
Як прыстасоўваліся да новай сітуацыі розныя класы насельніцтва
Да новай сітуацыі найхутчэй дастасаваліся г. зв. маёмасныя класы паняволеных народаў — шляхта і мяшчанства. Ім было што губляць: маёнткі, гешэфты, пасады ў мясцовай адміністрацыі. Самыя спрытныя «зліваліся» з пануючым народам і дасягалі вышэйшых дзяржаўных пасадаў у цэнтральным апараце. За шляхтай цягнулася мяшчанства, найперш багацейшае.
Сялянам жа было ўсё роўна: як працавалі на зямлі, кармілі ўсіх, так яно і засталося. І пан той самы і падаткі дзяржаве такія ж, можа трохі большыя, а часам нават і меншыя. У той час краіны рэгіёна, як і паўсюдна ў Еўропе, былі спрэс аграрныя (індустрыялізацыя толькі-толькі разгортвалася ў адной Англіі), сяляне складалі ад 80 да 90% агулу насельніцтва. Былі вельмі кансерватыўным саслоўем, моцна трымаліся звычаяў і традыцыяў продкаў, угрунтаваных на прывязанасці да сваёй зямлі. Ад паноў нічога добрага не чакалі і ўсім навацыям ціха, але ўпарта супраціўляліся, часам на працягу многіх стагоддзяў, як у выпадку са славакамі і славенцамі, якія ўжо ў Х ст. апынуліся адныя ў венгерскай, другія ў нямецкай дзяржаве.
Сяляне-беларусы. 1844 г.
Народы, якія не страцілі арыстакратыю
Было, праўда, некалькі народаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе, гісторыя якіх склалася так, што не страцілі сваю арыстакратыю: гэта венгры і палякі. А яшчэ ў Чэхіі хоць шляхта была нямецкая ці анямечаная, але акрамя сялянства, у чэшскую культуру засталася залучанай частка сярэдняга і дробнага мяшчанства, якое адыграла вядучую ролю ў нацыянальным руху.
Мовы Еўропы ХІХ ст.
Нацыянальныя дзяржавы на руінах шматнацыянальных імперый
Калі ў ХІХ ст. хваля нацыяналізму дакацілася да нашых краёў, то выявілася, што незалежна ад таго, маецца ў краіне нацыянальная арыстакратыя ці не, поспех нацыянальнага руху залежыць ад удзелу ў ім сялянскай масы. Што праўда, там, дзе мелася ўласная не асіміляваная шляхта і мяшчанства, гэтыя рухі развіваліся хутчэй, а нацыянальная культура пераймала больш шляхецкіх і мяшчанскіх элементаў.
А ў «сялянскіх» народаў творцы нацыяналізмаў — «будзіцелі», як трапна іх назвалі ў Чэхіі, не мелі іншага выйсця як толькі звяртацца да сялянства і будаваць нацыянальную культуру на аснове традыцыйнай сялянскай, а мову сялянаў рабіць літаратурнай. У тых этнічных супольнасцях, дзе акрамя арыстакратыі было асіміляванае і сялянства, не было да каго звяртацца, і яны проста зніклі, вось як прусы пад немцамі.
Чытайце яшчэ: Чаму немцы не асімілявалі латышоў і эстонцаў?
Польскі шляхціч пач. ХІХ ст Малюнак А.Арлоўскага
Вяршыняй развіцця нацыянальных рухаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе было стварэнне нацыянальных дзяржаў на руінах шматнацыянальных імперый. Большасці ўдалося тое зрабіць пад самы канец Першай сусветнай вайны, беларусам і ўкраінцам — пасля распаду Савецкага Саюза.
Такая вось рэальная гісторыя, якая ніколі не рухаецца просталінейным шляхам.
Многія сучасныя нацыі існуюць дзякуючы «цёмным», неадукаваным, «некультурным» сялянам, бо выкшталцоныя, абазнаныя ў навуках і культурах шляхціцы масава пабеглі здавацца і «злівацца» з дамінуючым народам.
Менавіта нашчадкі той шляхты ў ХІХ ст. пагардліва называлі «будзіцеляў», якія часта паходзілі з іх жа шэрагаў, хлопаманамі. Так было і ў нас з Дуніным-Марцінкевічам, Багушэвічам, Цёткай... Але Спадарыня Гісторыя ўрэшце прысудзіла і вырашыла, хто насамрэч меў рацыю.
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org
Глядзіце па тэме: