Ці існуе беларуская масавая культура, і які ўплыў робіць на яе нашая ўсходняя суседка? Ці толькі «чарка і скварка» нам патрэбныя для шчасця і якой, дарэчы, якасці гэтыя нязменныя беларускія сімвалы? Каму патрэбная культура, якая абалваньвае людзей? Хто зробіць культурную рэвалюцыю ў Беларусі і што будзе потым? Добры ці дрэнны культурны крызіс? Абмяркоўваем з тэлевядоўцам Сяргеем Філімонавым. Чарговае інтэрв’ю праекта «Культура паляпшае жыццё!».
— Гісторыя масавай культуры значна даўжэйшая, чым можа падацца на першы погляд. Яшчэ ў дагістарычныя часы, яшчэ ў рабаўладальніцкіх грамадствах і ў феадальных дзяржавах заўсёды былі нейкія бажкі, ідальчыкі, штампоўкі, якія можна аднесці да праяваў масавай культуры, ці культуры большасці — у адрозненне ад высокага мастацтва і элітарнай культуры. Такое проціпастаўленне існуе стагоддзямі, і нельга адназначна сказаць, добра гэта ці дрэнна: як бы сёння ні крытыкавалі масавую культуру, яна — гэта проста форма існавання культуры наогул. Іншае пытанне, што у ХХ стагоддзі яна трывала ўстала на камерцыйныя рэйкі. Цяпер за масавай культурай стаяць велізарныя фінансавыя патокі, бізнэс заўсёды імкнецца стварыць схему, якая дазваляе максімальна эфектыўна выціскаць грошы з усяго: усё роўна, бажкі гэта, сурвэткі, вокладачкі, бульварныя раманы ці поп-музыка — проста ідзе час канвеера, калі штампуецца прадукт. Трэба разумець, што карціна сучаснай масавай культуры, якую нам прадстаўляюць, падтрымліваецца людзьмі, якія робяць на гэтым грошы: яны вырашаюць, што будзе папулярнае, яны выбудоўваюць за спажыўца шкалу прыярытэтаў.
— Атрымліваецца, масавая культура — не заўсёды тое, што свядома выбірае большасць?
— Масавая культура — перш за ўсё магутны інструмент уплыву на грамадскую свядомасць, і вельмі важна, у чыіх руках аказваецца гэты інструмент. У залежнасці ад мэты маніпулятараў іх дзеянні могуць мець розны вынік: з аднаго боку, можна заахвочваць развіццё інтэлекту, крытычнага мыслення. Вось прыклад: Стывен Спілберг і яго аднадумцы на мяжы 80—90-х гадоў вырашылі нівеляваць культ сілы ў грамадскай свядомасці амерыканцаў, таму што занадта шмат было на экране гвалту, крыві, жорсткасці. І мас-медыі, узгадніўшы палітыку, пачалі рабіць акцэнт на тым, што «сіла ёсць — розуму не трэба», і з гарой цягліц пачалі асацыяваць недалёкасць, крымінальшчыну, бессэнсоўны мардабой і адсутнасць перспектываў. І стаўленне публікі моцна змянілася: фізічная сіла перастала ўспрымацца як самамэта, баевікі перасталі быць звышпапулярныя, а студыі, якія здзяйснялі іх, пачалі знікаць.
З іншага боку, маніпулюючы масавай свядомасцю, можна наўмысна абалваньваць людзей, прымушаць думаць прымітыўна, каб потым кіраваць імі з дапамогай простых прыёмаў. Вось другі варыянт вельмі падобны да цяперашняй сітуацыі ў нашай краіне.
— Што сёння ўяўляе сабой масавая культура ў Беларусі?
— Перш за ўсё яна спрэс пазбаўленая нацыянальнай спецыфікі. Сапраўды нацыянальныя праявы культуры ў нас аказваюцца на перыферыі грамадскай увагі, таму даводзіцца казаць хутчэй не пра беларускую, а пра нейкую тутэйшую масавую культуру, якая існуе ў дадзены момант часу на нашай тэрыторыі. У нас ёсць «Славянскі базар», штогадовыя страсці па «Еўрабачанні», нейкая папса — калька з расійскай, шансон, які ў параўнанні з папсой іншы раз разумнейшым здаецца… На гэтых сурагатах акцэнтуюць нашую ўвагу, спрабуючы прадставіць іх як нешта сапраўднае, імі падмяняюць нацыянальную культуру. Складаецца ўражанне, што галоўная мэта людзей, якія вырабляюць і якія прапагандуюць такі беззмястоўны і безыдэйны масавы прадукт, — кагосьці абдурыць і атрымаць максімальна магчымы імгненны прыбытак. Магчыма, ім на руку нашая сучасная сітуацыя: як такога рынку ў сферы культуры ў нас няма, выгаду мае той, хто гучней пра сябе заявіць. У мяне цяперашняе становішча выклікае глыбокае шкадаванне пра страчаныя магчымасці і пра тое, што людзі сыходзяць усё далей ад асновы, ад сваіх каранёў, на якіх якраз і магла б будавацца паўнавартасная нацыянальная культура, парасткі якой цяпер усяляк прыгнятаюцца.
— А як магла б нацыянальная сутнасць праявіцца ў нашым паўсядзённым асяроддзі?
— Ды хай бы была тая ж саломка, нейкія пацешныя вобразы, мілыя штучкі і сімвалы на кожным кроку — станоўчыя і адмоўныя, дурныя і разумныя, але беларускія па сутнасці.
— А якое месца нацыянальная культура цяпер займае ў жыцці беларускага грамадства? Ці можам мы хоць бы тэарэтычна казаць аб магчымасці для яе стаць масавай?
— Усё, што датычыць беларускай культуры, сканцэнтраванае ў асяроддзі маргіналізаваных інтэлігентаў ці аўтсайдараў. Зробяць яны калі-небудзь рэвалюцыю — ментальную, маральную, культурную, — пакажа час, пакуль жа ўсё выглядае нярадасна.
У Беларусі няма належнай увагі і павагі да нацыянальнага з боку тых, хто знаходзіцца ва ўладзе. Беларуская масавая культура абавязкова павінная будавацца на нацыянальных сімвалах, у адваротным выпадку яна так і застанецца безыдэйнай. Адштурхоўвацца можна ад чаго заўгодна: Аршанская бітва, Грунвальд, рыцары, Княства Літоўскае… Для тых, хто ўмее кіраваць масавай свядомасцю, як бы жорстка гэта ні гучала, не мае вялікага значэння, пад якім сцягам выступаць — хоць фіялетавы ў крапінку, хоць чырвоны з крыжыкамі, усё роўна. Але каб ідэя працавала, каб чапляць свядомасць людзей, яна павінная быць звязаная з нацыянальнымі каранямі. Гэтак жа на нацыянальнай ідэі павінная будавацца дзяржава, інакш і дзяржавы няма.
— А на якія ідэі абапіраюцца маніпулятары, якія прадзюсуюць любую масавую культуру? Якія нашыя пачуцці, жаданні яны эксплуатуюць?
— Натуральна, самыя прымітыўныя, грубыя, нізкія. Прычым яны не толькі тузаюць патрэбныя стрункі чалавечай свядомасці, але і выклікаюць пэўныя ідэі. Узяць хоць бы славутую “чарку-скварку”: я не лічу, што гэта першапачатковая беларуская ідэя; хваленая талерантнасць і памяркоўнасць — таксама навязаныя мясцовым жыхарам, як і зайздроснасць, якую часта прыпісваюць нашым людзям. Жыццё ў Беларусі характарызуюць як «калгас», «савок», але ў рэчаіснасці нічога беларускага ў гэтых паняццях няма: яны народжаныя на прасторах нашай усходняй суседкі, прыўнесены адтуль і насаджаюцца як негатыўны бок масавай культуры.
— З іншага боку, «чарка-скварка» — у чымсьці станоўчая ідэя, такі зборны вобраз матэрыяльнага дабрабыту…
— І ўсё, і не лезь, і няма чаго больш хацець, няма пра што задумвацца — вось лагічны працяг. А калі разабрацца ды яшчэ прыцягнуць эканамістаў і сацыёлагаў, высветліцца, што і чарка якасці сумнеўная, і скваркі не тое каб у дастатку. Рэальны дабрабыт беларусаў моцна знізіўся з часоў Савецкага Саюза. У параўнанні з іншымі былымі сацыялістычнымі краінамі, у Беларусі быў высокі ўзровень жыцця. Зараз жа ў нас дзясяткі, калі не сотні тысяч працавітых і працаздольных беларусаў проста едуць адсюль на ўсе чатыры бакі, відавочна ж не ад добрага жыцця. Значыць, тая самая чарка-скварка на кожным стале — таксама навязаная нам сурагатная ідэя. Да таго ж не надта эфектыўная.
— А пра што сёння ў нас большасць думае, чым заклапочаная?
— Глядзіце, якая гістарычная паралель. У сярэднявечнай Еўропе, калі ўсякае вальнадумства было забароненае, а людзі і кнігі гарэлі на вогнішчах інквізіцыі, адзіным, хто мог казаць праўду, быў блазан пры двары караля. Хай ён выказваўся эзопавай мовай, прыкідваўся прыдуркаватым, але ўсё ж служыў адзінай, скажам так, альтэрнатыўнай крыніцай інфармацыі. Давайце спраецыюем на нашую рэальнасць: ролю такога блазна ў сучаснай беларускай культуры спрабавалі сыграць «Ляпісы», але нават «дурылкі» аказаліся забароненымі. Выходзіць, у нас яшчэ нават не наступіла эпоха асвечанага абсалютызму.
Такое становішча не можа не турбаваць грамадства і творчых людзей. З іншага боку, нават у неспрыяльных умовах абавязкова з’яўляюцца новыя думкі, развіваюцца і культывуюцца нейкія ідэі. У Беларусі адны круцяць штампы з сярэдзіны 90-х, іншыя рэфлексуюць над пачаткам 2000-х ці зусім нядаўнім мінулым. Тыя, каму давялося павучыцца за мяжой, прыносяць на нашую глебу тое, што ў трэндзе сёння ў Еўропе. Да пары да часу іх ідэі застаюцца папулярнымі толькі ў невялікім коле аднадумцаў, але не варта іх недаацэньваць: рэвалюцыі ў свядомасці, у тым ліку мастацкай, заўсёды робяць менавіта маргінальныя інтэлігенты і аўтсайдары, здольныя пазбегнуць уплыву вонкавых штучных умоўнасцяў і пастулатаў. Наступае момант, калі камусьці шанцуе — знаходзіцца падтрымка, фінансаванне, і новая культурная з’ява робіцца вядомай.
— А калі фінансавання няма?
— Яны ўсё роўна будуць працаваць, хай нават у стол, таму што не могуць нічога не рабіць.
— І ў грамадстве заўсёды ёсць людзі, зацікаўленыя ў іх дзейнасці. Вы можаце сказаць, якая частка беларускага грамадства шчыра хоча мець нешта, акрамя масавай культуры?
— Гэта людзі, якія крытычна асэнсоўваюць рэальнасць. Не вазьмуся меркаваць, які адсотак у беларускім грамадстве такіх людзей, але, паводле маіх назіранняў, апошнім часам іх усё больш.
— Мы закранулі тэму ўзаемаадносін культуры і грошай. Цяпер, здаецца, затухла ідэя верхавенства грошай у свеце і, адпаведна, у мастацтве, што прыходзіць ёй на змену?
— Усё развіваецца хвалепадобна. Груба кажучы, 50-я гады ХХ стагоддзя, час шалёнай папулярнасці Фрэнка Сінатры, — перыяд дамінанты бізнесу, потым Элвіс Прэслі, рок-н-рол — хваля ў адваротны бок: бізнэс у разгубленасці, а тым часам у культуры ўзнікае маса новых з’яваў. У 70-я гады адбыўся сапраўдны культурны прарыў, калі сфармаваліся ўсе асноўныя музычныя трэнды, гэта быў час творчай свабоды і тэхнічнай рэвалюцыі. Усё развівалася так імкліва, што складана было аналізаваць тое, што адбываецца, разбірацца, што модна, актуальна, дзе ты падымешся, а дзе правалішся. У 80-я пачалі з’яўляцца новыя схемы па выпампоўванні грошай, менавіта тады прадзюсары буйных музычных лэйблаў прыдумалі такое паняцце, як «альтэрнатыўная музыка». Яны сказалі: «Тое, што выпускаем мы, — мэйнстрым, а ўсе, хто не з намі, — альтэрнатыва». Праз некаторы час на змену нястрымнай дыскатэцы 80-х прыйшла Nirvana. Потым, у 2000-я, сістэма зноў раскалолася: энтузіясты правялі незалежнае расследаванне і высветлілі, што прадзюсары Майкла Джэксана адмывалі грошы, штучна завышаючы аб’ём рэальных продажаў. І тут на фоне крызісу сістэмы і навін аб фальшывых тыражах Джэксана з’явіліся гаражныя хлопцы Arctic Monkeys , якія адмовіліся супрацоўнічаць з вядомымі прадзюсарамі, прынцыпова не “раскручваюцца” праз радыё і тэлебачанне, але пры гэтым маюць велізарны поспех.
— А можа, у такой схеме закладзенае адвечнае жаданне людзей хацець чагосьці большага ці проста хацець іншага? Надакучыла, хочацца развівацца, ісці далей… Змяняюцца патрабаванні, прыярытэты, і заўсёды новая хваля, альтэрнатыва выступае больш чалавечнай, больш шчырай, духоўнай…
— Тое, пра што вы кажаце, — гэта зброя для барацьбы са штучна створанай сістэмай. Бізнэс усталёўвае тую ці іншую схему, якая працуе ў іх інтарэсах, і пэўны час яна дзейнічае. Потым любая канструкцыя, створаная штучна, абрыдае да такой ступені, што падыходзіць усё што заўгодна, каб яе зламаць. І абавязкова ўзнікае эвалюцыйная інтэлігенцыя з ліку маргіналаў або пазасістэмных людзей, якая прапануе новую ідэю, што перамагае на абломках сістэмы. А затым зноў у працэс уключаецца бізнэс.
— Атрымліваецца, ёсць пэўная гістарычная заканамернасць пераходу альтэрнатыўнай культуры ў масавую?
— Так, безумоўна: альтэрнатыва робіцца масавай, масавае сыходзіць у цень, і іх абавязкова трэба разглядаць ва ўзаемадзеянні, таму што культурныя з’явы трансфармуюцца, узаемадзейнічаюць, перацякаюць адна ў адну. Паглядзіце, што адбывалася ў часы Шэкспіра: тэатр быў забаўкай не для кожнага, а стаў, па сутнасці, агульнадаступным і надзвычай папулярным сродкам масавай інфармацыі. З іншага боку, масавую і любімую многімі аперэту ў свой час сурова асуджалі, прыпісваючы жанру распуснасць і амаральнасць. Сёння ж з аб’екта асуджэння аперэта перайшла ў разрад класікі. Такая гістарычная заканамернасць: усё, што было калісьці новым, рэвалюцыйным, успрымалася негатыўна, потым рабілася масавым, а неўзабаве — класікай.
— А цяпер які стан і тэндэнцыі развіцця масавай культуры ў свеце?
— У канцы 2000-х — пачатку 2010-х вялікі бізнэс апынуўся ў тупіковым стане, сведчаннем таму — хаця б спробы вярнуць на сцэну ўсіх музыкаў-пенсіянераў, якім цяпер па 70-75 гадоў. Яны прыносяць больш грошай, чым усе артысты новага пакалення. Так што ў масавай культуры, у шоу-бізнэсе назіраюцца крызісныя з’явы. А крызіс у культуры,у адрозненне ад эканомікі, — не развал, а час адноснай свабоды. У перыяд культурнага крызісу можна прасунуць ледзь не любую інтэлектуальную замарочку, прычым нават выпадкова, па нейкім невытлумачальным збегу абставінаў, таму што штучныя схемы, выгадныя камусьці, слабеюць, а суб’ектыўнае, творчае атрымлівае магчымасць праявіць сябе. Цяпер настаў вельмі цікавы час, калі ёсць баланс паміж аб’ектыўным і суб’ектыўным, паміж камерцыяй і творчасцю, паміж мэйнстрымам і андэграўндам. Калі ацэньваць сітуацыю з пункту гледжання стылю, цяпер у нас такая ўрачыстасць эклектыкі, у якой выкарыстоўваецца ўсё што заўгодна, ад фрык-фольку і якіх-небудзь маладых хлопцаў, якія граюць у стылі хіпі на акустычных гітарах, да эксперыментальнай электронікі. А паглядзіце, колькі новых тэрмінаў цяпер — інды-электроніка, эксперыментальная электроніка… Яны адлюстроўваюць рэальную разнастайнасць ідэй і напрамкаў. Гэта значыць, людзі не хочуць сёння быць згуртаванай масай, яны хочуць падзяліцца па інтарэсах — вось які працэс цяпер дамінуе. З аднаго боку, час крызісу і эклектыкі — гэта своеасаблівы дэкаданс, з іншага, такі разброд — самая добрая глеба для сапраўднай творчасці, для кветак чыстага мастацтва.
Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)