Прэмія імя Францішка Аляхновіча ўручаецца з 2013 года за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Тэматыка твораў, што могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісаў, створаныя ў зняволенні і дасланыя на працягу года, піша penbelarus.org.
Сёлета дзеля бяспекі арганізатары прэміі прапанавалі намінантам або іхным сваякам, пры жаданні, захаваць ананімнасць і гарантавалі канфідэнцыйнасць. З гэтае прычыны імёны некаторых пераможцаў і лаўрэатаў схаваныя пад псеўданімамі, не абвяшчаюцца і назвы іхных твораў.
Прозвішчы будуць абвешчаныя толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў.
Пераможцаў і лаўрэатаў вызначала журы — Рада Беларускага ПЭНа.
Такім чынам, пераможцамі прэміі імя Францішка Аляхновіча 2024 за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў у зняволенні, сталі:
Віка Біран з кнігай «Я танцую»
Ліса з творамі (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна)
Дзяніс Івашын з «Цыклам турэмных вершаў»
Лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча 2024 за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў у зняволенні, сталі:
Бервета Ірзвіцкая з цыклам вершаў (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна)
Мар’ян Зораў з вершамі, напісанымі ў зняволенні (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна)
Таксама журы прэміі вырашыла ўганараваць працу адной з намінантак прэміі: за ўкладанне кнігі «Турэмны зборнік. Творы беларускіх палітвязняў 2020–2023» і за шматгадовую працу ў выдавецкай ініцыятыве «Беларуская турэмная літаратура», што дае магчымасць пачуць галасы палітычных зняволеных, спецыяльную адзнаку прэміі імя Францішка Аляхновіча атрымлівае праваабаронца ПЦ «Вясна» Алена Лапцёнак.
11 год таму Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода» заснавалі разам прэмію за творы, напісаныя ў зняволенні, і прысвяцілі яе беларускаму драматургу і рэжысёру Францішку Аляхновічу (1883–1944), чыя кніга «У капцюрох ГПУ» адной з першых расказала свету пра савецкі ГУЛАГ.
Лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча станавіліся Ігар Аліневіч (2013), Алесь Бяляцкі (2014), Зміцер Дашкевіч (2014), Фелікс Пекер (2014), Павел Севярынец (2014), Аляксандр Фядута (2014), Ірына Халіп (2014), Мікола Дзядок, Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў (2017), Леанід Пятрэнка (2017), Аляксандр Лапшын (2018), Уладзімір Някляеў (2018), Вольга Мікалайчык (2018), Алесь Пушкін (2019), Сяргей Скрабец (2019), Андрэй Аляксандраў (2021), Аляксандр Васілевіч (2021), Максім Знак (2021), Вольга Калацкая (2021), Святлана Купрэева (2021), Мікола Папека (2021), Андрэй Скурко (2021), Алег Груздзіловіч (2023), Вольга Класкоўская (2023) і іншыя.
Арганізатары плануюць уручаць прэмію імя Францішка Аляхновіча, пакуль сітуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы, але спадзяюцца, што неўзабаве прэмія страціць сваю актуальнасць.
Паводле звестак Беларускага ПЭНа, сёння ў Беларусі трымаюць у зняволенні не менш за 38 Людзей Слова.
Чытайце яшчэ: Падтрымай заяву Беларускага ПЭНа на Дзень пісьменніка ў няволі!