17 чэрвеня на сцэне Магілёўскага драмтэатра прайшла канферэнцыя TEDxMahilyow. Хоць на мерапрыемства прыйшло шмат людзей розных узростаў і прафесій, мала хто з іх мог адказаць на пытанне, што гэта за канферэнцыя і для чаго яна патрэбная. Праект TED — гэта не прэзентацыі бізнес-ідэй, гэта хутчэй стымул, матывацыя і натхненне прыдумаць нешта сваё.
TED расшыфроўваецца як Technology Entertainment Design, і гэта праект, прысвечаны “ідэям, вартым распаўсюду” (Ideas Worth Spreading). Штогод у розных гарадах праходзяць канферэнцыі TED, на якіх выступаюць з невялікімі прамовамі спікеры, а самі прамовы потым выкладваюцца ў бясплатны доступ на сайце TED.com.
У Магілёве TED пачаўся з таго, што адзін неабыякавы чалавек стаў валанцёрам-перакладчыкам спічаў на рускую і беларускую мовы. А пасля вырашыў атрымаць ліцэнзію і правесці незалежную канферэнцыю TEDxMahilyow. І яму гэта ўдалося з першага разу, што вялікая рэдкасць. У Беларусі такія канферэнцыі праходзяць толькі ў Мінску, Гродне і Магілёве.
— Пэўны час я перакладаў відэа з глабальнага TED на беларускую мову, — кажа ліцэнзіят TED у Магілёве Артур Таццянін. — Вельмі хочацца, каб пра ідэі, якія там прэзентуюцца, ведалі і ў нашай краіне. Затым я задумаўся, а чаму б не паказаць, што і ў асяроддзі, дзе я жыву, таксама ёсць ідэі, вартыя распаўсюджвання. Тады я вырашыў звярнуцца па ліцэнзію, каб арганізаваць TEDx у Магілёве, і яе атрымаў. Мы не шукаем практычнага выніку канферэнцыі. Мы натхняем, матывуем, будуем масты між людзьмі, правакуем людзей на аналіз тых тэм і ідэй, якія прэзентуем.
Самі спічы маюць абмежаванне па часе: не больш за 18 хвілін, каб заразіць публіку сваёй ідэяй. Ідэі, прадстаўленыя на канферэнцыі, былі зусім розныя, хутчэй спікеры проста распавядалі пра нейкі свой вопыт. Напрыклад, Антон Балашоў расказаў, як аднойчы вырашыў, што хоча развіваць магчымасці левай рукі, тым самым уплываючы на правае паўшар’е галаўнога мозгу. Ён не прыводзіў ніякіх навуковых выкладак, проста расказаў, як выдатна было вучыцца пісаць ці трымаць лыжку ў іншай руцэ і як гэта паўплывала на яго жыццё. Быццам бы не вельмі арыгінальная ідэя, але ў перапынку шмат хто падыходзіў да Антона, распытваў яго і спрабаваў пісаць левай рукой.
Акрамя таго, у перапынку паміж блокамі выступленняў прайшло некалькі інтэрактываў. Можна было пагаварыць са спікерамі і абмеркаваць іх iдэi, а таксама паспрабаваць нешта на практыцы. Асабліва ўсім спадабалася ствараць “новую гарадскую прастору” — на фотаздымках Магілёва валанцёры прыбралі вядомыя помнікі, а на іх месца прапанавалі наклеіць якіх-небудзь персанажаў, напрыклад, Пікачу або Саладуху.
— Калі казаць аб гэтай канферэнцыі, то робім мы яе таму, што гэта натхняе і думаць, і дзейнічаць. Як і ўсе прамовы TED, яны матывуюць. Калі ў першай канферэнцыі валанцёраў-арганізатараў было каля дзясятка, то другая рыхтавалася ўжо двайным складам, — дзеліцца ўражаннямi мадэратарка праекта Ганна Цітовіч.
Арганізатары засталіся задаволенымі тым, як прайшла канферэнцыя: у зале было шмат новых людзей, у перапынку яны пілі каву, слухалі жывую музыку, размаўлялі і нават спрачаліся, а падчас саміх выступленняў з вялікай цікавасцю і ўвагай слухалі спікераў.
Марыя Гілёва, Іра Тонева