Аргкамітэт Першага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і прамоцыі Adnak! прыняў рашэнне працягнуць тэрмін прыёму заявак і працаў на ўдзел у Фестывалі да аўторка, 29 чэрвеня, уключна. Тэрмін падачы працаў на Конкурс маладых рэкламістаў прадоўжаны да 3 ліпеня.
Не сакрэт, што многія людзі робяць усё ў апошні момант, адцягваючы час прыняцця рашэння да дэдлайну, і вялікая колькасць працаў і заявак на ўдзел у Фестывалі паступіла якраз у апошнія дні. Менавіта з гэтым і звязанае працягванне тэрміну падачы працаў да аўторка, 29 чэрвеня. Такім чынам, у прафесійных гульцоў рэкламнага рынку, маладых крэатыўшчыкаў і рэкламістаў, якія маюць працы, выкананыя на беларускай мове, застаецца яшчэ тыдзень для таго, каб заявіць пра свой удзел і падаць працы на Першы фестываль беларускамоўнай рэкламы і прамоцыі Adnak!.
Як і чакалі арганізатары, найбольшая колькасць працаў паступіла ў намінацыю «Дызайн (паштоўкі, календары, буклеты, лагатыпы, фірмовы стыль)», а таксама «Этыкетка і ўпакоўка». Вельмі сціпла паводзяць сябе інтэрнэт-рэкламісты. Вялікую цікавасць выклікаў конкурс на найлепшы пераклад слоганаў замежных брэндаў на беларускую мову. На конкурс «Самы беларускамоўны сусветны брэнд» ужо падалі свае працы такія кампаніі, як Renault, Bosch, Henkel (ТМ Ceresit), Samsung і іншыя. Агульная колькасць заяўленых працаў ужо перавысіла сотню.
Пасля заканчэння прыёму працаў усе склады журы па крытэрах, якія будуць апублікаваныя асобна, вызначаць фіналістаў і пераможцаў у катэгорыях. Шорт-лісты будуць абвешчаныя 5 ліпеня. Фінальная цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 7 ліпеня ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы і дыпломы ад арганізатараў і партнёраў Фестывалю.
Таксама да 29 чэрвеня працягнуты тэрмін падачы працаў на Конкурс на найлепшы пераклад слоганаў замежных брэндаў на беларускую мову. А працы ад удзельнікаў Конкурсу маладых рэкламістаў, партнёрам якога з’яўляецца кампанія Velcom, будуць прымацца да 3 ліпеня ўключна.
Конкурс маладых рэкламістаў (абмежаванне па ўзросце ўдзельнікаў — да 28 гадоў уключна) складаецца з двух блокаў. У межах першага блоку канкурсантам неабходна прапанаваць крэатыўную ідэю і рэалізацыю агульнанацыянальнай кампаніі, якая будзе звяртаць увагу шырокіх колаў насельніцтва Рэспублікі Беларусь на пытанні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, становішча сучаснай культуры ў краіне, папулярызаваць веды па гісторыі Беларусі, павялічваць зацікаўленасць да выкарыстання беларускай мовы. Падрабязны брыф гэтага задання можна спампаваць тут (фармат PDF) або тут (фармат PowerPoint).
У межах другога блоку заданняў партнёр конкурсу кампанія Velcom прапаноўвае распрацаваць крэатыўную ідэю і рэалізацыю рэкламных кампаній для сваіх тарыфных планаў «Кеды», «Паўкеды» (брыф у фармаце PDF можна спампаваць тут) і тарыфных планаў 3G для моладзевай аўдыторыі «Пакаленне 3G velcom» (брыф у фармаце pdf можна спампаваць тут).
Падрабязнасці аб Конкурсе маладых рэкламістаў чытайце тут.
Конкурс на найлепшы пераклад слоганаў замежных брэндаў
Удзел у гэтым конкурсе можа ўзяць любы ахвочы. Неабходна перакласці на беларускую мову слоганы міжнародных кампаній, якія прапанавалі арганізатары конкурсу, даслаць свой варыянт на паштовую скрыню info@adnak.by да 29 чэрвеня разам з кантактнай інфармацыяй, перамагчы і атрымаць каштоўныя прызы ад арганізатараў конкурсу. Пераможца конкурсу атрымае квартальную падпіску на вядомы часопіс «Рекламные идеи». Партнёрам конкурсу стала брэндынгавая кампанія A.I.D.A Pioneer.
Падрабязнасці аб Конкурсе на найлепшы пераклад слоганаў замежных брэндаў на беларускую мову чытайце тут.
Узяць удзел у Фестывалі вельмі проста. Падрабязнасці аб умовах удзелу чытайце на сайце Фестывалю ў раздзеле «Умовы ўдзелу».
Усю дадатковую інфармацыю вы можаце атрымаць па тэлефонах +375 29 755-1434, 177-0121, +375 25 978-9787 альбо по адрасе info@adnak.by.