Орша асляпіла перадкаляднымі агнямі. Вуліца Міра, гатэль “Орша” — ззяла ўсё. А недзе за межамі святла плыў — адчувалі скурай — апеты Караткевічам Дняпро. І калі нам казалі, што Орша — гэта “горад турмаў”, разводзілі рукамі. Ці так гэта? І хто ты, Орша? І куды плывеш? — акурат гэтыя пытанні былі цэнтрам дыскусіі падчас ток-шоў “Орша: у пошуках гарадской ідэнтычнасці”.
Імпрэза на радзіме Караткевіча прайшла 18 снежня ў межах праекта “Разам да справы”, які ладзіцца грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” разам з Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання SYMPA.
У якасці экспертаў удзел у дыскусіі бралі дырэктарка бабруйскага тайм-клуба “13:87” Наталля Халанская, гісторык і адміністратар культурніцкіх праектаў Раман Воранаў ды рэдактар Аршанскага рэгіянальнага партала Ігар Казмерчак.
“Горад развальваўся шмат-шмат гадоў”
Але зноў пра ззянне. Сёлета Орша трапіла пад перакрыжаваны агонь. Яна мала таго што стала аб’ектам пільнай увагі ўрада і “жэстачайшага разносу” Лукашэнкі, дык яшчэ трапіла на апошні радок рэйтынгу беларускіх гарадоў, створанага Цэнтрам новых ідэй.
“Няўжо сапраўды ўсё так кепска ў Оршы?” — дзівіўся ўпачатку размовы мадэратар дыскусіі — каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі” на Віцебшчыне Уладзімір Булаўскі.
“Калі аб’ектыўна — праблемы ёсць. І тое апошняе месца ў рэйтынгу, на жаль, “заслужанае”. Універсітэта няма, культура ў горадзе колькі гадоў развальваецца, і такое адчуванне, што мэтанакіравана. Напрыклад, горад не мае ніводнага агульнагарадскога моцнага фестывалю, ды хаця б фармату “Лепельскага цмока”, каб прыцягваць увагу турыстаў. Ну і іншыя праблемы. Горад проста развальваўся апошнія шмат-шмат гадоў…” — адказвае аршанскі актывіст і рэдактар мясцовага партала Ігар Казмерчак.
Пры гэтым дадае, што горад мае вялікі культурніцкі і турыстычны патэнцыял. Аж так, што, напрыклад, сярод жыхароў Смаленска знаходзіцца ў турыстычным топе.
“Развіваючы турыстычны патэнцыял, можам тое-сёе атрымаць. Іншая справа, што ва ўладаў іншыя прыярытэты, хоць прамысловасць тут такі труп, што і электрашокерам да жыцця не вернеш”, — запэўнівае Казмерчак.
“Дзве турмы — ніводнага тэатра”
Перспектывы ёсць, але, як сцвярджае эксперт, самі аршанцы чамусьці працягваюць атаясамліваць сябе з жыхарамі “крымінальнай сталіцы”. У гэтым праблема.
“На вялікі жаль, фальклорны вобраз “тры турмы — ніводнага тэатра” пакуль актуальны. Турмы, праўда, цяпер ужо дзве, і нават паўпрафесійны тэатр з’явіўся. Але пытанне не ў колькасці вязніц, а ў тым, што вобраз гэты заграз у галовах гараджан. Сацыялагічных апытанняў тут не праводзілі, але баюся, што вельмі шмат для каго Орша застаецца “турэмным горадам”, — кажа Ігар Казмерчак.
“Бізнес павінен укладаць грошы ў развіццё горада”
У Бабруйску, дарэчы, таксама ёсць турма, але вобраз горада яна не вызначае. Тут працуюць іншыя стэрэатыпы — бабры і габрэі. Нічога, здавалася б, страшнага. Але актывістка і гаспадыня крэатыўнай прасторы “13:87” Наталля Халанская спрабуе сваёй дзейнасцю давесці гараджанам, што Бабруйск глыбейшы і багацейшы за любы стэрэатып.
Яна, дарэчы, заўважае, што Бабруйск заняў у згаданым ужо рэйтынгу гарадоў перадапошняе месца, апынуўшыся ўсяго на радок вышэй за Оршу. І збольшага таму, што ў горадзе няма вышэйшай навучальнай установы: філіял БДЭУ быў закрыты ў Бабруйску год таму. Але ў адрозненне ад Оршы, Бабруйск мае свой тэатр і тэатральны фестываль, у горадзе ладзіцца фэст рамеснікаў.
“Наша задача цяпер — працаваць з той моладдзю, якая знаходзіцца побач”, — кажа Наталля, падкрэсліваючы важную ролю ў такой працы мясцовых бізнес-праектаў.
“Тайм-клуб” — гэта бізнес-праект. Мы арандуем вялікае памяшканне, робім платныя імпрэзы. І добра разумеем, што бізнес павінен укладаць свае грошы ў развіццё горада. Калі кожны з бізнесоўцаў пачне нешта рабіць вакол сябе, тады асяроддзе пачне змяняцца да лепшага”, — мяркуе Наталля.
Як прыклад такога ж сацыяльна адказнага бізнесу ў Віцебску Раман Воранаў называе Цэнтр VZAP прадпрымальніцы Інгі Багінскай. Ёсць у гэтым плане зрухі і ў Оршы: мясцовыя прадпрымальнікі перарабляюць пад кавярні будынак былога бровара. Будзе весялей.
Як змагацца з бабрамі? “Мусім найперш рабіць горад для сябе”
“Калі запытваешся ў бабруйчан, з чым яны ідэнтыфікуюць горад, то — альбо габрэі, альбо бабры”, — вяртаецца да тэмы дыскусіі Наталля Халанская. Яна кажа, што нават назва яе крэатыўнай прасторы “13:87” (у 1387 годзе Бабруйск упершыню згаданы ў летапісах) — разбурае стэрэатыпы пра горад.
“Што да габрэяў, то мы цяпер актыўна супрацоўнічаем з габрэйскай суполкай. А вось калі казаць пра турыстычны патэнцыял, пра які гаварыў Ігар, мы адмовіліся ад гэтага. Вырашылі, што мусім найперш рабіць горад для сябе, для тых, хто ў ім жыве. Бо калі ён не будзе цікавы нам — ён не будзе цікавы нікому. Таму працуем над праектамі, якія маюць паляпшаць гарадское жыццё для сябе, ствараем фэсты, якія самі хочам бачыць у горадзе, публічныя прасторы, якія патрэбныя нам”, — тлумачыць Наталля.
Стваральніца тайм-клуба ў Бабруйску распавядае, што ўсё пачалося з “выхаду ў народ” са звычайнымі настольнымі гульнямі. Потым падключылі да супрацы вулічных музыкаў, акустычныя вечарыны перараслі ў стрыт-караоке: горад заспяваў і з’яднаўся.
“Так удалося сабраць гарадскую супольнасць, якая гатовая была рабіць нешта разам”, — распавядае Наталля.
Сёлета, прыкладам, яны зладзілі ашаламляльны праект “Прыпынак Алеся Адамовіча” на малой радзіме пісьменніка ў вёсцы Глуша пад Бабруйскам. Узялі і ператварылі звычайны аўтобусны прыпынак у арт-аб’ект — з графіці ў гонар Адамовіча. І гэта стала толькі пачаткам справы ўшанавання імя славутага земляка. Аж загарэліся мясцовыя ўлады…
“Я так разумею, прыпынку Караткевіча Орша пакуль не мае?” — адрасуе рытарычнае пытанне аршанцам Уладзімір Булаўскі.
“Караткевіч — гэта крута, але… вузка”
Ігар Казмерчак кажа, што гадоў 6 таму ў Оршы хацелі стварыць вялікі мурал з выявай Караткевіча на сцяне дома, але з гарадскімі ўладамі паразумення не знайшлі.
“У тым годзе ў Рагачове з’явіўся партрэт Караткевіча. Кажам, ад вас толькі выдзеліць дом і даць дазвол, грошы самі знойдзем. Не далі. Чаму? А дык… без тлумачэння прычын”, — гаворыць Казмерчак. Згадваючы прыклады бабруйскага актывізму, зазначае, што ў Оршы “абламалі б па ўсіх пунктах”.
Але што да Караткевіча, дык усё не так кепска, сцвярджае эксперт. У Оршы існуе музей Караткевіча, які ладзіць імпрэзы. На карысць пайшла і сёлетняя шуміха наконт продажу дома Караткевіча пад знос. Нагадаем, дом удалося ўратаваць, яго выкупіў уладальнік “5 элемента”.
“Маем планы заснаваць у горадзе літаратурны фестываль Караткевіча. Калі гэта адбудзецца — пакуль вялікае пытанне. Але што ён будзе — гэта 100 працэнтаў. Ідэя фэсту пад працоўнай назвай “Мур” прасоўваецца цяпер рознымі людзьмі, у тым ліку Сержуком Доўгушавым”, — паведаміў Ігар Казмерчак.
Але ці зробіцца Караткевіч агульнагарадскім брэндам? “Вакол Караткевіча даволі шмат круціцца, і калі казаць пра гарадскую ідэнтычнасць, то Караткевіч — гэта крута, так, але, баюся, даволі вузка. Бо літаратура зацікавіць сёння хіба што інтэлігенцыю. І я не ведаю, ці стаў бы ён агульнагарадскім брэндам, які прыносіў бы дадатковы прыбытак у бюджэт горада. Гэта дыскусійнае пытанне”, — адказаў Казмерчак.
“Давайце ж выносіць на паверхню добрыя рэчы!”
“Я згодны, што літаратура сёння, можа, і не мэйнстрым для моладзі, але ў нас ёсць школьная праграма. Там ёсць і Караткевіч, і Барадулін. І калі школьнікі прыязджаюць у Оршу, то для іх Караткевіч — не пустое месца. Няхай яны і двух радкоў не прыгадаюць з Барадуліна, але як сімвал, як знак нашай літаратуры гэта вельмі важна. І калі рабіць, напрыклад, школьныя экскурсіі, дык па той жа Вушаччыне цэлы дзень можна катацца па літаратурных месцах. І гэта спрацоўвае! І ў Віцебску сотні людзей прыходзілі на “Барадулінкі”, было вельмі класна”, — далучаецца да дыскусіі Раман Воранаў.
Як пра адну з самых яскравых ініцыятыў, што спрыяла развіццю мясцовай ідэнтычнасці, Раман распавёў пра святкаванне 420-годдзя надання Віцебску Магдэбургскага права. І звяртае ўвагу, што Орша атрымала Магдэбургскае права ў 1620-м, а значыцца, праз год можна святкаваць 400-годдзе. Чаму б не скарыстацца такой нагодай?
Распавядаючы пра тое, як у свой час “стрэліў” праект “Віцебскі алфавіт”, Раман адзначае, што выцягнуць людзей з негатыўных стэрэатыпаў цалкам магчыма.
“Я не прыхільнік таго, каб пытацца ў людзей, што ім цікава, і толькі ў гэта біць. Не, як кажуць даследчыкі, гараджане фармуюць ідэнтычнасць, але і ідэнтычнасць фармуе гараджан. То бок мы самі можам нараджаць вобразы, якія б выцягвалі людзей са стэрэатыпу пра Оршу як горад турмаў. Негатыўныя вобразы таксама фармуюцца грамадствам. Дык давайце зробім так, каб грамадства фармавала пазітыўны вобраз. Давайце выносіць на паверхню добрыя рэчы”, — заклікаў Раман Воранаў.
Горад 11 манастыроў
Пра тое, якім чынам гісторыка-культурная спадчына ўплывае на гарадское жыццё Оршы, кажа Ігар Казмерчак. Распавядае пра таго ж Караткевіча, які “ўсё адно ў падкорцы кожнага аршанца”, пра адноўлены Езуіцкі калегіум, дзе цяпер размяшчаецца бібліятэка і цэнтральная мастацкая галерэя.
Але ўжо ў працэсе гутаркі, амаль стыхійна, нараджаюцца новыя вобразы Оршы — горада, у якім раней было 11 праваслаўных манастыроў, і горада — малой радзімы блаславёнай Цэліны Бажэнцкай (нарадзілася ў маёнтку Антавіль). “Рэлігійная гісторыя таксама магла б служыць стварэнню гарадской ідэнтычнасці”, — мяркуе Ігар.
А вось Кабыляцкая гара (месца сталінскіх расстрэлаў пад Оршай), пра якую нагадваюць з залы, — на думку эксперта, “тэма вельмі спецыфічная”.
“А ці трэба, каб яна рабілася брэндам Оршы? Бо гэта негатыўная частка гісторыі. А горад павінен асацыявацца з нечым пазітыўным. І калі будзем казаць увесь час толькі пра Кабыляцкую гару, дык зноў выплывуць нашы турмы, і мы вернемся да вобразу “тры турмы — ніводнага тэатра”. А ад гэтага стэрэатыпу трэба адыходзіць”, — лічыць эксперт.
“Недаацэньваем маладых бацькоў”
Абмеркавалі ўдзельнікі ток-шоў і праблему ўзаемадзеяння са СМІ — галоўнымі, па сутнасці, рэтранслятарамі пазітыўных вобразаў горада, якія могуць нараджаць актывісты.
“Наконт фармавання ідэнтычнасці — дык гэта на 45-50% залежыць менавіта ад СМІ. Але для таго каб СМІ пра гэта пісалі, патрэбная інфармацыйная нагода, а значыць, павінныя быць актывісты, якія ствараюць ідэі і ладзяць імпрэзы”, — казаў рэдактар Аршанскага рэгіянальнага партала Ігар Казмерчак.
Дзе браць крэатыўных актывістаў, якія б стваралі прывабныя інфармацыйныя нагоды, мацнейшыя за паўсюдны крымінал, — вялікае пытанне. На думку Рамана Воранава, у гэты працэс трэба ўцягваць “моцную сацыяльную групу” маладых бацькоў, гатовых і ствараць, і бараніць свае правы. Іх пакуль што вельмі недаацэньваюць, лічыць Раман.
Наталля Халанская ж мяркуе, што “проста трэба рабіць тое, што цікава людзям побач з табой, — і тады паціху-патроху збіраюцца гэты актывісты”. “Толькі так”, — сцвярджае бабруйчанка.
Што параіць для Оршы?..
Падводзячы рысу пад амаль двухгадзіннай дыскусіяй, Уладзімір Булаўскі папрасіў кожнага з экспертаў даць аршанцам парады: што рабіць і куды плысці, каб “горад турмаў” рабіўся паціху горадам мары.
Раман Воранаў упэўнены, што ў рэалізацыі падзей і актыўнасці ў сваім горадзе варта было б кіравацца не ідэяй прываблівання турыстаў, але думаць найперш пра жыхароў горада.
“І таму ў развіцці якраз сваёй ідэнтычнасці я б таксама адыходзіў ад думкі, што мы мусім развіваць памяць пра Стэндаля, бо яго ведаюць у свеце і ён быў у Оршы. Ну быў і быў. Давайце сапраўды падумаем пра тое, што Орша была магутным асветніцкім цэнтрам, і будзем націскаць, каб у Оршы адкрылі філіял вышэйшай навучальнай установы. Бо ўніверсітэт — гэта заўсёды велізарны штуршок”, — прапануе Раман Воранаў.
“З чаго пачаць? Узяць і пачаць! З таго, што хочацца зрабіць найбольш. А далей — ганарыцца і марыць пра тое, што можа быць. Больш размаўляць і расказваць пра свае мары іншым. І мне падаецца, што абавязкова знойдуцца аднадумцы. Ну а два чалавекі — гэта ўжо каманда, якая можа шмат чаго зрабіць!” — падсумавала Наталля Халанская.
“Дай Бог, усё атрымаецца з літаратурным фестывалем. Гэта тое, што падвысіць наш рэйтынг. Ну і ствараць іншыя падзеі! Неяк так. Бо ў Оршы ёсць рэчы, за якія можна зачапіцца, каб яна зноў стала знакамітай і загучала па-новаму. Але трэба рабіць, а не чакаць, пакуль зробяць аддзелы культуры”, — згаджаецца з суразмоўцамі Ігар Казмерчак.
Змітрок Трай
Фота – Алесь Пілецкі