Двор Арт-прасторы на Талстога, 7 быў на цэлы дзень аддадзены музыкам, народным майстрам, гандлярам кнігамі.
На старце “Барадулінак”, у 12 гадзін, народу было небагата. Яно і не дзіўна: выпадковыя мінакі, што шукаюць любога гарадскога свята, ужо яго атрымалі. У пятніцу і суботу Віцебск ярка і разнастайна святкаваў свой чарговы дзень нараджэння. А на Талстога, 7 народ збіраўся на канкрэтныя праекты. І гэта сапраўды было цудоўна: што можа быць лепшым, чым зацікаўленая аўдыторыя, якая прыйшла паслухаць канкрэтную асобу.
У двары можна было набыць цацкі ручной работы, упрыгожанні з дрэва і воўны, валяныя капелюшы. Свой тавар прапаноўвала крама imbryk.by . Кнігі, якія проста так набыць у Віцебску немагчыма, прывезла выдавецтва “Кнігазбор”. А гаспадары “Фальварка Архіпавых” прапаноўвалі паспрабаваць і набыць казіны сыр розных гатункаў. Сям’я ўтрымлівае фермерскую гаспадарку і робіць экалагічна чыстыя сыры па ўласных рэцэптах.
Атмасфернасці святу надаваў стары тэлевізар, у якім замест экрана месціліся кнігі для бук-кросінгу. А яшчэ вялікія фотаздымкі беларускіх пісьменнікаў, выразаныя такім чынам, што кожны ахвочы мог сфатаграфавацца або побач са сваім літаратурным кумірам, або ў ягоным вобразе.
Галоўныя падзеі разгортваліся ў залах арт-прасторы. Лекцыя Мікалая Півавара “Ушаччына Рыгора Барадуліна” сабрала такую колькасць слухачоў, што доўгіх лавак для сядзення хапала не ўсім. Напэўна, не менш народу было б і на лекцыі Міхася Скоблы, якая, на жаль, не адбылася. Замест вядомага аўтара ў Віцебск завіталі салістка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава і Антаніна Хадкевіч, падчас выступу якіх наведнікі змаглі не толькі паслухаць шыкоўныя спевы на тэксты беларускіх аўтараў, але і паразважаць пра беларускую літаратуру.
На прэзентацыі кнігі “Віцебская мастацкая школа для дзетак” было не надта людна, але не менш цікава. Наогул, унікальнай аказалася сама кніга. Гэта збор казак, якія напісалі сучасныя літаратары пра мастакоў, на чыю творчасць так ці інакш паўплывала Віцебская мастацкая школа.
Малевіч і Шагал, Русава і Паслядовіч, Цэслер і Хацкевіч. Кожнаму з мастакоў прысвечаны асобны твор, верш і творчае заданне для юных чытачоў, якое можна выконваць на старонках кнігі. Мастацвазнаўца Сафія Садоўская расказвала, як праходзяць заняткі з дзеткамі ад 7 гадоў, дзе яны падарожнічаюць у свет выбітных беларускіх мастакоў, выкарыстоўваючы арыгінальны падручнік. Але гэта адбываецца ў Мінску, у “Дзіцячых творчых майстэрнях” Галерэі “Ў”. У нашым горадзе нават у час прэзентацыі кнігу купіць было немагчыма, віцяблянам паказалі толькі некалькі яе асобнікаў.
Кніга выдадзеная за грошы, сабраныя на краўдфандынгавай платформе, і яе першы наклад літаральна разляцеўся. Цяпер ідзе збор сродкаў на перавыданне незвычайнага падручніка.
А кульмінацыяй “Барадулінак” стала лекцыя Альгерда Бахарэвіча “Дэзарыентацыя на мясцовасці: балючыя кропкі сучаснай беларускай літаратуры” і выступленне паэткі Юлі Цімафеевай. Прыезд знакамітых літаратараў адбыўся ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”, прысвечанай 500-годдзю кнігадрукавання.
Пачаўшы з прэзентацыі кнігі “Бэзавы і чорны: Парыж праз акуляры беларускай літаратуры”, Альгерд Бахарэвіч перайшоў да гутаркі пра беларускую літаратуру ўвогуле. Пра яе ўнікальнасць и еўрапейскасць.
– Важна разумець, што Еўропа не заканчваецца на беларуска-польскай мяжы. Маленькая вёска ў Беларусі – гэта таксама Еўропа. Я паспрабаваў укласці гэтую думку і ў сваю кніжку, – разважаў пісьменнік. – Мы ўвесь час раўняемся на вялікія еўрапейскія літаратуры. І гэта няправільна. Еўропа – гэта і Албанія, і Македонія, і Эстонія. Час зразумець, што найлепшая літаратура – правінцыйная. Вялікая літаратура заўсёды нараджалася ў правінцыі. А потым у нейкіх цэнтрах рабілася бачнай.
Беларусь – гэта таксама свайго роду правінцыя. Правінцыя Еўропы. І за апошнія пяць гадоў, заўважыў Альгерд Бахарэвіч, беларуская літаратура вельмі змянілася. І быць дэзарыентаваным у ёй вельмі проста. Называючы імёны сучасных беларускіх літаратараў – Вальжына Морт, Андрэй Адамовіч, Павел Касцюкевіч, Марыя Мартысевіч, Сяргей Календа, Валер Гапееў,– пісьменнік увесь час перапытваў у аўдыторыі, ці ведаюць яны такое імя, ці знаёмыя з творамі. Цалкам дасведчаных у Віцебску аказалася не так і многа. А некаторыя з прысутных наогул занатоўвалі новыя прозвішчы, каб потым адкрыць для сябе новую літаратуру Беларусі.
– Якія б кнігі вы параілі чытаць дзяўчынцы, каб яна вырасла сапраўднай беларускай? – прагучала адно з пытанняў пасля заканчэння лекцыі: малады тата даверыў густу пісьменніка фармаванне светапогляду свайго дзіцяці. І гэта было самым яскравым сведчаннем таго, што лектару паверылі.
Юля Цімафеева чытала вершы са сваёй новай кнігі “Цырк”. Як заўсёды, эмацыянальна і натхнёна, дэманструючы адзін з самых тонкіх прыкладаў сучаснай жаночай паэзіі. Паўтары гадзіны праляцелі незаўважна, а пасля лекцыі кніг, прывезеных гасцямі, на ўсіх ахвочых не хапіла.
Завяршыліся “Барадулінкі” вячэрнім канцэртам з удзелам мінскіх гуртоў Kitchen Stuff Only i Teleport. Гурты былі адабраныя больш чым з 40 патэнцыйных удзельнікаў, якія падалі заяўкі на фестываль. Цікава, што пачуць музыкаў сабраліся не толькі віцябляне, але і госці з Мінска, Полацка і іншых гарадоў. Па завяршэнні ўнутры музея адбыўся кінапаказ кароткаметражных фільмаў ад фэсту Cinema Perpetuum Mobile, які падрыхтаваў адмысловую падборку на тэмы, што хвалявалі Рыгора Барадуліна “Радзіма. Мова. Каханне”
Традыцыйны фестываль адбыўся па ініцыятыве кампаніі “Будзьма беларусамі” і супольнасці Vitebsk4me пры падтрымцы Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва і Гарадскога выканаўчага камітэта.
Тэкст: news.vitebsk.cc, Уладзімір Булаўскі
Фота: Язмірад Бяшымаў