“Гарадскі актывіст – хто ён: вар’ят ці выратавальнік? “ – адказ на гэтае пытанне паспрабавалі знайсці случчакі падчас адмысловай дыскусіі, якую зладзіла грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” сумесна з Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання “Сімпа” і мясцовай газетай “Інфа-Кур’ер”.
У дыскусіі ўдзельнічалі Марына Корж (трэнерка і кансультантка па развіццю мясцовых супольнясцяў Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі), Антон Матолька ( гарадскі актывіст, аўтар праекта #мотолькопомоги для вырашэння лакальных праблем) і Вікторыя Капская (журналістка газеты “Інфа-Кур’ер”).
Хто ж такі гарадскі актывіст?
На пачатку размовы спікерка Марына Корж падкрэсліла, што яна звычайна пазбягае тэрмінаў “ гарадскі актывіст”, “грамадзянскі актывіст”: «Горад – гэта занадта вялікая і абстрактнае паняцце. Не ўсе людзі гатовыя суперажываць і клапаціцца аб такой вялікай тэрыторыі. У невялікіх гарадах і вёсках я не кажу словы «грамадзянскі актывіст». Гэта адштурхоўвае, наводзіць на паралелі з палітыкай. Я простай і зразумелай мовай кажу пра тыя каштоўнасці, якія нясе актыўная грамадзянская пазіцыя», – патлумачыла Марына Корж.
90% праблем вырашаюцца проста
Антон Матолька распавёў аб сваім праекце #мотолькопомоги: «Гэта не рух, не арганізацыя. Гэта жаданне паказаць, як чалавек сам можа вырашаць лакальныя праблемы».
Паводле яго слоў, часта людзі абмяжоўваюцца проста «скаргамі ў інтэрнэце». «На самай жа справе 90% лакальных праблем вырашаюцца пры дапамозе звычайных электронных зваротаў у мясцовую адміністрацыю. Паправіць лаву, прынізіць бардзюр, каб было зручна інвалідам-калясачнікам або мамам з дзіцячымі каляскамі… Чалавек атрымлівае вынік праз пару тыдняў-месяцаў – дастаткова паслаць пісьмовы зварот. Людзі звычайна самі арганізуюцца і яны пры гэтым дакладна разумеюць, у чым праблема, якая яе галоўная прычына. Але звычайна яны не ведаюць, што рабіць. Я проста пачаў падказваць ім. А з развіццём інтэрнэту ўсё можна зрабіць за лічаныя хвіліны і далей займацца сваімі справамі», – рэзюмаваў Антон.
І ў гэтым, на думку спікера, няма нічога вар’яцкага. Гэта нармальнае жаданне чалавека зрабіць жыццё ў сваім раёне бяспечным і камфортным.
Актывісты – значыць маладыя?
Яшчэ ў пачатку ток-шоу ўдзельнікам была прадстаўлена вулічная відэаапытанка. У жыхароў Слуцку запыталіся: «Хто такія гарадскія актывісты, што яны робяць і якімі мясцовымі праблемамі могуць заняцца?» Мадэратар сустрэчы Хрысціна Марчук звярнула ўвагу на цікавы факт: большасць удзельнікаў апытанкі вызначала актывістаў як маладых людзей, то бок быць актыўным можна толькі ў маладосці? Досвед экспертаў паказаў, што гэта не зусім так. Па словах Марыны Корж, аналізуючы праекты Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, якія ахопліваюць каля 40 вёсак і гарадоў Беларусі, высветліўся цікавы факт: сярод тых, хто бярэцца вырашаць мясцовыя праблемы, больш людзей ва ўзросце 30-40 гадоў. І ў асноўным гэта жанчыны. Таксама экспертка заўважыла, што неабавязкова адразу брацца за вырашэнне нейкіх глабальных задач, а лепей пачынаць з малых спраў – вырашыць пытанне з устаноўкай дзіцячай пляцоўкі, добраўпарадкаваць сквер ці абсталяваць пляж. Такім чынам можна “падштурхнуць” мясцовых чыноўнікаў больш уважліва аднесціся і да вырашэння нейкіх буйных праблем.
А што ў Слуцку?
Мясцовыя актывісты распавялі пра тое, як дапамагаюць кінутым жывёлам, як праводзяць дабрачынныя акцыі або вырашаюць праблемы з уладкаваннем дарог, вулічнага асвятлення. У іх скарбонцы і справы, да якіх далучалася больш чым сотня чалавек. Але добрых спраў і актыўнасцяў магло быць і болей. Галоўная праблема – насцярожаныя адносіны мясцовых уладаў да любой “несанкцыянаванай” ініцыятывы.
Мясцовая журналістка Вікторыя Капская патлумачыла: “Яшчэ 10 гадоў таму ў Слуцку моладзь сама арганізоўвала і ледзь не кожны месяц праводзіла мерапрыемствы, імпрэзы. Сёння такіх практычна няма. Складаецца адчуванне: шукаюць любыя падставы, каб не дазволіць акцыю з адной простай прычыны — «як бы чаго не выйшла», няма мерапрыемства — няма праблемы. Нават калі гэта тычыцца дабрачыннасці.”
Па словах Вікторыі, ствараецца адчуванне, што для чыноўніка любы актывіст не з «сістэмы» — гэта вар’ят, які робіць нешта для горада не за бясплатна, а за нейкую выгаду. Ці, можа, чыноўнікі проста не хочуць страчваць манаполію на добрыя справы, манаполію на права самім вырашаць, што людзям трэба, а што не.
Эфектыўная камунікацыя з уладамі: ці магчыма?
Антон Матолька патлумачыў, што беларускія законы даюць людзям набор інструментаў, якімі яны могуць уплываць на ўлады. “Напрыклад, вам не дазваляюць нешта правесці не тлумачачы прычын адмовы. Ці дасылаюць адпіскі на просьбу прынізіць бардзюр.Але па беларускаму заканадаўству прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за адказы не па сутнасці на звароты грамадзян. Варта нагадваць чыноўнікам аб такой адказнасці. Да таго ж існуюць вышэйстоячыя органы ўлады, да якіх можна звяртацца, калі адказы і рэакцыя мясцовых уладаў на вашыя прапановы вас не задавальняюць”
На думку Антона, з мясцовымі ўладамі варта шукаць і знаходзіць баланс інтарэсаў — у нечым можа саступіць сам чалавек, у нечым — чыноўнік. Гэта такі своеасаблівы гандаль.
Роля медыя і «піяру»
Падчас ток-шоу прагучала нечаканае выказванне. «Мне здаецца, большасць праблем надуманыя. Людзі самі выдумляюць іх сабе, каб потым вырашаць і піярыцца на гэтым », – сказаў адзін з гасцей ток-шоў. Але эксперты не пагадзіліся з выступоўцам. Марына Корж адзначыла, што многія праблемы, з якімі прыходзілася сутыкацца, маглі не вырашыцца, калі б пра іх не пісалі медыя.
Антон Матолька асобна прайшоўся па «піяры» – пра актывістаў часам кажуць, што яны “піярацца” за кошт сваіх спраў. Але Антон перакананы: пра сваю працу трэба распавядаць людзям, пісаць пра яе ў сацсетках або праз СМІ. «Піяр, самарэклама тут ні пры чым. Людзі чытаюць пра такія малыя справы і пачынаюць разумець: усё не так складана і праблемы, якія да гэтага здаваліся неразвязальнымі, можна вырашыць. Прычым гэта зробіць не нехта там. Гэта па сілах вам самім. Гэта і ёсць галоўная функцыя таго, што называюць «піярам».
Аб дэпрэсіі і ўзаемадапамозе
Актыўная грамадская пазіцыя, імкненне зрабіць штосьці карыснае не толькі для сябе, але і для іншых, аказваецца, можа быць шкодным для здароўя. Часам абыякаваць гараджан і незразумелая палітыка мясцовых уладаў прымушае апусціць рукі і нават запасць у дэпрэсію. Адпаведным досведам падзялілася адна з удзельніц ток-шоу. Па словах экспертаў, такая сітуацыя ім знаёмая . «Тут важна не рабіць усё ў адзіночку. Шукайце аднадумцаў. Падтрымлівайце адзін аднаго», – параілі госці.
Вар’ят ці выратавальнік?
Для жыхароў Слуцка, якім дапамагаюць гарадскія актывісты, яны, безумоўна, выратавальнікі. А для некаторых чыноўнікаў такія валанцёры – вар’яты, мэты якіх – загадка. Таму важна праз асабістыя размовы і кантакты, праз СМІ расказваць і гараджанам, і ўладам, што і як чалавек робіць і чым яго справа важная і карысная для горада.
А беларускія законы даюць шмат інструментаў для гарадскога “вар’ята”, каб дабівацца сваіх мэтаў у нашай сацыяльна арыентаванай дзяржаве, дзе павінна быць месца ініцыятыве знізу.
Алесь Дастанка
Фота Зарыны Кандрацьевай