У Вашынгтоне праходзіць выстава беларускіх мастакоў “Мастацтва супраць дыктатуры”. Урачыстае адкрыццё выставы адбылося 23-га лістапада ў холе Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША, будынку Рэйбурн.
На адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Амерыцы, працаўнікі Кангрэса ЗША, Дзярждэпартамента, амерыканскіх няўрадавых арганізацый, прэса і прыватныя калекцыянеры сусветнага сучаснага мастацтва. Да гасцей з прамовай звярнуліся дзеячы мастацтва і грамадскага руху Беларусі: Павел Марозаў – адзін з арганізатараў выставы, чалец Рады БНР і лідэр супольнасці “Трэці Шлях”, Арэст Дзейчакоўскі – прадстаўнік Хельсінскага камітэта Кангрэса ЗША, беларускія мастакі Алесь Шатэрнік, Алена Тылькіна і Рыгор Батальёнак, прадстаўнікі Беларускага Музея ў Нью-Ёрку, Беларускага моладзевага руху Амерыкі.
Па словах Паўла Марозава, экспазыцыя “Мастацтва супраць дыктатуры” – гэта паспяховы прыклад народнай дыпламатыі. “У той час як урад Беларусі няздольны пабудаваць нармалёвыя адносіны з вядучай краінай свету, мастакі спрабуюць дастукаюцца да розумаў і сэрцаў амерыканцаў. Пры гэтым яны дэманструюць ім лепшыя ўзоры нашага мастацтва і ўяўляюць сабой беларусаў, якія маюць прынцыповую пазіцыю па пытаннях захавання роднай мовы і культуры, правоў чалавека і дэмакратыі ў нашай краіне” – сказаў ён.
На выставе дэманструецца каля сарака палотнаў і графічных лістоў адзінаццаці мастакоў, якія жывуць у розных краінах, – Алеся Пушкіна, Алеся Шатэрніка, Аляксея Марачкіна, Рыгора Батальёнка, Генадзя Драздова, Міколы Купавы, Юліі Шатэрнік, Юрыя Платонова, Янкі Раманавіча, Алены Тылькінай і Сяргея Ардэна – а таксама скульптурныя кампазіцыі Алеся Шатэрніка, у тым ліку бюсты вядомых беларускіх дзеячаў – Тадэвуша Касцюшкі, Ефрасінні Полацкай і Васіля Быкава. Тэмамі шматлікіх мастацкіх прац, прадстаўленых на выставе, з’яўляецца Беларусь і яе гісторыка-культурная спадчына.
Арганізатарамі экспазыцыі выступілі Кангрэс новай беларускай дыяспары Еўропы і ЗША, супольнасць “Трэці шлях” і Беларускі музей у Нью-Ёрку. Выстава арганізаваная пры падтрымцы Фонду Джорджа Маршала і Хельсінскай камісіі Кангрэса ЗША.
“Мастацтва супраць Дыктатуры” дэманструецца на розных пляцоўках у Еўропе і ЗША з 2008 года. За гэты час экспазыцыя пабывала ў Эстоніі, Нарвегіі і ЗША.
У планах арганізатараў у 2010 годзе працягнуць паказ выставы ў мастацкіх музеях у ЗША і Паўднёвай Еўропы, а таксама стварыць новы праект, які будзе пашыраць беларускае мастацтва на Захадзе і інтэгруе ў сябе лепшыя ўзоры беларускага мастацтва, музыкі і арт перфоманса.