Заходнюю Беларусь называюць «каталіцкім каўчэгам». Краем безлічы касцёлаў, кляштараў і прыдарожных крыжоў з ружанцамі. Нельга цікавіцца гісторыяй і не ведаць наваградскай Фары, дзе быў ахрышчаны Адам Міцкевіч. Або шыкоўнага барочнага касцёла Францішка Ксаверыя ў Гродне. А як там, у «глыбінцы»?
Як прыклад мы ўзялі Ваўкавышчыну. Рэгіён роўнааддалены ад Гродна, Мінска і Брэста. Рэгіён з глыбокай праваслаўнай і каталіцкай традыцыямі. Зараз, калі пацяплела, ці не час праехацца па топавых касцёлах Ваўкавыскага краю?
Распавядзем пра некаторыя з іх.

Касцёл у Мсцібава
1. Вярэйкі. Бішпінгі, карты і «крывавы барон»
Храм быў пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ ст., але звязаны са старажытным нямецкім родам з Вестфаліі. Бішпінгі пераехалі да нас яшчэ ў часы Баторыя, бралі ўдзел у яго паходах на Масковію. Першыя землі атрымалі на Старадубшчыне, але калі тыя тэрыторыі адышлі маскавітам, пераехалі на Ваўкавышчыну.
Ёсць легенда, што адна з прадстаўніц роду ўжо ў першай палове ХІХ ст. прайграла ў карты (!) вялікую суму грошай расійскаму афіцэру Свечыну. Вайскоўцу спадабалася яе дачка... Што ж рабіць? У лік доўгу тая стала ягонай жонкай. Аляксандра Свечына (з роду Бішпінг) разам з сястрой акурат і збудавала касцёл у 1840-х.
Быў такі брытанец Андэрсэн, які ў 1863-м сядзеў у гарадзенскай турме па падазрэнні ў сувязях з паўстанцамі. У яго была аповесць «Сем месяцаў у Рускай Польшчы». Адзін з герояў — Аляксандр Бішпінг, паўстанец. Яго таксама арыштоўвалі і — каб захаваць маёнтак ад канфіскацыі — той прыняў праваслаўе... Праз гады яго знайшлі з перарэзаным горлам ці тое ў Маскве, ці тое ў Пецярбургу.
Апошні раз прэса пісала пра Бішпінгаў у 1920-х. «Крывавы барон» — такая мянушка прыклеілася да апошняга з Бішпінгаў, які ў 1920-м разам з узброеным атрадам жорстка падаўляў сялянскія бунты. Яму ж прыпісваюць забойства Уладзіслава Друцкага-Любецкага ў маёнтку апошняга. Інфернальны і нават гатычны персанаж.
Касцёл перабудоўвалі некалькі разоў, а пасля Паўстання 1863-га перарабілі на царкву. Каталікам вярнулі ў 1920-х. Пры касцёле ёсць могілкі, на якіх захавалася капліца Бішпінгаў, а калі прыгледзецца да каменнай агароджы, можна адшукаць нават умураваныя каменныя жорны!
2. Шылавічы. Узлёт і дэпрэсія ксяндза Станіёніса
Касцёл у Шылавічах уражвае памерамі — нешта падобнае мела б красаваць у Лювене ці Кэмбрыджы, а не ў богам забытай вёсцы на Ваўкавышчыне. Шыкоўны неагатычны касцёл — плён працы ксяндза Казіміра Станіёніса.
На мяжы ХІХ і ХІХ стст. тутэйшая парафія была заможнай і прадпрымальнай. Нават Станіёніс трымаў ферму са свіннямі. Ксёндз звярнуўся да расійскіх уладаў па права збудаваць мураваны касцёл. Усё ішло марудна, бо было негалоснае правіла: дабудовы і паднаўленні рабіць можна, новы касцёл — не. Каб храм раптам не стаў месцам памяці паўстанцаў ці «патрыятычным цэнтрам».
Урэшце — дазволілі. Праектаваў святыню віленскі архітэктар Вільгельм Сток. У 1912-м з вялізнага храма знялі будаўнічыя рыштаванні, стала бачна: гэта адзін з найбольшых касцёлаў усёй Віленскай дыяцэзіі! І тут — Першая сусветная. На вежы расіяне зрабілі назіральны пункт, немцы яго абстралялі: катастрофа... Станіёніс занурыўся ў дэпрэсію і на нейкі час склаў з сябе святарскія абавязкі.
Храм аднавілі ў 1920-х, хоць унутраная аздоба ўжо і не была такой шыкоўнай, як некалі. Галоўнае — касцёл зноў працаваў. У часы СССР з шыкоўнай святыні зрабілі зернясховішча. У 1990-я вярнулі вернікам. Сёння тут важны каталіцкі місіянерскі цэнтр, а штодня а 12-й з 60-метровай касцельнай вежы грае прыгожая мелодыя.
3. Мсцібава. Навошта ксёндз спаліў касцельныя кнігі?
У соннай і маўклівай вёсцы нас сустракае велічны касцёл св. Яна Хрысціцеля з чырвонай цэглы — мікс неаготыкі і неараманскага стылю. Ён не першы на гэтым месцы. Першы быў збудаваны яшчэ ў часы Боны Сфорцы, у XVI ст. Адна праблема — з дрэва. Таму некалькі разоў гарэў і пацярпеў ад часу.
Мураваны храм — спадчына пачатку ХХ ст. У 1900-я на ўваходзе з’явілася брамная вежа, даволі нетыповая дэталь для мясцовай архітэктуры. Вежа выконвала яшчэ і функцыю званіцы, а звон у ёй мае імя — «св. Ян Хрысціцель». Зафундаваў яго тутэйшы ксёндз Бурак.
Будоўля вялікага мураванага храма пачалася ў 1910-х і скончылася на пачатку 1920-х. У часы Грамадзянскай вайны, калі вёску занялі бальшавікі, то звярнуліся да ксяндза па касцельныя кнігі з запісамі аб нараджэннях і смерцях. Нашто? Мабілізаваць мужчын. Але ксёндз спаліў кнігі: той рэдкі выпадак, калі вандалізм мае апраўданне. Пісалі, што тым ксяндзом быў Вінцэнт Гадлеўскі.
У 1930-я мясцовая парафія налічвала 3700 чалавек. Гэта быў час перанаселенасці заходнебеларускай вёскі. Зараз людзей паменела ў разы, таму нават сталага пробашча касцёл не мае: прыязджае святар з іншай вёскі. Тым не менш усё дагледжана.
4. Гнезна. Сапраўдная готыка!
Першы драўляны касцёл тут збудавалі яшчэ ў 1520-х Шэметы. Ужо праз 30 год Гнезна перайшло Хадкевічам і тыя збудавалі сённяшні гатычны храм. З таго часу ў Беларусі захавалася вобмаль касцёлаў (Ішкальдзь, Уселюб...), таму гнезненскі храм — дакладна ў пяцёрцы найстарэйшых.
Ёсць версія, што на пачатку мураваны храм быў... кальвінскім зборам. Хадкевічы тады былі пратэстантамі. Але ўжо пад канец стагоддзя храм апынуўся закінутым праз контррэфармацыю ў ВКЛ і масавае вяртанне ў рыма-каталіцтва. Маліцца не было каму.
Цікавы момант. У 1640-х праходзіў цэлы судовы працэс па перадачы храма каталікам. Працэс не быў фармальнасцю, бо мясцовыя суды сапраўды шукалі 90—100-гадовых сялянаў (!), каб тыя пацвердзілі, што некалі тут сапраўды быў касцёл. Тэарэтычна, яны яшчэ маглі памятаць храм Шэметаў, а як было насамрэч... Не ведаем. Храм перадалі каталікам.
Вежа, якую мы бачым сёння, мае 20 м вышыні, але раней была вышэйшай — каля 30. Справа ў пажары 1830-х, пасля якога вежу аднавілі, але больш сціпла. Складана сказаць, як выглядала тая першасная вежа, бо найбольш ранняя выява касцёла — малюнак Орды 1877 года.
Касцёл у Гнезна — сапраўдная беларуская готыка (не блытаць з неаготыкай пачатку ХХ ст.). І нават калі вы не паедзеце па іншых пунктах нашага гайду, сюды завітаць — варта!
5. Грынявічы. У фасадзе прарубілі заезд для аўтатранспарту...
Касцёльны комплекс у Грынявічах добра відаць з грунтовай дарогі, калі яшчэ не буяе зеляніна. Улетку наўрад ці ўбачыш. Гэта вялізная грамадзіна, сёння амаль пазбаўленая сакральных рысаў. «Рамантычныя руіны», у якія нельга трапіць: уваход забіты.
Шыкоўны барочны храм збудавалі ў XVIII ст. манахі-францішкане. Касцёл быў багата аздоблены, але нават ад роспісаў сёння захаваліся толькі сляды, не кажучы пра іншыя дэталі, скульптуру. Пасля 1839-га касцёл перарабілі на царкву, дабудавалі купалы, першы раз знявечылі фасад.
Да крытычнага стану касцёл давяла савецкая ўлада, перарабіўшы на гаспадарчае сховішча. У фасадзе прарубілі (!) шырачэзную браму для заезду транспарту, а вышэй выклалі вакно са шклоблокаў... Загадка, чаму ў 1990-я каталікі не вярнулі сабе храм. Магчыма, праз дэмаграфію: маліцца асабліва не было б каму, а грошы на аднаўленне — вялікія.
З усяго нашага гайду гэты касцёл, а таксама брама, рэшткі агароджы, пахаванні, гаспадарчыя будынкі, у найбольш крытычным стане. Даху няма, а па фасадзе і сценах ідуць трэшчыны. Колькі яшчэ прастаіць святыня — невядома.
6. Лыскава. Апошнія гады Францішка Карпінскага
Намінальна вёска адносіцца да Пружанскага раёна, але гэта гістарычная Ваўкавышчына. Цэнтральны пункт — велічны барочны касцёл Св. Тройцы XVIII ст. Службаў тут няма, уваход зачынены, а са сценаў часам падаюць вялікія ажурныя чырвоныя цагліны.
Побач з храмам дзіўная магіла: нібы вясковая хатка, крытая дахоўкай. На ёй медальён з партрэтам і надпіс: Oto mój dom ubogi. Тут ляжыць Францішак Карпінскі, вядомы польскі паэт пералому XVIII–XIX стст. Пад канец жыцця Карпінскі набыў маёнтак на Ваўкавышчыне і пераехаў сюды пісаць мемуары. Таксама — настаўнічаў у мясцовай школе.
Kiedy ranne wstają zorze,
Tobie ziemia, Tobie morze,
Tobie śpiewa żywioł wszelki,
Bądź pochwalon, Boże wielki!..
Гэтыя радкі просценькай песні прынеслі Карпінскаму народную любоў і славу. «Ранішнюю песню» добра ведалі не толькі ў Польшчы, але і ў нас. Упершыню яна была выкананая на сконе Рэчы Паспалітай, на пачатку 1790-х у Беластоку, але дажыла да сярэдзіны ХХ ст.: у ГУЛАГу з яе пачыналі дзень вязні-палякі, у тым ліку з Заходняй Беларусі. Карпінскі памёр у 1825 годзе ў сваім маёнтку, пахаваны ў Лыскава. Праз стагоддзі магіла ацалела адно цудам. Магчыма, перажыве і касцёл...
Алесь Кіркевіч, фота прадстаўленыя аўтарам, budzma.org