У Мінску прэзентавалі пасмяротную кнігу Змітра Саўкі "Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы".
"Вельмі важна, што гэтая імпрэза адбываецца ў музеі Максіма Багдановіча, — кажа даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка. — Чатыры гады таму тут ладзілася апошняе мерапрыемства, прысвечанае эмігранцкай літаратуры, і Зміцер Саўка выступаў на ім".
Наталля Гардзіенка
"Для нас вельмі важна, што кніга выйшла ў нашай серыі, — кажа кіраўніца Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская. — Зміцер пачаў працаваць над кнігай у 1997 годзе па просьбе Беларуска-амерыканскага задзіночання. Але ўвесь час дапаўняў тэкст, дапрацоўваў яго — быў сапраўдным перфекцыяністам. Цяпер мы маем кнігу на 600 старонак — 50-гадовы летапіс арганізацыі, якая запачаткавала "беларускі свет" і сябры якой у часы "жалезнай заслоны" з надзеяй глядзелі на Беларусь".
Алена Макоўская
На прэзентацыі сабраліся шматлікія сябры і паплечнікі Змітра Саўкі.
"Шкада, што ў беларускім грамадстве няма пераемнасці пакаленняў, — кажа мастак Артур Клінаў, школьны сябра Змітра. — Нашае грамадства нагадвае пясочны гадзіннік: прайшло адно пакаленне і знікла разам са сваімі героямі. На маю думку, Зміцер мусіў быць адным з такіх флагманаў уласнага пакалення, мусіў мець сваю школу і вучняў. Я называў яго акадэмікам, бо пры іншай сітуацыі ў краіне Зміцер меў бы гэты статус".
Артур Клінаў
Калега Змітра Саўкі па Лінгвістычным універсітэце Вольга Калацкая згадвае, як яго "сышлі" з універсітэта за "прагулы", якіх не было. Спадару Саўку давялося дасылаць заяву "па ўласным" факсам з Нью-Ёрка.
Вольга Калацкая
"Ён быў фанатыкам сваёй справы, — кажа спадарыня Вольга. — Калі нехта яго "чапляў" па пытаннях класічнага беларускага правапісу, Зміцер грымеў на ўвесь квартал".
"Зміцер змог растрэсці гэты Лінгвістычны, у якім беларушчынай і не пахла ніколі, — расказвае паплечніца Саўкі Вольга Барысенка. — Столькі студэнтаў дзякуючы яму захапілася беларускай ідэяй. Ён умеў расказваць пра словаўтварэнне так, што гэта ператваралася ў феерыю. Умеў з глабальнага зрабіць звычайнае і ўбачыць у будзённым важнае. Калі казаць пра ўласную школу, то ў Змітра яна ёсць — нашыя студэнты проста ўсюды".
Вольга Барысенка
"Выхад кнігі пра Беларуска-амерыканскае задзіночанне — гэта вялікая радасць, асабліва для людзей, якія там апісваюцца. — кажа Ала Кузніцкая. — Калі я пераехала ў Нью-Ёрк, пазнаёмілася з дыяспарай, пачула, што ўсе гэтыя людзі размаўляюць па-беларуску, то адчула, што гэтыя людзі — мая сям'я. Тыя самыя людзі, якіх мы, выкладаючы ў школе, называлі "здраднікамі Радзімы". Для дыяспары кніга Змітра вельмі важная, бо гэтыя людзі жылі і жывуць марамі пра Беларусь, але ўсё адно баяцца, што іх тут лічаць здраднікамі".
Ала Кузніцкая
"Кніга ўся прасякнутая эмоцыяй, асабістымі адчуваннямі, — кажа мовазнаўца Настасся Мацяш. — Гэта кніга не пра арганізацыю як калектыўную дзейнасць, яна пра асобаў. Гэта людзі моцныя, мэтаскіраваныя, якія пры ўсіх унутраных расколах і падзелах займаюцца неверагоднай па маштабах дзейнасцю — на Беларускі фестываль у Нью-Джэрсі было прададзена 5000 квіткоў, там выступіла 160 артыстаў, спецыяльна для фестывалю была створаная тысяча талерак з Пагоняй".
Настасся Мацяш
Мовазнаўца Вінцук Вячорка ўспамінае, як Зміцер Саўка, Артур Клінаў і Лявон Юрэвіч яшчэ ўжо ў 80-я вывучалі заходнебеларускія выданні, фатаграфавалі іх і распаўсюджвалі самвыдатам.
Вінцук Вячорка
"У кніжцы, выхад якой мы сёння адзначаем, ёсць не толькі Зміцер-даследчык, але і Зміцер-лінгвіст, — кажа спадар Вінцук. — Паспеўшы толькі пагартаць яе, я ўжо зрабіў для сябе адкрыццё. Чаму беларуская дыяспара называе Беларусь Бацькаўшчына, а не Радзіма? Бо "Радзіма" ў савецкім сэнсе — гэта СССР, і вяртанне на Радзіму можа быць вяртаннем у Сібір, якая таксама лічыцца часткай Радзімы".
"Са Змітром мы пазнаёміліся ў 90-я, а калі ствараўся "Белсат", я запрасіў яго заняцца моўнай службай канала, — кажа намеснік дырэктара тэлеканала Аляксей Дзікавіцкі. — Ёсць "наркамаўка", ёсць "тарашкевіца", а мову Змітра мы называем "саўкаўка". І штодня каля мільёна чалавек слухае гэтую мову".
Аляксей Дзікавіцкі
Па словах сына Змітра Саўкі Уладзя, сёлета мусіць выйсці яшчэ адна праца знанага лінгвіста — ягоная дысертацыя.
Уладзь Саўка
"Зміцер казаў: "Жыццё даўгое, я ўсё паспею", — кажа Наталля Гардзіенка. — Атрымалася не так. Але ёсць сапраўдны запавет ад Змітра: "Канцэнтруйся і рабі тое, што можаш зрабіць толькі ты".
Таксама падчас прэзентацыі Прэмiю БIНIМа за даследаваннi i тэксты пра беларускую эмiграцыю (якую раней атрымаў Зміцер Саўка) уручылі даследчыку літаратуры Ціхану Чарнякевічу
Фота – Аляксандр Кісялёў