Акрытай лекцыяй і інтэнсіўным майстар-класам па працы з Вікіпедыяй адзначыла Дзень ведаў моладзевая арганізацыя “Фаланстэр” сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно, супольнасцю Kinaklub.org, а таксама з актыўнымі рэдактарамі Вікіпедыі.
“Фаланстэр” — арганізацыя, якая ўжо не першы год займаецца развіццём грамадскіх суполак праз сацыяльную, культурную і асветніцкую дзейнасць. Drupal-клуб, Лінуксоўкі, Турнір Нефармалаў, Смачная Творчасць, Дапаможнік раварыста — далёка не поўны пералік праектаў, распачатых хлопцамі і дзяўчатамі. Вікіфікацыя — адзін з іх.
“Мы ў “Фаланстэры” працуем з супольнасцямі, але ў той жа час мы таксама супольнасць, якая мае сваю ідэалогію, і гэтая ідэалогія поўнасцю супадае з вікі-прынцыпамі, — распавяла мадэратар сустрэчы Святлана Ермаковіч з “Фаланстэра”. — Вікіпедыя — гэта адкрыты праект, open source, створаны людзьмі для людзей, для агульнага карыстання. Для нас важна данесці як мага больш інфармацыі, паказаць людзям, што яны самі ў стане развівацца, напрыклад, рабіць артыкулы.
Увогуле, калі шмат людзей пачынае рабіць штосьці, нават на ўзроўні пад’езда — іх жыццё змяняецца”.
Па словах Міхася Волчака, аднаго з заснавальнікаў праекта, асноўныя мэты Вікіфікацыі — развіццё беларускай мовы і беларускай культуры. На дадзены момант ужо шмат зроблена — праводзіўся шэраг адукацыйных мерапрыемстваў, сярод якіх майстар-класы па працы з Вікіпедыяй у Гародні, аграгарадку Бакшні, удзел у міжнародных сустрэчах і канферэнцыях і інш.
Наступным этапам у развіцці беларускай Вікіпедыі павінны стаць “Дапаможнік вікіпедыста” — спецыяльнае выданне ў папяровым, электронным і вікі-выглядзе, у якім будуць сістэматызаваныя веды пра карыстанне Вікіпедыяй у простай і зразумелай для большасці форме. Такім чынам, яшчэ больш людзей зможа ўзяць удзел у развіцці беларускамоўных раздзелаў анлайн-энцыклапедыі.
“Як паказала вікіапытанне, якое “Фаланстэр” праводзіў мінулай восенню, — кажа Міхась, — шмат карыстальнікаў Вікіпедыі не супраць больш удзельнічаць у стварэнні артыкулаў, але маюць тэхнічны бар’ер. Таму мы і вырашылі выпусціць дапаможнік. Прычым абавязкова талакой, бо гэта яшчэ адна нагода прыцягнуць як мага больш людзей да развіцця беларускамоўных ведаў і культуры. Цяпер на папулярнай платформе для краўдфандынгу агульнымі намаганнямі сабрана ўжо 58% адсоткаў патрэбнай сумы”
Падчас сустрэчы размова ішла не толькі пра “Дапаможнік вікіпедыста”. Разам са Святланай прысутныя шукалі адказы на пытанні, чаму сучасныя веды патрабуюць новай арганізацыі, якім чынам Вікіпедыя можа быць карыснай музеям, бібліятэкам, школам, і ўвогуле разбіраліся са значэннем тэрміна “вікіфікацыя”. Паразмаўлялі пра сястрынскія праекты Вікіпедыі і інш. З дапамогай Ліны Мядзведзевай, прадстаўніцы супольнасці Kinaklub.org, на прыкладзе матэрыялу пра фільм В. Турава “Праз могілкі”абмеркавалі, як размясціць на Вікіпедыі свой першы артыкул.
Безумоўна, на сустрэчы прысутнічалі вікіпедысты. Як вядома, у беларускай версіі два варыянты стварэння артыкулаў — на тарашкевіцы і на акадэмічным варыянце правапісу. Прадстаўнікі абедзвюх плыняў запэўнілі, што ніякай канфрантацыі паміж імі няма, а спрэчкі і сваркі калі і здараюцца, то паміж асобнымі людзьмі.
“Да таго як стаць вікіпедыстам, я ўжо валодаў навыкамі выпраўлення мелкіх памылак, рэдагавання дробных артыкулаў. Але канчаткова зарэгістраваўся сем год таму, у дзень смерці Салжыніцына. Быў такі ўзрушаны, што пераклаў велічэзны артыкул з рускай мовы, — дзеліцца сваёй вікі-гісторыяй вікіпедыст Раман Renessaince, 35 гадоў, праграміст, на рахунку якога хутка будзе 3000 артыкулаў. — Калісьці проста была мара — магчымасць знаходзіць у інтэрнэце любую інфармацыю па-беларуску. Тарашкевіцай карыстаюся даўно. Як на мяне, яна лепш перадае фанетыку беларускай мовы. Хаця цяпер праўлю артыкулы і на тарашкевіцы, і на расійскай, польскай, украінскай мовах. Безумоўна, было б вельмі добра, калі б існаваў адзін варыянт беларускай Вікі, але на дадзены момант гэта вельмі складанае пытанне. Яно тычыцца артыкулаў, якія ёсць у двух раздзелах, але розныя па змесце. Зляпіць іх у адзін фізічна немагчыма. Таму калі абмяркоўваем аб’яднанне — гаворым пра адзін сайт, але два варыянты правапісу. Напрыклад, як у сербскай Вікі, дзе на адным сайце прадстаўленыя кірылічны і лацінскі правапісы. Але для мяне асабіста галоўныя ўсё ж такі вынікі: да падзелу беларускай Вікіпедыі было 6 тыс. артыкулаў, цяпер, разам з наркамаўкай і тарашкевіцай, іх больш за 150 тыс. Развіваемся, а гэта галоўнае. Чым болей будзе беларускай мовы, тым лепш”.
У Максіма (41 год, галоўны бухгалтар) на рахунку каля 2,5 тыс артыкулаў, карыстаецца акадэмічным варыянтам правапісу, свая гісторыя: “Калі распачынаў гэту справу, 10 гадоў таму — было вельмі складана знайсці што-небудзь па-беларуску. Вось тады і прыйшло разуменне, што каб знайсці артыкулы ў сеціве, трэба самому пачаць іх ствараць. Таму на сённяшні дзень, калі вы нешта шукаеце па беларуску — хаця б пару радкоў, — абавязкова знойдзеце. Але мова, як і раней, у такім стане, што яе трэба прасоўваць. Цяперашняе маладое пакаленне беларусаў, калі не знойдзе нават элементарных рэчаў па-беларуску, увогуле кіне шукаць і не будзе карыстацца мовай. На дадзены момант Вікіпедыя — адзін з самых цытаваных сайтаў. Вікіпедыстаў у нас насамрэч не нашмат болей, чым напачатку. Калі 5-6 гадоў таму пастаянных удзельнікаў было 6-7 чалавек, цяпер вельмі актыўных — 15-17. А вось наведвальнасць узрасла — калісьці мы пачыналі з мільёна наведванняў у месяц, а вось у гэтым ліпені зафіксавалі 10 млн. А ўвогуле правапісаў шмат, разам на іх ствараць немагчыма. Калі частка артыкула будзе створаная на тарашкевіцы, частка — на наркамаўцы ці дзеясловіцы — такім артыкулам немагчыма будзе карыстацца. Але ж шмат правапісаў адной мовы — гэта нармальная сусветная практыка. Напрыклад, існуюць вікіпедыі літоўская і жамойцкая, латвійскія і латгальская і інш.”.
Вось такія веды па Вікіпедыі можна было атрымаць на Дзень ведаў. Атрымліваецца, рэдагаваць артыкулы ў Вікіпедыі, а таксама ствараць уласныя можа любы ахвочы. Трэба толькі зразумець галоўныя і зусім не складаныя тэхнічныя прынцыпы. Калі вас ужо зацікавіла вікі-справа і вы маеце жаданне прыкласці руку да стварэння артыкулаў па-беларуску — калі ласка, звяртайцеся ў “Фаланстэр”, там вам абавязкова дапамогуць добрай парадай. І, безумоўна, вы ўжо цяпер можаце спрычыніцца да добрай справы і паўдзельнічаць у стварэнні “Вікі-дапаможніка”. Развіццё беларускай мовы і культуры — у руках кожнага. І, як вынікае, не такая ўжо і складаная справа, калі рабіць яе разам.
Тэкст: Аляксандра Дварэцкая
Фота: Юля Сінатарава